“Беларускі рэлігійны друк на Захадзе”: новае выданне БІНіМу

ВІНІМ“Беларускі рэлігійны друк на Захадзе” – гэтак называецца 900-старонкавая кніга, што выйшла нядаўна ў слыннай серыі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. У ёй падрабязна разгледжаны ўсе рэлігійныя перыёдыкі, якія выдаваліся беларускімі суполкамі на эміграцыі ад 1945 па 2005 год. “Піянерскім, грунтоўным і своечасовым” назваў гэтае даследаванне кіраўнік БІНіМу Вітаўт Кіпель.

Сёння нашым госцем – аўтар манаграфіі Юрась Гарбінскі.

Міхась Скобла

Міхась Скобла: “Юрась, часавыя межы вашага даследавання ахопліваюць 60 гадоў, пачынаючы з 1945 году. Давайце вернемся ў тыя паваенныя гады. Нямеччына капітулявала, яна падзеленая на саюзніцкія акупацыйныя зоны. І ў гэтых зонах, у лагерах для перамешчаных асобаў выходзіць амаль паўсотні беларускіх перыядычных выданняў! Чым вы можаце патлумачыць гэткі, як сёння сказалі б, выдавецкі бум?”

Юрась Гарбінскі
Юрась Гарбінскі: “Так, у лагерах ДП у Нямеччыне (1945–1951) выходзілі каля 100 перыёдыкаў. Іх тэматычны профіль быў дастаткова шырокі: грамадзка-палітычныя, рэлігійныя, моладзева-скаўцкія, літаратурныя і г.д. Гэта сапраўды быў “выдавецкі бум”. Ён быў абумоўлены некалькімі чыннікамі. Па-першае, перыядычны друк выконваў аб’яднаўчую функцыю і садзейнічаў справе арганізацыі грамадзка-палітычнага, рэлігійнага, ды наогул нацыянальнага жыцця на Захадзе. Па-другое, і ў перыд лагераў ДП, і пазней, газеты і часопісы прадстаўлялі ўласнабеларускі погляд на розныя палітычныя і рэлігійныя праблемы, якіх на эміграцыі хапала. А яшчэ, як згадвае доктар Янка Запруднік, кожнаму карцела нешта сказаць-напісаць, кожны лічыў сябе кампетэнтным, каб выдаваць “свой” перыёдык. Таму і рэдактарска-карэктарскі ўзровень большасьці тых выданняў быў, мякка кажучы, невысокі. Зразумела, што такія перыёдыкі не вытрымлівалі праверкі часам, іх “жыццё” нярэдка спынялася на 1-м, 2-м, 3-м нумарах”. Скобла: “Але былі і сур’ёзныя выданні. Мне ў свой час давялося працаваць з часопісам “Сакавік”, які выходзіў у лягеры для перамешчаных асобаў у Остэргофэне, з часопісам “Моладзь”, які выдаваўся ў Парыжы. Яны мелі вельмі прыстойны літаратурны ўзровень. А якія друкі, апрача названых, маглі б прынесьці карысць сучасным даследчыкам эміграцыі?”Гарбінскі: “Па-сапраўднаму, на мікра- і макра- ўзроўнях беларускі эміграцыйны друк яшчэ нядаўна не разглядаўся – ні на эміграцыі, ні ў Беларусі. Але сёння можна цешыцца: выйшла грунтоўнае крыніцазнаўчае даследаванне беларускага даследчыка зь Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча пра газэты “Бацькаўшчына” і “Беларус”, убачыла свет кніга Янкі Запрудніка “Дванаццатка”, у якой шырока асвятляецца гісторыя эміграцыйнага моладзевага выдання “Наперад”. Перавыдадзеныя выбраныя матэрыялы беларускага часопісу “Моладзь”, што выходзіў у Парыжы… Я ж лічу, што даўно наспела патрэба звярнуць увагу на адно з найбольш папулярных выданняў беларускай дыяспары на Захадзе – часапіс “Божым шляхам”. І ў гэтым кірунку ўжо пэўныя захады распачатыя.Не меншай увагі заслугоўваюць таксама рэлігійныя часапісы – “Зьніч”, “Голас царквы”, “Сьветач Хрыстовае навукі”, “Царкоўны сьветач” ды інш. Гэта – калі гаварыць пра рэлігійныя выданні. А вазьміце свецкую перыёдыку. Да прыкладу, таронтаўскі “Зважай” Кастуся Акулы, або той жа “Полацак”, што выдаваў Міхась Белямук у Кліўлендзе. Карацей кажучы, маем справу з адвечнай беларускай праблемай – жніва многа, але працаўнікоў мала. А яшчэ ж трэба ратавацца ад прафанацыі, якая апошнім часам загасьціла ў працах некаторых “вялікіх спэцыялістаў” па эміграцыі, якія гуляюць у “першаадкрывальнікаў” і “абаронцаў”.Скобла: “Рэлігійнае жыцьцё беларускай эміграцыі пасьля вайны было даволі складаным. Варта прыгадаць толькі адзін факт: калі ўсе беларускія епіскапы ў 1946 годзе перайшлі ў юрысдыкцыю Расейскай праваслаўнай зарубежнай царквы – фактычна кінулі сваю паству. Як гэта адбівалася на рэдакцыйна-выдавецкім працэсе?”Гарбінскі: “Адна з самых вялікіх праблемаў усіх канфесіяў – недахоп духавенства, святарства. Пераход беларускіх епіскапаў у Расейскую праваслаўную зарубежную царкву спрычыніўся да рэлігійнага і палітычнага падзелу беларускай эміграцыі. Гэтыя падзелы забралі шмат сілаў, творчай энергіі, якія маглі б у іншай сітуацыі значна ўзмацніць беларускую дыяспару. На вялікі жаль, сталася – як сталася. Безумоўна, усё гэта не магло не адбіцца на рэдакцыйна-выдавецкім працэсе. Толькі адзін прыклад – праваслаўны часопіс “Зьвіняць званы сьвятой Сафіі”. Гэтае выданне былыя беларускія епіскапы спрабавалі выкарыстаць інструментальна, у пэўных, далёка не беларускіх, мэтах. На шчасце, рэдактар часопісу Юрка Віцьбіч не дазволіў гэтага зрабіць, што ў далейшым прывяло да спынення выдання”. Скобла: “Якія наклады мелі першыя паваенныя эміграцыйныя перыёдыкі, і які быў арэал іхняга распаўсюду?”Гарбінскі: “Наклады ў перыяд лагераў ДП былі невялікія, пераважна ад 100 да 250-300 асобнікаў, а некаторыя выданні, пераважна рукапісныя, наогул выходзілі адным-двума асобнікамі і, звычайна, распаўсюджваліся ў межах канкрэтнага лагеру. Пасля рассялення паваеннай хвалі беларускай эміграцыі па свеце заўважаецца павелічэнне колькасці перыёдыкаў, якія выходзілі стабільна. Заўважаецца і рост накладаў – ад 200 да да 500, 700 і нават 1000. Калі гаварыць пра кальпартаж і прастору распаўсюду, то ў першыя паваенныя гады яна абмяжоўваліся межамі той або іншай акупацыйнай зоны. Пазней гэтая прастора пашыралася да межаў краіны далейшага пасялення беларусаў, дзе закладваліся кальпартэрскія пункты і мэтанакіравана працавалі канкрэтныя асобы, прыхільнікі беларускага друкаванага слова. У гэтым плане пальму першынства трымалі часапісы “Божым шляхам”, “Зьніч” і “Голас царквы”. Скобла: “Якія канфесіі вызначаліся найбольшай актыўнасцю ў выданні друкаванай прадукцыі?”Гарбінскі: “Было б несправядліва вызначаць больш і менш актыўных прадстаўнікоў той ці іншай канфесіі. Аналіз рэлігійнай перыёдыкі беларускай дыяспары на Захадзе дазволіў зафіксаваць колькасную перавагу праваслаўных выданняў над каталіцкімі і пратэстанцкімі, што трэба суадносіць з колькасьцю праваслаўных вернікаў-беларусаў, а таксама браць пад увагу актыўную дзейнасць беларускіх праваслаўных царкоўна-адміністрацыйных структураў. Але, з другога боку, каталіцкія выданні мелі значную перавагу перад праваслаўнымі і пратэстанцкімі па колькасці выдадзеных нумароў. Гэта трэба звязваць з тым, што беларускі каталіцкі друк на Захадзе ў 1950–1980-я гады выходзіў больш стабільна і перыядычна. Тут можна згадаць, зноў жа, часопісы “Божым шляхам” і “Зьніч”.Скобла: “У даваеннай Вільні шырока выкарыстоўваліся два альфабэты – кірылічны і лацінка. Ці працягвалася гэткая практыка на эміграцыі?”Гарбінскі: “І на эміграцыі першапачаткова поруч з кірылічным альфабэтам выкарыстоўвалася лацінка. Але пасля Другой усясветнай вайны яна немела шырокага распаўсюду. Бо толькі кірыліца, як прыгадвае доктар Вітаўт Кіпель, паваеннай эміграцыяй успрымалася як “свой шрыфт”. Што да выданняў з лацінічным шрыфтам, то іх выдавалі пераважна каталіцкія святары і свецкія дзеячы. Многія з іх лічылі, што дзякуючы лацінцы ўдасца паразумецца са старой беларускай эміграцыяй, вярнуць яе ў беларускі незалежніцкі рух. Але так не сталася”. Скобла: “Вашая манаграфія ўлучае ў сябе і 14 гадоў незалежнасці Беларусі. Як бы вы ахарактарызавалі гэты перыяд у гісторыі выдавецкай справы на Захадзе? Ці з'явіліся, скажам, за апошнія 20 гадоў новыя выданні на Захадзе?”Гарбінскі: “Са свецкіх перыёдыкаў, якія выйшлі пасля 1991 году, адзначу цікавы, хоць шмат у чым контраверсійны часопіс “Полацак”, які ў Кліўлендзе выдаваў Міхась Белямук. З рэлігійных выданняў варта прыгадаць перыёдык “Навіны з роднае святыні”, які заініцыяваў і выдае Барыс Данілюк. Дарэчы, ён пасля распаду Савецкага Саюзу стараўся прыцягнуць да супрацоўніцтва ў часопісе “Царкоўны пасланец” і аўтараў з Беларусі. На жаль, гэтыя старанні не прынеслі вялікіх вынікаў. У Лондане пры падтрымцы айца Аляксандра Надсана беларуская моладзевая грамада ў 2000–2006 гадах выдавала перыёдык “Наша місія”. Вось, бадай, і ўсё. За апошнія 15–20 гадоў заўважаецца значнае змяншэнне колькасці беларускіх выданняў – адны спыняюць сваё існаванне, паасобныя пераходзяць на ангельскую мову. І гэта трэба ўважаць за непазбежны ды аб’ектыўны працэс.Скобла: “У менскіх бібліятэках, нават у найбуйнейшых – Акадэмічнай і Нацыянальнай – няпоўныя камплекты эмігранцкіх перыёдыкаў. Ці ёсць нейкая бібліятэка на свеце, дзе з гэтым поўны парадак?”Гарбінскі: “Так, ёсць – гэта Нью-Ёркская публічная бібліятэка. Там знаходзіцца найбольш камплектны на сёння збор эміграцыйнага беларускага друку, што ўваходзіць у калекцыю беларускіх друкаў Зоры й Вітаўта Кіпеляў. Яна, дарэчы, старанна збіралася звыш 30-ці гадоў. Мая праца якраз і абапіраецца на гэтую Кіпелеўскую калекцыю”.Скобла: “І апошняе пытанне. У вашай манаграфіі – 900 старонак унікальнай інфармацыі, сотні рэдкіх ілюстрацый. Абсяг працы выкананы каласальны. Якія інстытуцыі дапамагалі вам у вашай працы?”Гарбінскі: “Пры падрыхтоўцы гэтай працы мне дапамагалі як інстытуцыі, так і канкрэтныя асобы. З інстытуцыяў, у першую чаргу, назаву Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Дарэчы, БІНІМ быў базавай установай, дзе мая кніга рыхтавалася, абмяркоўвалася і выдавалася. А сам выдавецкі праект быў звязаны яшчэ з дзьвюма навуковымі ўстановамі – Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі навук і кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсітэту. Не менш важную дапамогу аказалі мне ўлады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і беларускіх праваслаўных парафіяў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага Патрыярхату, якія дазволілі максімальна выкарыстаць царкоўныя архівы. Паспрыялі таксама Фундацыя Пётры Крэчэўскага ў Нью- Ёрку і дзеячы БЦР у Саўт-Рыверы, дазволіўшы скарыстаць з іх архіўных збораў. Ну і, бясспрэчна, Славянска-Балцкі аддзел Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, дзе здэпанаваная згаданая калекцыя Зоры й Вітаўта Кіпеляў, у тым ліку эміграцыйная перыёдыка.Акрамя інстытуцыяў вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы манаграфіі аказалі таксама і канкрэтныя асобы. Гэта перадусім супрацоўнікі БІНІМу – доктар Вітаўт Кіпель, доктар Янка Запруднік і доктар Лявон Юрэвіч”.

Радыё Свабода. Перадача серыі “Вольная студыя”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение