БНР задумлялася і тут

Гісторыя Тартускага ўніверсітэта (Эстонія) пачынаецца з 1632 года, але мала хто ведае што з яго сцен вышлі кіраўнік ураду Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч, прэзідэнт Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі і іншыя палітычныя, грамадскія і культурныя дзеячы.Ад 1896 да 1918 г. у Тартускім універсітэце вучылася 245 беларускіх студэнтаў.Першыя беларускія зямляцтвы не мелі рэгістрацыі і дзейнічалі сакрэтна, таму што студэнцкія карпарацыі былі забароненыя. І усё ж, да канца ХІХ стагоддзя былі створаныя па тэрытарыяльнай прыкмеце Мінскае, Магілёўскае і Чарнігаўскае беларускія зямляцтвы. Галоўнай аб'яднаўчай іх сілай былі сацыяльна-палітычныя пытанні.У архівах жандармерыі захаваліся некалькі імёнаў актыўных беларускіх студэнтаў — удзельнікаў студэнцкага руху ў Тарту. Імі былі — студэнт юрыдычнага факультэта Сяргей Наркевіч, прадстаўнік Мінскага зямляцтва ў «Аб'яднанай радзе дэрпцкіх (тартускіх) аб'яднаных зямляцтваў і арганізацый». Па дадзеных жандармерыі ўвосень 1901 і ў пачатку 1902 гадоў на яго кватэры праходзілі паседжанні «Аб'яднанай рады».Другі студэнт юрыдычнага факультэта Сямён Іллін, прадстаўнік Магілёўскага зямляцтва, актыўна ўдзельнічаў у выданні бюлетэняў «Аб'яднанай рады», а таксама займаўся распаўсюджваннем забароненых твораў Талстога і Горкага.Па некаторых дадзеных у Аб'яднаную раду ўваходзіў і студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Мікалай Несцяровіч, таксама прадстаўнік Магілёўскага зямляцтва. Усіх траіх часова адлічвалі з універсітэта па абвінавачванні ва ўдзеле ў студэнцкіх хваляваннях 1900—1902 гадоў і ўдзеле ў сакрэтных студэнцкіх арганізацыях.Актывістам студэнцкага руху тых гадоў быў таксама студэнт ветэрынарнага інстытута, а ў наступным выбітны беларускі грамадскі, культурны і палітычны дзеяч, пісьменнік Язэп Дыла. Ён, разам з Сяргеем Наркевічам быў прадстаўніком Мінскага зямляцтва ў «Аб'яднанай радзе дэрпцкіх (тартускіх) аб'яднаных зямляцтваў і арганізацый».Язэп Дыла будзе арыштаваны НКВД у 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і на 10 гадоў пазбаўлены волі.Пасля рэвалюцыі 1905 г. сярод беларускіх студэнтаў дамінавала цікавасць да пытанняў нацыянальнага адраджэння. Можна зрабіць высновы, што абмежаваная па сваім характары дзейнасць афіцыйна зарэгістраваных беларускіх зямляцтваў не задавальняла значную большасць беларускіх студэнтаў, і ў канцы першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя яны стварылі сваё нелегальнае аб'яднанне.Таму актыўнасць гэтага аб'яднання не асвятляецца ў афіцыйных дакументах і дадзеныя аб ім вельмі абмежаваныя. Нелегальнае беларускае студэнцкае аб’яднанне супрацоўнічала з беларускай газетай «Наша Ніва», таму гэтае аб’яднанне прынята зваць «Нашаніўскім» студэнцкім аб’яднаннем Тартускага ўніверсітэта.Яшчэ ў 1906 г. у Тарту з'явілася нелегальная нацыянальная група студэнтаў-беларусаў на чале з Хведарам Імшэннікам (у 1931 г. быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі). У тыя гады беларускае аб’яднанне было невялікім — налічала парадку 20—25 чалавек.Галоўную сваю задачу чальцы таварыства бачылі ў аб'яднанні беларускіх студэнтаў Тартускага ўніверсітэта вакол нацыянальнай ідэі. Студэнты таварыства цесна супрацоўнічалі з газетай «Наша Ніва» (Х. Імшэльнік і М. Прытульнік былі пазней супрацоўнікамі рэдакцыі газеты), са студэнцкімі арганізацыямі іншых нацыянальнасцяў.Дзякуючы сваёй актыўнай нацыянальнай пазіцыі сябры беларускага таварыства змаглі прыцягнуць на свой бок уплывовага ў асяроддзі мясцовых расійскіх сацыялістаў Усевалада Ігнатоўскага, будучага першага прэзідэнта Беларускай Акадэміі Навук, які спачатку скептычна ставіўся да беларускай справы. Паступова ўсведамляючы сябе беларусам, Ігнатоўскі уключаецца ў нацыянальную справу.Першай яго беларускай справай стаў віншавальны ліст, які ён склаў разам з сябрамі з беларускай карпарацыі на адрас рэдакцыі «Нашай Нівы» у лістападзе 1909 г. з нагоды трэцяй гадавіны дзейнасці газеты:«Закінутыя сюды, на чужыну, з грудзі мацеры нашай Беларусі, мы Студэнты Юр’еўскага Універсітэту ў чацвёрты год жыцця роднай і мілай газеткі «Нашай Нівы», шлём усім супрацоўнікам нашае найгарачэйшае прывітанне. Няхай вашай працай шырыцца свет навукі, няхай цёмныя хмары згінуць хутчэй і няхай светлае сонейка навукі шчыра абліе родную старонку нашу — Беларусь. Няхай гэты свет навукі дойдзе і да тых, хто затрымліваюць вашу працу і няхай і яны пазнаюць, што працуеце вы дзеля лепшай долі і шчасця нашага роднага народа. Гісторыя добрым словам успамінае тых, хто шчыра і карысна працаваў дзеля лепшай долі народа. Працуйце! Мы, колькі будзе сіл, падтрымаем вас у вашай культурнай працы.Хведар Імшэннік, Мікалай Прытульнік, Усевалад Ігнатоўскі, Мікалай Балабушэвіч, Васіль Друшчыц, Віктар Бегаловіч, Аляксей Пухнарэвіч, Барыс Ліхачэускі, Грыгор Сухецкі, Васіль Вершук, Віктар Вяхіроу, Ляшчук.»Менавіта Ігнатоўскаму належыць выраз «Вучыць беларуса трэба на беларускай мове». У 1931 г. ён быў арыштаваны ГПУ па справе аб «нацыянальна-дэмакратычнай контррэвалюцыі» і загінуў падчас допытаў.Васіль Дружыц разам з старшынём Мінскага зямляцтва Віктарам Вахіравым былі сярод заснавальнікаў Карпарацыі студэнтаў гісторыка-філалагічнага факультэта Тартускага ўніверсітэта. У 1937 Васіль Дружыц будзе арыштаваны і расстраляны НКВД. Пасля рэвалюцыі 1905—1907 г. студэнцкія арганізацыі легалізавалі. У перыяд ад 1906 да 1908 г. было зарэгістравана 43 студэнцкія карпарацыі пры Тартускім універсітэце.16 лістапада 1907 г. загадам Савету прафесуры ўніверсітэта былі зацверджаныя статуты Мінскага і Віленскага беларускіх зямляцтваў.У кастрычніку 1910 г. на юрыдычны факультэт Тартускага ўніверсітэта паступае Антон Луцкевіч, будучы кіраўнік ураду БНР. Разам з ім вучацца Радаслаў Астроўскі, Язэп Санькоўскі і Сяргей Сахараў.Радаслаў Астроўскі ў 1944 г. стане кіраўніком Беларускай Цэнтральнай Рады. Сяргей Сахараў у 1945 будзе арыштаваны НКВД і асуджаны на 5 гадоў лагераў.Антон Луцкевіч у 1939 таксама будзе арыштаваны, асуджаны на 9 гадоў лагераў і памрэ ў саратаўскай турме.Выконваючы загад Рады Міністраў, рэктар Тартускага ўніверсітэта У.Аляксееў 14 студзеня 1911 г. забараняе ва ўніверсітэцкіх корпусах «студэнцкія зборы ненавуковага характару». Вінаватыя ў парушэнні адлічваюцца з універсітэта. Увесну 1911 г. Мінскае і Віленскае зямляцтвы спынілі існаванне. У 1916—1917 г. узнікае яшчэ некалькі карпарацый беларускіх студэнтаў. Сярод іх былі і Гомельскае, і Бабруйскае зямляцтвы, статуты якіх былі зацверджаныя Саветам прафесуры 3 снежня 1916 г. Пасля зацвярджэння статуту 24 лютага 1917 г. да іх далучылася і Віцебскае зямляцтва.Зараз у Тартускім універсітэце навучаецца тры беларускія студэнты, вядзецца праца па адраджэнні беларускай карпарацыі, якая мае больш як стогадовую гісторыю. А ў 2010 г. плануецца адкрыць на муры Тартускага універсітэту мемарыяльную дошку, на якой будуць пазначаныя імёны выбітных беларусаў, студэнтаў універсітэта.Ігар Случак, студэнт-юрыст Тартускага ўніверсітэта"Наша Ніва"