Статус спецзапрошанага вернуць пасля ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. (Онлайн са Страсбургу)

Нечаканае рашэнне на сесіі ПАРЕ ў Страсбургу: большасць Рады падтрымала папраўку Пургурыдэса. На слуханнях прысутнічалі дзве беларускія дэлегацыі. Афіцыйную ўзначальвае віцэ-спікер палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў, дэлегацыю ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні адзначыў прагрэс, які адбываецца апошнім часам у Беларусі.Як прыклад прывёў вызваленне дзевяці палітвязняў, легалізацыю трох газет («Наша Ніва», «Народная воля» і горацкі «Узгорак» — НН), а таксама стварэнне кансультацыйных радаў з удзелам апазіцыі. Ён прапанаваў вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанай. Свой выступ Рыгоні пачаў фразай: «Беларусь — гэта вынятак з правіл».Контрвыступ зрабіў былы спецдакладчык ад Беларусі кіпрыёт Хрыстас Пургурыдэс. Ён сфармуляваў альтэрнатыўную прапанову: вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанага, але толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.Ён адзначыў, што ў Беларусі хапае праблем: тыя ж палітвязні.Выступ Пургурыдэса сарваў апладысменты.
Андрэа Рыгоні, спецдакладчык па Беларусі.
Беларускі дэпутат Валер Іваноў расчараваны.
 
Дэпутат Тадэвуш Івіньскі ад Польшчы выказаўся, што Польшча зацікаўленая ў вяртанні Беларусі ў Еўропу.Дэпутат Мэўлют Кавашадлу ад Турцыі падтрымаў даклад Рыгоні. Але ён лічыць важным уключэнне ў парламенцкую групу апазіцыі. Успомніў рэгістрацыю Руху за Свабоду, а таксама вяртанне «НН» і «НВ» у дзяржаўную сістэму распаўсюду. Вялікім крокам ён назваў адкрыццё пункту Рады Еўропы у Мінску.Аляксей Лотман ад Адзіных еўрапейскіх левых сказаў, што даклад Рыгоні занадта аптымістычны. Тым не менш, па звестках Эмнэсці Інтэрнэшэнл у краіне налічваецца 11 палітвязняў. Сітуацыю ў Беларусі ён назваў «сціплым прагрэсам».Учора сп.Лотман сустракаўся з афіцыйнай дэлегацыяй, якая спрабавала яго запэўніць, што ў Беларусі квітнее дэмакратыя. Заклікаў захоўваць пільнасць.Выступіў спадар Фондэмора Аграмунцу (Іспанія) ад Народнікаў. Ён адразу павітаў дэпутата палаты прадстаўнікоў Валерыя Іванова і Анатоля Лябедзьку. Народнікі не маюць супольнага меркавання па пытанню Беларусі. Тым не менш ён хоча, каб Беларусь «перастала быць чорным пунктам, а стала белым». Адзначыў, што абсалютна ўсе еўрапейскія арганізацыі збліжаюцца з Беларуссю, і Рада Еўропы павінна таксама.Дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў быў адзіны, хто выступаў седзячы. Мусіць, хваляваўся.Валеры Іваноў кажа, што дэмакратызацыя — не лёгкі працэс. Тым не менш, ён кажа, што ёсць прагрэс. Прыводзіць усё тыя ж прыклады, што і Рыгоні. Вязняў сумлення назваў «асобы, якія разглядаліся ПАРЕ як палітвязні». Кажа, што можа быць уведзены мараторый на смяротнае пакаранне. «Шчыра спадзяецца», што сённяшняе рашэнне будзе накіраванае на будучыню.Сітуацыя для Беларусі добрая для пераменаў, заявіў у сваім выступе Анатоль Лябедзька.Але Еўропа і апазіцыя тут ні пры чым, вінаваты крызіс, мяркуе Лябедзька. Лідэр АГП не згодзен з тэрмінам «ізаляцыя», ён называе яго «самаізаляцыя». Успомніў пра Аўтуховіча.Звяртаецца да фракцыі сацыялістаў: «Як вы будзеце сябе адчуваць, калі гэты чалавек памрэ ў турме?». Вяртаючы статус парламенту, вы кансервуеце рэжым.Заля запоўненая на траціну, не больш.Выступае спадар Бетэй (Францыя). Узгадаў нерэгістрацыю БХД і «Нашай вясны». Тым не менш, лічыць, даклад Андрэа Рыгоні можна прыняць.Слуцкі ад Расіі. «Я хачу цалкам падтрымаць даклад Рыгоні». Мінск выконвае ўсе міжнародныя дэкларацыі, выконваюцца ўсе правы, лічыць ён. Маўляў, не Беларусь, а суцэльны рай на зямлі.Выступае спадарыня Гарачава, прадстаўніца расійскай апазіцыі. Яна супраць, каб беларускую апазіцыю ўключалі ў групу парламенту.Зноў выступае Рыгоні.«Лепшыя часы ў Беларусі могуць пачацца праз 30—40 гадоў. Я магчыма і дажыву, а вось мой калега Пургурыдэс наўрад ці»Вынік галасавання: большасць падтрымлівае рэзалюцыю, прапанаваную Рыгоні, але... з папраўкай Пургурыдэса. 159 галасоў за і толькі 2 супраць пры шэрагу тых, што ўстрымаліся. Статус спецзапрошанага Беларусі вернуць толькі пасля ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне.Зміцер Панкавец, Страсбург Наша Ніва