
21 чэрвеня некалькі сотняў чалавек ушанавалі на Павонскіх могілках у Варшаве 5-ю гадавіну смерці Яцка Кураня. Сярод іх - прадстаўнікі беларускай і літоўскай меншасці ў Польшчы.
“Маем 5-ю гадвіну смерці Яцка. Штогод студэнты ў Тэрэмісках арганізоўваюць такія сустрэчы ля магілы Яцка на Павонсках. І як Яцэк любіў - спяваем на ўсіх мовах, якія ведаем, па-польску, па-беларуску, па-украінску і іншых. І ўспамінаем яго. Запальваем свечкі, - гаворыць жонка Яцка Кураня Данута.
У гэтым годзе дзякуючы моладзі з Беластока на магіле Яцка Кораня прагучалі спевы і па-беларуску.
Як кожны год пры магіле мужа, Данута Курань расказвала што здарылася цягам году. ”Хочам такім чынам перадаць Яцку, што імкнемся выконваць ягоны запавет, змешчаны ў кнізе “Рэчыпаспаліта маіх унукаў”, менавіта таму спяваем на розных мовах і молімся паводле розных традыцыяў," - сказала спадарыня Данута. У гэтым годзе ўпакойную малітву на магіле Яцка Кураня адслужыў будыйскі манах.Яцэк Курань адзін з найболей вядомых актывістаў антыкамуністычнай апазіцыі ў ПНР з 60-ых гадоў. Быў сузаснавальнікам Камітэта Абароны Рабочых, неаднаразова быў арыштаваны і інтэрнаваны, агулам ў турмах адсядзеў 10 гадоў як палітвязень. У 1989 годзе ўдзельнічаў ў перамовах “Круглага стала”, які стаў паваротным момантам у польскай "перастройцы". Пасля 89 года быў дэпутатам у Сойме, міністрам працы і сацыяльнай абароны ва ўрадзе Ганны Сухоцкай, быў адным з лідэраў Дэмакратычнай партыі. Яцэк Курань быў таксама аўтарам закону аб нацыянальных меншасцях у Польшчы. Заўсёды стаяў на баку пакрыўджаных і неабароненых. Ягоныя сябры ўзгадваюць яго як вечнага змагара.
Паводле “Радыё Рацыя”