Манетны двор Славакіі адчаканіў узоры беларускіх манет

На Манетным двары ў славацкім горадзе Крэмніца адчаканены ўзоры беларускіх манет. Пра гэта паведаміў кіраўнічы дырэктар Манетнага двара Уласціміл Калінец. Паводле інфармацыі БелаПАН, афіцыйнага заказу на чаканку абаротных беларускіх манет на Манетным двары Славакіі з боку Нацыянальнага банка Беларусі не было. Размова ідзе толькі аб ініцыятыве самога манетнага двара, які адчаканіў узоры і накіраваў прапанову па чаканцы манет Нацбанку Беларусі. Адказу ад беларускіх уладаў кіраўніцтва манетнага двара пакуль не атрымала, хаця, паводле звестак БелаПАН, інфармацыйная сустрэча супрацоўнікаў манетнага двара з прадстаўнікамі Нацбанка Беларусі ўсё ж адбылася. Кажучы аб ініцыятыве манетнага двара, Уласціміл Калінец зазначыў, што яго прадпрыемству "цікава выкарыстаць вопыт, які з'явіўся ў сувязі з чаканкай тут еўра і ўвядзеннем новай валюты Славакіі". "У манет больш працяглае жыццё, чым у банкнот, — канстатаваў ён. — Праўда, ва ўмовах крызісу разглядаць такі праект не мае сэнсу". Інфармацыя аб чаканцы ўзораў беларускіх манет ужо з'явілася на буйным спецыялізаваным сайце http://worldcoinnews. Там жа выкладзена і пакуль адзінае фота ўзораў беларускіх манет. Як паведаміў БелаПАН сам аўтар гэтага фота Пётр Барта, ён зрабіў здымак у Нумізматычным музеі ў Крэмніцы. Згодна з інфармацыяй на гэтым сайце, адчаканены ўзоры беларускіх манет наміналам 5, 10, 20, 50 капеек і 1 рубель. Нібыта да канца 2009 года на Манетным двары Славакіі прадугледжваецца вырабіць 6 мільёнаў 5-капеечных манет, 34 мільёны 10-капеечных, 15 мільёнаў 20-капеечных, 36 мільёнаў 50-капеечных і 24 мільёны манет наміналам 1 рубель. Аўтар паведамлення таксама лічыць, што ў канцы 2009 года ў Беларусі чакаецца дэнамінацыя 1:1.000. "Мы ўбачым новыя манеты ў краіне, у якой ніколі раней не хадзілі манеты, апрача юбілейных", — сцвярджаецца на сайце. Аднак інфармацыя аб заказе на чаканку беларускіх манет і падрыхтоўцы дэнамінацыі не атрымала афіцыйнага пацвярджэння. Начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў заявіў БелаПАН, што сапраўды вывучаюцца магчымасці манетных двароў розных краін, але гэта не звязана з імгненнай неабходнасцю ўвядзення манет у грашовае абарачэнне. "Нацбанк Беларусі з мэтай вывучэння магчымасцей розных манетных двароў для чаканкі як памятных, так і абаротных манет просіць манетныя двары адчаканіць умоўныя ўзоры той ці іншай манеты. У тым ліку такі зварот быў і на славацкі Манетны двор. Аднак сам факт публікацыі фота гэтых манет зусім не азначае, што ў Беларусі хутка будуць уведзены ў абарачэнне манеты, а таксама што іх будзе чаканіць менавіта Манетны двор Славакіі", — сказаў Драздоў. У прынцыпе, прадоўжыў ён, такія звароты з прапановай чаканкі ўзораў з'яўляюцца звычайнай стандартнай практыкай. "Нацыянальны банк павінен быць гатовы да любой магчымасці, у тым ліку да магчымага ўводу манет у грашовае абарачэнне. Гэта можа адбыцца праз пяць, дзесяць гадоў, але ў нас павінна быць да гэтага ўсё гатова — і распрацаваны ўзоры, і вызначаны магчымасці манетных двароў… Наогул жа працэс вырабу новых грошай займае год-два", — патлумачыў прадстаўнік Нацбанка. Паводле словаў Драздова, Нгацыянальны банк як дзяржаўны орган мае выключнае права на эмісію грошай і пры патрэбе можа ўвесці ў абарот манеты, але пакуль што такой патрэбы няма.Дагэтуль Нацыянальны банк Беларусі размяшчаў заказы на чаканку толькі памятных манет. Першыя — у 1996 годзе. Усяго выпушчана ўжо больш як сто відаў такіх манет. Як правіла, чаканілі іх на манетных дварах у Вялікабрытаніі, Польшчы, Швейцарыі, Літве і Германіі. Былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што зараз у Беларусі няма сэнсу ўводзіць у грашовае абарачэнне манеты. "Гэта было б неабходна ў выпадку правядзення значнай дэнамінацыі, —сказаў ён. — Гэта значыць калі б мы "адкідвалі" чатыры-пяць нулёў". Паводле слоў Багданкевіча, у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя ў банкаўскіх колах абмяркоўвалася магчымасць увядзення абаротных манет. "Але мы заказу не рабілі. Мы прыйшлі да высновы, што нам лягчэй купіць станок, манетныя загатоўкі і самім кляпаць манеты па неабходнасці. Таму калі мы друкавалі ў Германіі беларускія папяровыя рублі, мы вырашылі, што не мае сэнсу чаканіць капейкі". Апрача таго, былы кіраўнік Нацбанка лічыць, што дэнамінацыю ёсць сэнс праводзіць пры мінімальным узроўні інфляцыі, а не тады, калі яна вылічаецца ў двухзначных велічынях. Паводле “БелаПАН”

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение