Эканамічныя перамовы ў Вільні

11 чэрвеня ў Вільні плануецца правядзенне 14-га пасяджэння Літоўска-Беларускай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Як паведаміў Радыё Рацыя аглядальнік Раман Якаўлеўскі,  з беларускага боку на пасяджэнні будзе Мікалай Зайчанка і Андрэй Еўдачэнка. На пасяджэнні будзе разгледжаны шэраг эканамічных пытанняў, ініцыяваных беларускім бокам, сярод іх пытанні аб перамовах пра ўступленне Рэспублікі Беларусь у СГА; аб ажыццяўленні сумесных праектаў у рамках ініцыятывы «Усходняга партнёрства» ЕС; аб перспектывах аднаўлення мытнай палёгкі у рамках Агульнай сістэмы прэферэнцый Еўразвяза. Са свайго боку Літва прапануе абмеркаваць магчымасці прыцягнення грузаплыні да калідора кантэйнернага цягніка «Вікінг», пытанні аб пастаўках электраэнергіі і забеспячэнні сумеснай працы энергасістэм Беларусі і Літвы пасля выхаду з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС, аб супрацоўніцтве ў сферы марскога транспорту і сферы энергетыкі. Аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што Беларусь, відавочна, усё больш турбуюць пытанні, звязаныя з Еўразвязам: - Варта адзначыць, што накапілася шэраг пытанняў, якія цяпер неабходна вырашаць. Відавочна, што беларускі бок больш турбуюць пытанні, якія звязаны з Еўразвязам. Асабліва гэта тычыцца замарожаных прэферэнцый. Што тычыцца Сусветнай гандлёвай арганізацыі — то гэта працэс двухбаковых перамоў. Беларусь жадае ў сваю кішэню пакласці і вопыт Літвы, як краіны гэтай сусветнай арганізацыі. Варта таксама нагадаць пра тое, што з шасці краін "Усходняга партнёрства" толькі Беларусь і Арменія не ўваходзяць у склад СГА. І гэта перашкода, бо як раз праграма прадугледжвае зону свабоднага гандлю. І Беларусі вельмі неабходна цяпер трапіць у гэтую арганізацыю. Паводле “Радыё Рацыя”