У Варшаве абмеркавалі стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам

У Еўрапейскім цэнтры Натолін у Варшаве 8 чэрвеня прайшла дыскусія на тэму стасункаў паміж Беларуссю і Еўразвязам у кантэксце праграмы Ўсходняга партнёрства. Цікавасць дыскусіі заключалася ў тым, што ўдзел у ёй узялі эксперты як з Беларусі, так і з краінаў, якія стварылі праграму Ўсходняга партнёрства – Польшчы ды Швецыі. Амбасадар Швецыі ў Польшчы Даг Гартэліюс заявіў, што палітыка, якую праводзіла да гэтага часу аб’яднаная Еўропа ў дачыненні да Беларусі, аказалася неэфектыўнай. Таму Еўразвяз вырашыў заахвоціць беларускія ўлады да супрацоўніцтва і запрасіць афіцыйны Мінск да ўдзелу ва Ўсходнім партнёрстве. Аднак гэта не значыць, што Еўропа перастане падтрымліваць беларускіх дэмакратаў – падкрэсліў амбасадар. Таксама Даг Гартэліюс заявіў, што ў бліжэйшы час дзяржавы-ўдзельніцы Ўсходняга партнёрства выпрацуюць канкрэтныя праекты, якія стануць рухавіком для развіцця эканамічных і палітычных стасункаў паміж Еўразвязам і шасцю постсавецкімі краінамі. Распрацоўка гэтых праектаў-флагманаў будзе адбывацца пры актыўнай падтрымцы Швецыі, якая будзе ўзначальваць Еўразвяз наступныя 6 месяцаў. "Як вядома, Усходняе партнёрства мае чатыры галоўныя платформы – гэта добрае кіраванне, эканамічныя рэформы, энергетычная бяспека, а таксама кантакты паміж грамадствамі. Ва ўсіх гэтых сферах мы хочам бачыць грунтоўныя і эфектыўныя сумесныя праекты. Працы распачнуцца ў чэрвені. Спачатку мы абмяркуем механізмы выпрацавання такіх праектаў, а затым зоймемся адборам найлепшых. Зразумела, часу ў нас няшмат, усяго шэсць месяцаў, таму мы будзем працаваць вельмі напружана", - гаворыць Даг Гартэліюс. Еўразвяз разумее, што Аляксандар Лукашэнка не з’яўляецца новым Гарбачовым і не плануе распачаць у Беларусі перабудову – падкрэсліў адзін з удзельнікаў дыскусіі, супрацоўнік Еўрапейскага цэнтру Натолін Міхал Мянскевіч. На думку эксперата, супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі Беларусі вымагае ад Брусэля разважлівасці і мудрасці. Улічваючы той факт, што Аляксандр Лукашэнка можа выкарыстаць супрацоўніцтва з Еўразвязам для ўзмацнення сваёй улады, Брусэль павінен прапанаваць Лукашэнку канкрэтны план узаемадзеяння, паводле якога эканамічнае супрацоўніцтва будзе наўпрост залежаць ад дэмакратычных рэформаў. “Калі выпрацуем мудрую палітыку, я думаю, беларускае грамадства атрымае шанец на перамены да лепшага”, - гаворыць Міхал Мянскевіч. Калі афіцыйны Мінск не пойдзе на дэмакратычныя рэформы, Беларусь не будзе выключаная з Усходняга партнёрства, аднак яе ўдзел у праграме стане чыста фармальным і не прынясе чаканых эканамічных выгадаў. Так лічыць беларускі палітолаг Алесь Лагвінец:”: Дэкларацыя Ўсходняга партнёрства – гэта ўсяго толькі дэкларацыя аб намерах. Выключаць краіну з дэкларацыі аб намерах ня мае вялікага сэнсу. Але калі Мінск пачне рабіць антыдэмакратычныя крокі, вялікая верагоднасць таго, што беларускую дэлегацыю перастануць запрашаць на чарговыя саміты, сустрэчы міністраў ці абмеркаванні ў рамках тэматычных платформаў. Еўразвяз можа выкарыстаць тыя інструменты, якія мае, і абмежаваць кантакты з Беларуссю”. Удзел ва Ўсходнім партнёрстве не можа прывесці да хуткіх пераменаў у Беларусі. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве гэтая праграма дапаможа Беларусі зрабіць стратэгічны выбар паміж Захадам і Ўсходам – лічыць польскі палітолаг Олаф Асіца. Праграма Ўсходняга партнёрства вельмі важная яшчэ і таму, што ў выпадку, калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць новыя людзі, у іх руках ужо адразу з’явіцца выдатны механізм супрацоўніцтва з аб’яднанай Еўропай – падсумаваў дыскусію польскі эксперт.

Беларускі сцяг у Еўрапейскім цэнтры Натолін

 

Удзельнікі дыскусіі: палітолагі Алесь Лагвінец і Олаф Асіца, амбасадар Даг Гартэліюс

 Паводле “Польскага радыё для замежжа”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение