Беларускія дзеці адпачылі ў кампаніі з галандскім міністрам

Па запрашэнні міністра замежных спраў Нідэрландаў Максіма Вэрхагена 30 беларускіх дзяцей з чарнобыльскай зоны правялі цэлы дзень у парку дзіцячага адпачынку “Дзёйнрэл” паблізу Гаагі.

Парк “Дзёйнрэл” (Duinrell па-галандску значыць “крыніца ў дзюнах”) - адно з самых папулярных месцаў дзіцячага адпачынку ня толькі ў Галандыі, але і ва ўсёй Еўропе. Тут на 100 гектарах раскінуліся шматлікія дзіцячыя атракцыёны, а таксама велізарны аквапарк.
Вітаючы беларускіх дзяцей, спадар Вэрхаген заўважыў:”Ваша дарога сюды была доўгая, аднак вы яе ўсё ж прайшлі”. У дадзеным выпадку міністр меў на ўвазе не толькі геаграфічную адлегласць, але і тыя праблемы, якія ўзніклі апошнім часам у справе замежнага аздараўлення беларускіх дзяцей.

Кіраўнік нідэрландскага МЗС паабяцаў малым беларусам, што яны і надалей будуць прыязджаць у Галандыю. “Праўда, — дадаў міністр, — яшчэ, на жаль, дагэтуль існуюць абмежаванні для падлеткаў, старэйшых за 14 гадоў. Аднак гэта тэма нашых далейшых перамоваў з Беларуссю”.

Міністар Вэрхаген выказаў словы падзякі тым галандскім сем’ям і дабрачынным ініцыятывам, якія паспрыялі гэтай паездцы. Таксама ён адзначыў намаганні прадстаўнікоў дыпламатычнай місіі Беларусі ў Гаазе, якія нямала зрабілі ў інтарэсах чарнобыльскіх дзяцей і якія таксама прысутнічалі ў парку “Дзёйнрэл”. “Мяркую, што дзіцячыя інтарэсы павінны быць на першым месцы”, — заявіў міністр.Нагадаем, што пры канцы мінулага году дэкрэтам беларускага прэзідэнта выезд беларускіх падлеткаў на адпачынак у заходнія краіны быў спынены. Сёлета ў красавіку нідэрландскі ўрад падпісаў двухбаковыя пагадненні з Мінскам пра аднаўленне дзіцячага аздараўлення ў Галандыі. Звяртаючыся да беларускіх дыпламатаў, Вэрхаген выказаў заклапочанасць Нідэрландаў у сувязі з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Галандыя патрабуе ад беларускіх уладаў канкрэтных захадаў — такіх, як вызваленне палітычных зняволеных, а таксама заклікаў пакласці канец абмежаванням у галіне свабоды СМІ.Паводле "Радыё Свабода"