“Малы цуд” або пра ўдзел беластоцкіх беларусаў у першых дэмакратычных выбарах у Польшчы

4 чэрвеня 1989 года ў камуністычнай Польшчы прайшлі першыя часткова дэмакратычныя выбары. У выніку “Салідарнасць” сфармавала першы некамуністычны ўрад і Польшча мірным шляхам перайшла ад камуністычнай сістэмы да дэмакратычнай. Беластоцкія беларусы таксама спрычыніліся да падзей таго часу.У другой палове 1988 года, калі ў Польшчы ішла падрыхтоўка да размоваў за "круглым сталом" паміж камуністычнымі ўладамі і "Салідарнасцю", у Беластоку ўзнікла неафіцыйная, напалову падпольная структура, якая назвала сябе Беларускім клубам. Гэта была група антыкамуністычна настроенай беларускай інтэлігенцыі, якая пастанавіла разабрацца ў тым, што адбывалася ў краіне, і выпрацаваць, так бы мовіць, "беларускую пазіцыю" адносна палітычнай сітуацыі.Тое, што пачалося як дыскусійны інтэлігенцкі форум, імпэтам падзей першай паловы 1989 года было ўцягнутае ў гушчу рэгіянальнай палітыкі на Падляшшы. Беларускі клуб дабіўся стварэння Беларускага выбарчага камітэту і выставіў на выбарах 4 чэрвеня 1989 двух сваіх кандыдатаў. Калі ўлічыць, што беларусы ў Польшчы як самастойная сіла апошні раз удзельнічалі у выбарах ў 1930-х гадах, здзяйсненне Беларускага клубу заслугоўвае назвы "малога цуду", або прынамсі асобнай згадкі ў аглядзе падзей 20-гадовай даўніны.Касцяк клубу складалі пісьменнік Сакрат Яновіч, гісторыкі Юры Туронак, Алег Латышонак, браты Яўген і Антон Мірановічы, студэнт Яўген Вапа, старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў (БАС), якое ўлады зарэгістравалі ў лістападзе 1988 году, ды Ян Максімюк, які тады працаваў інструктарам у Беларускім грамадзка-культурным таварыстве (БГКТ), а потым журналістам у "Ніве".Да рэгістрацыі БАСу ў 1988 годзе "манапалістам" у беларускім руху ў Народнай Польшчы было БГКТ, якое ўзнікла ў 1956 годзе. У супрацьстаянні ўладаў з "Салідарнасцю" БГКТ стаяла цвёрда на баку камуністаў, куды, дарэчы, хіліліся сімпатыі і большасці беларускага насельніцтва на Беласточчыне. Справа ў тым, што беластоцкія беларусы — на 100 працэнтаў праваслаўныя — з недаверам, а то і варожа ставіліся да "Салідарнасці", якая вельмі моцна падкрэслівала сваю "каталіцкую ідэнтычнасць", асабліва ў такіх бедных рэгіёнах, як Падляшша.Беларускі клуб прыняў рашэнне ўтварыць незалежны ад БГКТ Беларускі выбарчы камітэт і выставіць Сакрата Яновіча кандыдатам у Сенат, а Яўгена Мірановіча кандыдатам у Сейм. Мясцовыя камуністы і БГКТ спахапіліся запозна — ні спробы расстроіць акцыю Беларускага клубу, ні намаганні стварыць пракамуністычны выбарчы камітэт на базе БГКТ не прынеслі поспехаў.Ян Масксімюк успамінае, што ў Беларускага клубу не было ні спонсараў, ні грошай. Але сябры клубу з сямейных бюджэтаў неяк наскрэблі патрэбную суму, каб выдаць некалькі соцень плакатаў. На адным з іх на тле бел-чырвона-белага сцягу стаялі словы: Беларусы! Пра нашы справы будзем гаварыць самі! Eugeniusz Mironowicz Sokrat Janowicz". Кірыліца і беларускі нацыянальны трыкалор на плакатах у шматлікіх жыхароў Беластоку, як палякаў, так і беларусаў, выклікалі эмацыянальны шок.4 чэрвеня 1989 года Сакрат Яновіч атрымаў 22,5 тысячы галасоў, а Яўген Мірановіч — 14 тысяч. Як і паўсюль, на Беласточчыне змаганне за свабодныя мандаты выйграла "Салідарнасць", на другім месцы апынуліся "непартыйныя" кандыдаты, якіх падтрымлівалі камуністы, але на трэцім апынуліся незалежныя беларускія кандыдаты.Вынік Беларускага выбарчага камітэту быў адназначна ацэнены Беларускім клубам як вялікі поспех. Клуб самараспусціўся, а яго сябры сталі арганізоўваць палітычную партыю — Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне (БДА), якое правяло ўстаноўчы кангрэс у пачатку 1990 года. Але гэта ўжо іншая гісторыя, якая выходзіць за рамкі сённяшняй тэмы.Паводле “Радыё Свабода”