Пошук сродкаў для ЕГУ

У бліжэйшай будучыні Еўрапейскі гуманітарны універсітэт застанецца ў Вільні. Пра гэта заявіў генеральны сакратар Рады міністраў Паўночных краін Хальдар Асгрымсан падчас сустрэчы донараў Траставага фонду навучальнай установы. Прэзідэнцкі палац у Вільні стаў месцам для правядзення Асамблеі донараў Траставага фонда Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Прадстаўнікі фонду сустрэліся з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі Валдасам Адамкусам, каб абмеркаваць крыніцы і спосабы фінансавання беларускай навучальнай установы ў выгнанні.Паводле словаў генеральнага сакратара Рады міністраў Паўночных краін Хальдара Асгрымсана, сродкі для існавання ЕГУ патрабуюцца немалыя:- Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт з’яўляецца беларускім універсітэтам для беларусаў, і яму належыць размяшчацца ў Беларусі. Канчатковая мэта ЕГУ – гэта вяртанне ў Мінск. На жаль, мы не ўбачылі значных прыкметаў пазітыўных зменаў у Беларусі, і ЕГУ не можа вярнуцца, пакуль там не з’явяцца асноўныя ўмовы для акадэмічнай свабоды. Такім чынам, гэта азначае, што ЕГУ застанецца ў Вільні ў бліжэйшай будучыні. Штогадовы бюджэт універсітэта складае 5-6 мільёнаў еўра, і грошы мусяць аднекуль паступаць. Мы павінны знайсці гэтыя сродкі для далейшага існавання ўніверсітэта і ягоных студэнтаў.Прэм’ер-міністр Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс лічыць, што з’яўленне ЕГУ ў Літве стала сымбалем еўрапейскай суседскай салідарнасці:- Дзякуючы нашым супольным намаганням Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт паспяхова дзейнічае ў выгнанні ўжо пяты год, і я ўпэўнены, што ён стаў вельмі важным чыннікам таго, каб у Беларусі стала больш Еўропы.Сакратар Міністэрства замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус не хаваў радасці з нагоды з’яўлення новых донараў і партнёраў ЕГУ, які, на думку чыноўніка, ужо вельмі вядомы ў Літве і мусіць набыць рэгіянальнае значэнне. Рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў сардэчна падзякаваў сябрам Асамблеі фундатараў. Разам з гэтым акадэмік нагадаў пра цяжкасці, якія напаткалі ўстанову адукацыі, і заявіў, што ў выгнанні, дзякуючы падтрымцы з боку літоўскага ўраду, універсітэт стаў мудрэйшым, мацнейшым і больш эфектыўным.

Анатоль Міхайлаў падкрэсліў беларускую сутнасць навучальнай установы:

- ЕГУ з'яўляецца беларускім, бо бальшыню унівэрсітэцкай супольнасці складаюць беларускія грамадзяне, і больш за палову з іх гаворыць на беларускай мове. Беларускія доследы – гэта асобная галіна ведаў у ЕГУ і адна з цэнтральных акадэмічных праграмаў. Развіццё беларускай мовы і захаванне культурнай спадчыны займаюць першасныя пазіцыі ў жыццядзейнасці ўніверсітэта.

Траставы фонд Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта быў створаны ў чэрвені 2008 года рашэннем Рады міністраў Паўночных краін па ініцыятыве Еўрапейскай камісіі. Сёлета напрыканцы красавіка да суполкі донараў навучальнай установы далучылася Фінляндыя. Гэтая краіна ахвяравала ў Траставы фонд ЕГУ 150 000 еўра. Напачатку траўня мільён еўра паступіў ад галоўнага спонсара навучальнай установы - Еўрапейскай камісіі.  Наогул злучылі свае сілы для падтрымкі ЕГУ больш за дваццаць фундатарскіх арганізацый у Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі. Паводле "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение