Май над Вільняй

У Вільні cкончыўся шаснаццаты міжнародны фестываль паэзіі “Maj nad Wilia”. У ім бралі ўдзел 30 літаратараў з Польшчы, Беларусі, Украіны, Германіі і Літвы. Да імпрэзы далучыўся і беларускі палітычны дзеяч Зянон Пазняк.“Гарады з цяжкім лёсам, месцы страчаныя і знойдзеныя” – менавіта такі дэвіз абралі сёлета арганізатары штогадовых Міжнародных паэтычных спатканняў у літоўскай сталіцы. Галоўны ініцыятар імпрэзы віленскі паэт Рамуальд Мечкоўскі зазначыў, што з Вільняй атаясамліваецца творчасць цэлай групы літаратараў:- Сёння цяжка ў літаратурах нашых краін уявіць Гданьск без творчасці Граса, Львоў без творчасці Адама Загаеўскага, Гародню – без Элаізы Ажэшкі, а Вільню – без Чэслава Мілаша, значна раней Міцкевіча, Венцловы і цэлай плеяды літоўскіх, беларускіх, польскіх, татарскіх пісьменнікаў, і іншых людзей, якія чэрпаюць натхненне з падзеяў той мінуўшчыны. Фестываль пачаўся з канферэнцыі, у якой ўзялі ўдзел сенатар Рэспублікі Польшча Барбара Борыс-Даменцка, дырэктар Інстытуту Гісторыі Літвы Рымантас Мікніс і іншыя. Цягам канферэнцыі літаратары і культурныя дзеячы абмяркоўвалі тэму Вільні як горада музы для шматлікіх творцаў. Рамуальд Мечкоўскі лічыць, што магутнасць Вільні яднае між сабой творчасць аўтараў разнастайных нацыянальнасцяў. Творчасць перакладчыка Чэслава Сэнюха якраз і ўяўляе сабой арганічнае яднанне беларускай і польскай літаратураў. Нядаўна ён пераклаў на польскую мову лісты Рыгора Барадуліна, мініяцюры Васіля Быкава, дакументальную кнігу Барыса Рагулі, а таксама паэму Якуба Коласа “Новая зямля”. Кніга ўжо пабачыла свет у Беларусі, але ў Польшчы, паводле словаў перакладчыка, ніяк ня могуць знайсці грошай на яе выданне. Лагічнай кульмінацыяй спатканняў стала г.зв. Літаратарская серада. Свой пачатак гэтае мерапрыемства бярэ ад перадваенных літаратурных сустрэч, якія праводзіў у Вільні Чэслаў Мілаш. Сёлета паэты сабраліся на прыступках Грэка-каталіцкай царквы Св. Тройцы у Базыльянскіх мурах. Гэтае знакавае месца вядомае як “Келля Конрада”. Менавіта тут разгортваўся сюжэт трэцяй часткі паэмы Адама Міцкевіча “Дзяды”. Тут быў зняволены і сам Міцкевіч, а праз сто гадоў пасля гэтага паўстала Віленская беларуская гімназія.

Да літаратарскага свята далучыўся Зянон Пазняк. Гэтым разам ён прыехаў у Вільню як паэт. Пазняк удзельнічаў у канферэнцыі, пасля разам з рэштай паэтаў наведаў могілкі Росы, дзе, паводле словаў Чэслава Сэнюха, літаратары шукалі магілу беларускага творцы пачатку 20 ст. Ядвігіна Ш. На паэтычныя чытанні ў Базыльянскіх мурах Пазняк па невядомых прычынах не з'явіўся.Паводле "Радыё рацыя"