Беларусы ў пошуках сябе

28 траўня ў Варшаве, у сядзібе фонду імя Стэфана Баторыя супрацоўнікі вядучых беларускіх незалежных навуковых цэнтраў прадставілі вынікі сваіх найноўшых даследванняў.

Чаго чакаюць беларускія грамадзяне ад дзяржавы? Як беларусы тлумачаць сабе, што значыць “быць беларусам”? Які патэнцыял маюць беларускія недзяржаўныя арганізацыі? – адказы на гэтыя пытанні маглі пачуць прысутныя на дыскусіі. Эканаміст Алесь Чубрык з Інстытуту прадпрымальніцтва й мэнэджмэнту (ІПМ)  распавёў пра сацыяльны кантракт, які ўлада навязала беларускаму грамадзтву. Сутнасць яго ў тым, што дзяржава дае людзям пэўныя даброты ўзамен за лаяльнасьць, сурова карае за супраціў і пакідае мажлівасці выхаду з кантракту для незадаволеных – напрыклад, дае мажлівасьць распачаць уласны бізнэс ці эміграваць з Беларусі. Улады прызвычаілі беларусаў шмат чаго чакаць ад дзяржавы, але дзяржава ўсё менш адпавядае гэтым спадзяванням. Пра гэта кажа эканаміст Алесь ЧубрыкА. Чубрык: Беларусы чакаюць ад дзяржавы ўсяго – пачынаючы з таго, што яна будзе займацца іх адукацыяй, сканчваючы тым, што яна будзе плаціць ім высокія пенсіі ды запэўніваць бясплатную медыцыну. Людзі чакаюць ад дзяржавы менавіта таго, што яна сама пра сябе гаворыць. Яна гаворыць: “Людзі, я ўсё гэта раблю!”, а грамадзяне ў рэчаіснасці гэтага не бачаць. У сапраўднасці ўзровень пенсій, якасць медыцынскага абслугоўвання ды шмат іншых паслуг нашмат горшыя за тое, чаго людзі чакаюць ад дзяржавы.З даследванняў, праведзеных групай беларускіх навуковых цэнтраў (ІПМ, цэнтры сацыялагічных даследванняў “Лабараторыя НОВАК” і  “Ідэком”) вынікае, што каля 40% беларусаў не вераць у дапамогу ад дзяржавы й спадзяюцца толькі на ўласныя сілы. Таксама больш за 50% беларускіх грамадзянаў падтрымліваюць рынкавыя рэформы ў той ці іншай ступені.А. Чубрык: Дакладна прарынкавыя погляды маюць 12%-13% беларусаў. Аднак яшчэ каля 40% беларусаў кажуць, што дзяржава ўсё робіць добра, толькі яна не мусіць субсыдыяваць стратныя прадпрыемствы й не мусіць рэгуляваць занятасць ды узровень заробкаў. Яны вераць, што будзе нашмат лепш, калі заробкі будуць прадметам перамоваў паміж працадаўцам, працаўніком і прафсаюзам. Калі мы да гэтых 40% дададзім шчырых прыхільнікаў рынкавых рэформаў, то атрымаецца значны сацыяльны патэнцыял, якім можна апраўдаць неабходнасць эканамічных рэформаў.  Нават калі эканамічная сітуацыя пагоршыцца, не трэба чакаць масавых пратэстаў. Пратэставаць сёння гатовыя толькі каля 3% беларускіх грамадзянаў. Таму ва ўладаў ёсць вялікае поле манеўру для прыняцця непапулярных эканамічных рашэнняў. Яны ўжо скарацілі заробкі й перавялі прадпрыемствы на няпоўны працоўны тыдзень. Алесь Чубрык распавядае, якія наступныя непапулярныя крокі можа сцярпець грамадзтва. А. Чубрык: Пакуль што грамадзтва не адчула ўздзеяння крызысу ў поўнай меры, таму што на пачатку года мы напазычалі вельмі шмат грошай. Калі сітуацыя пачне пагаршацца, ўлады не пазбегнуць больш радыкальных крокаў па скарачэнню занятасці. Не пазбегнуць і дэвальвацыі. Бягучая палітыка “моцнага” рубля й захавання планавых паказчыкаў для прадпрыемстваў прыводзіць да таго, што імпарт не скарачаецца настолькі, на колькі гэта патрэбна. Таму наступная дэвальвацыя – гэта толькі справа часу.   Беларускі інстытут стратэгічных даследванняў правёў маштабную навуковую працу, каб прааналізаваць нацыянальную самасвядомасць беларусаў. На думку даследчыкаў, усё больш беларусаў ідэнтыфікуюць сябе не з СССР ці Расеяй, а менавіта з Беларуссю. Яны 74% беларусаў жадаюць, каб іх краіна засталася незалежнай. Дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў палітолаг Віталь Сіліцкі адзначае, што адказу на пытанне “што значыць быць беларусам?” самі беларусы сабе яшчэ не далі. Іх самасвядомасць застаецца “мазаічнай”. Таксама няма пакуль сымбаляў, якія б аб’ядналі ўсіх беларусаў. Як заўважыў Віталь Сіліцкі, сёння ўзнікла запатрабаванне на новы вобраз беларуса. Палітолаг патлумачыў, якім хацелі б бачыць сучаснага беларуса самі грамадзяне рэспублікі. В. Сіліцкі: Наспеў пратэст супраць вядомай усім лагодна-рахмана-талерантна-памяркоўнай парадыгмы. Людзям хочацца знайсці прыклад беларускага поспеху. Беларусам надакучыла, што ім навязваюць вобраз няўдачніка. Людзям хочацца бачыць глямурнага, багатага беларуса, які займае першыя пазыцыі ў сьвеце – такога, як Аляксандар Рыбак, Вікторыя Азаранка, Аляксандар Глеб. Уладзіслаў Вялічка з адукацыйнага цэнтру “POST” прадставіў вынікі даследванняў беларускага трэцяга сектару. Мэтай працы было вызначыць патэнцыял беларускіх недзяржаўных арганізацый, іх слабыя й моцныя бакі. Даследчык распавёў пра асноўныя хібы беларускага трэцяга сектару. У. Вялічка: Беларускія няўрадавыя арганізацыі ў значнай ступені ізаляваныя ад агульнага жыцця ў краіне. Нізкім з’яўляецца ўзровень кантактаў з іншымі сацыяльнымі партнэрамі – такімі, як дзяржава, бізнэс, СМІ, палітычныя партыі. Палітычная сітуацыя ў краіне ніяк не можа патлумачыць гэтага, бо нішто не перашкаджае беларускім няўрадавым арганізацыям развіваць кантакты, напрыклад, з царкоўнымі арганізацыямі, прафсаюзамі й наадварот. Другая праблема беларускага трэцяга сектару ў тым, што ён не адчувае сябе інстытуцыйнымсуб’ектам. НДА павінныя ўсвядомець, што акрамя таго, што яны выконваюць сваю непасрэдную працу, яны займаюць важную пазіцыю ў грамадзтве й павінныя прымусіць з сабой лічыцца.  Але ў беларускіх недзяржаўных арганізацый ёсць і шмат моцных бакоў, якія трэба выкарыстаць, каб пашырыць свае ўплывы й змусіць дзяржаву да супрацоўніцтва з НДА, гаворыць спадар Вялічка.У цэлым, як зазначыў Уладзіслаў Вялічка, беларускія няўрадавыя арганізацыі няздольныя выклікаць дэмакратычныя перамены ў Беларусі, але калі такія перамены наступяць, беларускі трэці сектар дазволіць іх надзейна замацаваць.  

Паводле “Польскага радыё для замежжа”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение