Ірына Халіп удастоена міжнароднай узнагароды "За мужнасць у журналістыцы"

Карэспандэнт і рэдактар мінскага бюро "Новой газеты" Ірына Халіп удастоена ўзнагароды Міжнароднага фонду жанчын у СМІ (IWMF) у намінацыі "За мужнасць у журналістыцы".

Акрамя І.Халіп, гэтая узнагарода прысуджана радыёрэпарцёру з Камеруна Агнэс Тае і журналістцы з Ірана Джыле Бан'ягуб.IWMF паведамляе, што І.Халіп ужо больш за 15 гадоў працуе журналістам у Беларусі, "краіне, дзе становішча журналістаў адно з самых цяжкіх у свеце". "Яна працавала ў шэрагу газет, якія адна за адной былі закрыты ўрадам. Зараз Ірына працуе ў "Новой газете", дзе таксама працавала Ганна Паліткоўская, якая атрымала ў 2002 годзе ўзнагароду "За мужнасць" і была забіта ў 2006 годзе. Ірына Халіп неаднойчы арыштоўвалася і збівалася міліцыяй, якая трымае яе пад пастаянным назіраннем", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбудзецца 20 кастрычніка ў Нью-Йорку і 28 кастрычніка ў Лос-Анджэлесе.Фонд IWMF быў заснаваны ў 1990 годзе і ўяўляе сабой разгалінаваную глабальную сетку, дзейнасць якой прысвечана ўмацаванню ролі жанчын у СМІ ва ўсіх краінах свету як спосабу прасоўвання свабоды прэсы. Сетка IWMF аб'ядноўвае журналістаў больш як 130 краін.

Паводле "БелаПАН"