Беларускую моладзь запросяць у Нарвегію

Для беларускай моладзі — і той, якая падтрымлівае апазіцыю, і той, якая стаіць на баку ўлады — у Нарвегіі хочуць зрабіць спецыяльную камунікацыйную пляцоўку. Гэта адзін з вынікаў двухдзённага візіту ў Осла групы апазіцыйных беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Пра ідэю стварэння камунікацыйнай пляцоўкі расказвае Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:“З’явілася ідэя стварыць моладзевую камунікацыйную пляцоўку. І каб туды прыяжджалі прадстаўнікі моладзевага крыла апазіцыйных палітычных партыяў, а таксама ад улады. Найхутчэй, гэта можа быць той жа самы БРСМ. Абмяркоўвалі гэту сытуацыю. І падаецца, што нашы аргумэнты наконт таго, што палітыка Брусэлю ўсё ж такі неэфэктыўная, тут чуюць”. Акрамя парламенту, беларуская дэлегацыя наведала і Міністэрства замежных спраў, дзе адбылася працяглая гутарка з Элізабэт Валас — дзяржсакратаром у статусе намесніка міністра. Анатоль Лябедзька кажа, што перамовы ў Осла паказалі розную ступень ведання сітуацыі ў Беларусі суразмоўцамі: “Але ёсць агульная зацікаўленасць. Мы прыехалі з ацэнкай сваёй пазіцыі ў Беларусі. І з прэзентацыяй элементаў стратэгіі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Здаецца, што мы знаходзім тут разуменне. Наш галоўны прынцып такі: узаемаадносіны Еўропы з беларускімі ўладамі ёсць пакрокавая стратэгія на прынцыпах узаемнасці. На крок беларускіх уладаў — сувымерны крок з боку еўрапейскіх, міжнародных арганізацыяў, структураў і асобных краінаў”. Размова ў Осла ішла таксама і пра палітычную салідарнасць:“Нам падаецца, што ў сённяшніх умовах пытанне рэпрэсіяў ня знятае. Яно нарастае, а значыць, патрэбныя пэўныя выдаткі на дапамогу рэпрэсаваным. Тое самае датычыць і незалежных медыяў, а таксама прасоўвання “Пазітыўнай альтэрнатывы для людзей і Беларусі”. Была шчырая, адкрытая размова”.Паводле "Радыё Свабода"