Віленскія беларусы галасавалі за Далю Грыбаўскайтэ

У Літве 17 траўня прайшлі выбары прэзідэнта, на якіх пераканаўчую перамогу атрымала еўракамісарка па бюджэтнай палітыцы Даля Грыбаўскайтэ. За яе прагаласавалі 69,08% выбаршчыкаў. Беларусы Літвы не засталіся ў баку ад важнай палітычнай падзеі рэспубліканскага маштабу. Валянцін Стэх, старшыня Віленскага беларускага таварыства палітвязняў і ссыльных, да першай жанчыны, якая стане літоўскай прэзідэнткай, паставіўся па-філасофску:- Добра гэта ці дрэнна – не ведаю, але, прынамсі, засілле толькі мужчын таксама не самае лепшае выйсце. Трэба сапраўды не толькі на словах, але і на практыцы даказваць гэтае раўнапраўе. Я асабіста з’яўляюся прыхільнікам Далі Грыбаўскайтэ. Я ўважаю яе за дыпламата. Мне важна, каб чалавек быў адукаваным, сумленным. Я нічога пры гэтым не хачу сказаць дрэннага пра Валдаса Адамкуса, ягоны самы вялікі недахоп – гэта ўзрост. Павал Саўчанка, сакратар беларускай газеты ў Вільні “Рунь”, таксама падтрымаў Далю Грыбаўскайтэ. Аднак працу цяперашняга ўраду Літвы на чале з Валдасам Адамкусам Саўчанка ацаніў нізка: - Людзі вельмі расчараваліся ў прэзідэнцтве Адамкуса. Ён эколаг, не эканаміст, а Літва зараз у цяжкім эканамічным становішчы. Таму бальшыня людзей, у тым ліку і я, аддалі перавагу Грыбаўскайтэ, таму што гэта жанчына адукаваная, дасведчаная ў эканоміцы. Самае галоўнае – яна ведае эканоміку ўсіх гэтых краін, якія знаходзяцца ў Еўразвязе. І з яе прыходам, можа, што-небудзь у нас палепшыцца. У выбарах прэзідэнта Літвы бралі ўдзел і беларускія студэнты, што навучаюцца ў Вільні. Амаль на двухстах выбарчых участках па ўсёй краіне яны назіралі за ходам галасавання. Вынікі свайго назірання (выбары адпавядалі міжнародным і нацыянальным стандартам) яны абнародавалі падчас прэс-канфэрэнцыі ў Вышэйшай выбарчай камісіі Літвы. Такая дзейнасць студэнтаў стала мажлівай дзякуючы супольнаму праекту “Назіранне за выбарамі: практыка і тэорыя”, аўтарамі якога выступілі Шведскі міжнародны цэнтр лібералаў, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў і Беларускі дом правоў чалавека ў Вільні. Удзельнік праекту, студэнт ЕГУ Яўген Гладкі лічыць атрыманы падчас назірання досвед надзвычай карысным не толькі для сябе:- Сучасная моладзь не вельмі цікавіцца палітыкай, палітыкай як працэсам, – гэта пэўнае заканадаўства, пэўныя працэдуры, пэўныя каштоўнасці. Гэты праект апалітычны ў сэнсе, што не падтрымлівае палітычныя плыні, але падтрымлівае каштоўнасці. Гэта – грамадская пазіцыя, актыўнасць, павага да закону і адказнасць за тое, што адбываецца навокал – у сваёй краіне і ў краінах-суседзях.Паводле “Радыё Рацыя”

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение