Падарожжа ў радзівілаўскі замак Алыка (Украіна)

Сёння пры ўзгадванні прозвішча “Радзівілы” уяўляецца найперш Нясвіжскі замак. Але нават на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі іншыя маёнткі гэтага вялікага роду: Манькавічы, Паланэчка, Радзівілімонты, Альба… Ёсьць і такія, якія належалі беларускім Радзівілам, але зараз апынуліся па-за дзяржаўнай мяжой. На поўдні гэта найперш – замак ва ўкраінскай Алыцы. Ён мае для нас вялікае значэнне, бо доўгі час ардынат называўся менавіта Нясвіжскі і Алыцкі. Пра гэты замак падрабязна распавёў карэспандэнту “Польскага радыё для замежжа” даследчык і вандроўнік Андрэй Дыбоўскі, які зусім нядаўна пабываў у рэзідэнцыі Радзівілаў Алыка.- Андрэю, якую гісторыю мае рэзідэнцыя Радзівілаў Алыка?Андрэй Дыбоўскі: Як вядома, род Радзівілаў – гэта адзіны некаралеўскі род, які меў вялікія палацы адначасова на тэрыторыі дзевяці еўрапейскіх краінаў. Сённяшняя Ўкраіна – адная з іх. Тут Радзівілы мелі некалькі маёнткаў, але нас найбольш цікавіць Алыка. Рэч у тым, што доўгі час ардынацыя называлася падвойна – Нясвіжская і Алыцкая. Радзівілы завалодалі Алыкай яшчэ ў XVI стагодзьдзі, калі Ян Радзівіл Барадаты ажаніўся з Ганнай Кішкай, якая на той момант валодала маёнткам. У 1547 годзе Ян Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V тытул “Князя на Нясвіжы і Алыцы”. Гэты тытул у 1549 годзе зацвердзіў кароль Жыгімонт Аўгуст. Ажно да ХІХ стагоддзя ардынацыя Нясвіжа й Алыкі была адным цэлым.У 1833 годзе памёр Антоні Генрык Радзівіл, які быў апошнім, так бы мовіць, сумесным ардынатам. Ягоныя сыны Багуслаў і Вільгельм раздзялілі ардынацыю, адзін атрымаў Алыку, другі Нясвіж.- Андрэю, наколькі я памятаю, згаданы вамі Антоні Генрык Радзівіл быў вельмі адметнай асобай…Андрэй Дыбоўскі: Так, ён быў заснавальнікам так званай “прускай лініі Радзівілаў”, бо пабраўся шлюбам з прускай князёўнай Людвікай Гагенцолерн. Але апроч усіх княскіх момантаў, ён быў таленавітым кампазітарам. У 1808 годзе, калі Гётэ выдаў першую частку свайго “Фаўста”, Антоні Генрык быў настолькі ўражаны гэтым творам, што вырашыў стварыць оперу. У 1814 годзе Радзівіл і Гётэ сустрэліся, Антоні Генрык паказаў Ёгану Вольфгангу сваю оперу. Пасля гэтага Гётэ напіша ў мемуарах: “Візіт князя Радзівіла абудзіў тугу, якую цяжка суцішыць, яго геніяльная парывістая кампазіцыя да “Фаўста” дала нам далёкую яшчэ надзею на пастаноўку гэтага твора ў тэатры”. Пасля гэтага вялікі Гётэ сам напісаў Радзівілу лібрэта да “Фаўста”, сёння яно перакладзенае на беларускую мову Васілём Сёмухам. Што праўда, опера была пастаўленая толькі ў 1835 годзе, калі ні Гётэ, ні Радзівіла ўжо не было на свеце. Але пасля той Берлінскай пастаноўкі “Фаўст” прайшоў у тэатрах Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Англіі… Спрабаваў паставіць оперу і наш Станіслаў Манюшка, але гэтая задума не спраўдзілася. Беларуская пастаноўка адбылася толькі ў 1997 годзе.- Андрэю, вернемся да палаца ў Алыцы. Што ён сабой уяўляе?Андрэй Дыбоўскі: Гэта даволі вялікі палац. Па плошчы ён сувымерны Нясвіжскаму замку, хіба што паверхаў меней. Алыцкі палац быў закладзены ў 1558 годзе, перабудаваны ў 1702. Але, паколькі сённяшні ягоны выгляд вельмі падобны па дэкору й колерам да Нясвіжа, мы можам меркаваць, што палац набыў такі выгляд у сярэдзіне XVIII стагоддзя, калі было скончанае будаўніцтва Нясвіжкага замка.- Як выглядае Алыка сёння?Андрэй Дыбоўскі: Сам палац няблага захаваўся, хіба што дэкор у значнай ступені знішчаны. У палацы па добрым савецкім звычаі размешчана абласная валынская псіхіятрычная лякарня. На падыходах да палаца бачым вяроўкі між дрэваў, на якіх сушыцца бялізна тых вар’ятаў. З іншага боку, менавіта дзякуючы таму, што ў палацы лякарня, ён падтрымліваецца ў больш-менш прыстойным выглядзе. Хаця, безумоўна, патрабуе рэстаўрацыі. Хачу сказаць пра іншую адметнасць. Вакол палаца выдатна захавалася сістэма абарончых бастыёнаў. І гэта ўнікальна, бо, напрыклад, у Нясвіжы гэта ўсё страчана. У Алыцы ж можна пабачыць сцены таўшчынёй у некалькі метраў, нейкія падземныя хады й пакоі, іншыя збудаванні. Усё гэта выглядае ці не цікавей за сам палац. Дарэчы, у Алыцы захаваўся таксама касцёл XVIІ стагоддзя. Ён лічыцца самым старым на Валыні. Выдатна захаваўся дэкор касцёлу, ягоная незвычайная, як на беларускі розум, званіца. Зараз ён не функцыянуе, але нейкія працы вядуцца. Адметна, што мы маем здымкі пачатку ХХ стагоддзя, калі з гэтага касцёлу выходзяць у часе святкавання свайго Залатога вяселля Фэрдынанд і Пелагея Радзівілы.Паводле ”Польскага радыё для замежжа"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение