Беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы з візітам у Нарвегіі

Сёння пачынаецца візіт у Нарвегію групы беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Наведаць Осла атрымалі запрашэнне Алесь Бяляцкі, Аляксандар Казулін, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч і Андрэй Саннікаў. Яны правядуць шэраг кансультацыяў з нарвежскімі палітыкамі. Анатоль Лябедзька кажа, што галоўнай тэмай абмеркавання стане сітуацыя ў Беларусі і перспектывы яе дэмакратызацыі:“Не гледзячы на тое, што Нарвегія не з’яўляецца сябрам Еўразвязу, яе голас у выпрацоўцы еўрапейскай палітыкі даволі важкі. І традыцыйна афіцыйны Осла праяўляе зацікаўленасць да сітуацыі ў Беларусі. Нарвегія не дыстанцыюецца ад справаў нашай краіны: яе палітыкі даволі актыўна робяць заявы адносна Беларусі ў розных міжнародных арганізацыях. І гэта трэба выкарыстаць асабліва цяпер, калі ідзе спроба напоўніць еўрапейскую стратэгію, еўрапейскую палітыку канкрэтным зместам”. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што беларуская апазіцыя невыпадкова пачынае выходзіць за рамкі Еўразвязу:“Паколькі Еўрапейскі Звяз пачаў фарсіраваную нармалізацыю адносінаў з беларускім урадам, трэба шукаць іншыя кірункі працы, іншыя кантакты. І падаецца, што Нарвегія можа быць адным з такіх кантактаў. Гэта досыць багатая дзяржава, і яна можа прычыніцца да фінансавання беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, праектаў. І да таго ж, яна не ўваходзіць у Еўразвяз, і гэта значыць, што яе замежная палітыка не залежыць ад Брусэлю”. Анатоль Лябедзька кажа, што краіны Паўночнай Еўропы цяпер могуць стаць для беларускай апазіцыі больш прывабнымі: “Мы зыходзім з прынцыпу – стукайся ўва ўсе дзверы, і якія-небудзь адчыняцца. Калі глядзець на еўрапейскую мапу з пункту гледжання не толькі сённяшняга дня, а нейкай больш далёкай перспектывы, то трэба прызнаць: нашымі партнёрамі найперш могуць быць краіны-суседзі і краіны Паўночнай Еўропы. Гэта адносна невялікія па еўрапейскіх маштабах краіны, але для іх дэмакратычныя каштоўнасці маюць больш магутную каранёвую сістэму”. Для праваабаронцы Алеся Бяляцкага Нарвегія – наагул надзвычай важная краіна:“Там традыцыйна надаюць вельмі вялікую ўвагу захаванню правоў чалавека. І не толькі ў сваёй краіне, а вельмі пільна назіраюць, што робіцца ўва ўсім свеце. Недарэмна там уручаюць Нобелеўскую прэмію міру. Мы маем з Нарвегіяй сумесны праект – Дом правоў чалавека ў Вільні. У ім удзельнічаюць многія беларускія праваабарончыя арганізацыі. І ён падтрымліваецца нарвежскай Фундацыяй дамоў правоў чалавека. А Нарвежскі Хельсінскі камітэт неаднаразова выказваўся пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і прымаў спецыяльныя заявы”.Паводле “Радыё Свабода”

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение