Дзень Волі ў Беластоку (Польшча)

Дзень Волі – свята, якое адзначылі не толькі ў Беларусі, але і па ўсім сьвеце. Там, дзе ёсць беларусы, ёсць і прага да волі, да свабоды, да незалежнасці.

У Беластоку цэнтрам святкавання стаў клуб “Фама”, які сабраў гасцеў з усяго Падляшша. Арганізатарамі імпрэзы выступілі Радыё Рацыя, тыднёвік “Ніва”, тэлеканал Белсат ды Беларускі Саюз у Польшчы. “Мы выйдзем шчыльнымі радамі!” – гэтым гімнам пачалося святкаванне Дня Волі ў Беластоку.

Воклічам “Жыве Беларусь!” сустракалі адзін другога шматлікія госці, сярод якіх, вядомыя беларускія дзеячы Беласточчыны, у тым ліку і прафесар Антон Мірановіч: - Для свядомых беларусаў гэта свята нацыянальнае. Кожны з нас у гэты дзень чуе нешта такое надзвычайнае, што гэта падзея, якая звязаная з нашым народам, з нашай будучыняй, з нашым мінулым. Мы на Беласточчыне трохі адчуваем гэта іначай, бо жывем у іншай краіне. Хоць не можам гэта святкаваць у дзень вольны, не ідучы на працу, але можам спатыкацца, можам размаўляць, выпіць піва. На Беларусі гэта свята, якое ёсць дэманстрацыяй сваёй незалежнасці, і таксама падцвярджэннем сваіх поглядаў, што беларускі народ жыве, і што ён будзе цэлы час змагацца за свае нацыянальныя традыцыі. Галена Папалянская прыехала ў Беласток з вёскі Трасцянкі. І прыехала ўжо ня першы раз, каб адзначыць дзень 25 сакавіка: - Як жа ў такое свята не прыехаць. Я жыву на вёсцы, працавала настаўніцай роднай мовы, але я ўжо на пенсіі. Як толькі разваліўся Савецкі Саюз, і сталі аб гэтым гучна гаварыць, і сталі тут арганізоўвацца, то я заўсёды тут і са старэйшымі, і з малодшымі. Мяне наогул цешыць, што сюды прыходзіць многа моладзі. Значыць наша справа, справа пачынальнікаў беларускай дзяржавы не загіне. І калісьці і мы дачакаемся таго, чаго жадаем, каб Беларусь была такая, як мы хочам, як мае бацькі хацелі.  “Дарагія суродзічы беларусы, ад імя Рады БНР маю гонар вітаць вас  з нашым вялікім нацыянальным святам – угодкамі абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, які мы называем Днём Волі” – так пачынаецца віншавальнае слова старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, якое ўрачыста зачытаў вядучы імрэзы Яраслаў Іванюк.

А тэлеканал Белсат прапанаваў удзельнікам святочнай імпрэзы дзве дакументальныя стужкі, адна з іх прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну.

Таму і Зміцер Бартосік, які кожны год па-рознаму адзначае 25 сакавіка,  свой выступ пачаў менавіта з песні, прысвечанай гэтай гістарычнай падзеі:

- Па – рознаму ў мяне святкаванне адбываецца, паколькі заўсёды куды-небудзь клічуць: ці то ў Вільню, ці то ў беларускую правінцыю, ці то яшчэ куды. Вось сёлета паклікалі ў Беласток. Я гэтаму факту вельмі ўсцешаны. Для мяне гэтая зямля, Падляшша, вельмі-вельмі дарагая, гэта маё першае замежжа, у мяне тут вельмі шмат сяброў, з гэтай зямлёй звязана шмат прыемных успамінаў, таму я хвалююся. Як і штогод старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы Яўген Вапа ўручыў бел-чырвона-белыя букеты тром асобам за асабісты ўклад у беларускую справу. У гэтым годзе такімі асобамі сталі: навуковы даследчык Лена Глагоўская, дырэктар дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны ў маршалкоўскай управе Анатоль Вап ды намеснік Звязу Беларускай моладзі Ігар Лукашук.

“Найбольш вартаснае ёсць у жыцці тое, калі ты думаеш па-беларуску, калі ты на беларускай мове гаворыш да сваіх дзяцей, калі дзеці ў стане сказаць да цябе на беларускай мове” – сказала ў сваёй прамове Лена Глагоўская. Яна гэтага дачакалася,  і гэта сама большая ўзнагарода за ўсё, што зроблена на беларускай ніве.

25 сакавіка – свята надзеі. Дык “Жыве Беларусь” – “Жыве вечна!” з надзеяй ды з Богам!Паводле "Радыё Рацыя"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение