У Вільні ўрачыстасці з нагоды святкавання Дня Волі распачаліся а 11-ай гадзіне паводле мінскага часу.
На каталіцкіх могілках “Росы” былі ўскладзены кветкі да магілаў бацькаў беларускага Адраджэння Івана, Антона і Лявона Лучкевічаў.


Фота з газеты "Свабода"
***
Адзначыць 25-га сакавіка разам з віленскімі беларусамі ў літоўскую сталіцу прыехаў хор беларускіх музычных дзеячоў пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева. Святам еднасці і адзінства стаў Дзень Волі для віленскіх беларусаў.
У беларускай суполкі з літоўскай сталіцы ёсць традыцыя штогод Дзень Волі распачынаць з наведвання цвінтара. Яны ходзяць на могілкі Росы ўшаноўваць памяць заснавальнікаў БНР братоў Луцкевічаў. Так сталася і сёлета. Гэтым разам беларусы прынеслі вянок і да магілы патрыярха літоўскага нацыянальнага адраджэння доктара Ёнаса Басанавічуса.
Паводле словаў пісьменніка Сяргея Дубаўца, беларускія і літоўскія адраджэнцы напачатку мінулага стагоддзя адчувалі сябе адным народам і, нягледзячы на рознасць моваў, разумелі адзін аднаго без перакладчыкаў. Блізкасць літоўскага і беларускага народаў падкрэсліў і кіраўнік Саюзу літоўскіх народнікаў Гінтарас Сангайла:
"Я адчуваю сябе нt толькі літоўцам, але і з крыві і душы вашым братам, і думаю, што літоўцы і беларусы заўсёды такімі былі. Думаю, што гэта толькі справа часу, можа, і не такога доўгага, што пачуццё свабоды ў беларускага народу памацнее, а культурнае і палітычнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі дасягне больш высокага ўзроўню".
У Арганізацыйны камітэт святкавання Дня Волі ў Вільні ўвайшлі прадстаўнікі розных беларускіх арганізацыяў. Яны планавалі зрабіць гэты дзень Святам беларускага адзінства.
Гісторык Алесь Смалянчук назваў абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ўрокам вартасці беларускага адзінства, еднасці і паразумення.
"Для беларусаў важна змаганне за сваю незалежнасць. І вось гэта трэба памятаць, а таксама памятаць пра тое, што БНР – гэта ўрок беларускага адзінства. Беларускі шанец выжыць у гэтым свеце – гэта як раз шукаць паразуменне паміж іншымі, паміж сабой, дасягаць еднасці, дасягаць адзінства, забыцца пра ўласныя амбіцыі. Толькі ў адзінстве можа быць сіла і надзея на перамогу".
Сябра Арганізацыйнага камітэту Андрусь Асадчы быў вядучым на святочнай імпрэзе. На ягоную думку, гэтае свята ўгодкаў абвяшчэння БНР ідэальна аб’яднальным не было: "Усе тыя Дні Волі, якія я бачыў, далёкія да ідэалу. Дзень Волі – гэта святкаванне. Святкаванне душы, цела. Гэта тое, што павінна даваць чалавеку радасць, каб чалавек чакаў гэтага свята. Аргкамітэт шмат чаго мог зрабіць, але не зрабіў. Амаль два месяцы паседжанняў і ў выніку рэальна нічога. Усё, што сёння было, было зроблена літаральна за паўгадзіны. Трэба рабіць, а не гаварыць".
Той Дзень Волі, які мы адзначаем тут, людзей, можна сказаць, не раз'яднаў, нягледзячы на тое, што пасля апошняга свята былі вялікія спрэчкі ў віленскай суполцы беларусаў.
Напярэдадні 25-га сакавіка ўрачыстасці ў Вільні планаваліся не толькі Аргкамітэтам: кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў інтэрв'ю праграме Літоўскай тэлевізіі “Віленскі сшытак” абвесціў пра намер святкаваць Дзень Волі асобна. Такое рашэнне старшыня Арганізацыйнага камітэту Валянцін Стэх не ўхваліў:
- На маю думку, гэтае свята і павінна быць адным з аб’ядноўваючых фактараў. Трэба забыцца на ўсе амбіцыі, трэба стаць вышэй за іх, і не трэба паасобку арганізоўваць нейкае мерапрыемства, прысвечанае адной і той жа падзеі.
Сапраўднай аздобай Дня Волі ў Вільні стаў прэм’ерны канцэрт хору беларускіх музычных дзеячоў пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева. Паслухаць іх віленскія беларусы сабраліся ў Камернай зале Літоўскай акадэміі музыкі і тэатру. Заключную частку канцэрту – гімн “Магутны Божа” – сустрэлі стоячы ўсе слухачы без выключэння.
Паводле "Радыё Рацыя"