Два юбілеі беларускай школы ў Вільні (Літва)

Віленскія беларусы ў апошні дзень студзеня адзначылі 90-годдзе з дня заснавання Віленскай Беларускай Гімназіі і 15 гадоў адноўленай дзейнасці Беларускай школы імя Францішка Скарыны.

- Кожны год першага лютага мы сьвяткуем дзень заснаваньня Віленскай Беларускай Гімназіі, а ў гэты дзень у нашай школы пятнаццацігадовы юбілей!

Вось такімі словамі і радаснымі воплескамі распачалося свята з нагоды 90-годдзя Віленскай Беларускай Гімназіі. Беларусы Літвы адзначылі двайны юбілей адзінай на ўсю Прыбалтыку беларускай школы з годным павагі размахам. У той самы час – тры гадзіны дня - Віленскую Беларускую гімназію ўзгадвалі асобна на сядзібе Таварыства беларускай культуры, асобна – у Віленскім доме настаўніка. Сюды сабраліся месцічы-аўтахтоны з Вільні, госці літоўскай сталіцы, настаўнікі і выпускнікі Беларускай школы імя Францішка Скарыны – у Вялікай зале Дома настаўніка практычна не засталося вольнага месца.

Дырэктарка школы Галіна Сівалава ў святочнай прамове нагадала пра тое, што школа – спадкаемца асветніцкай справы Віленскай Беларускай Гімназіі:

- 25 гадоў жыла гімназія. Потым два разы па 25 нідзе ў Вільні, ні ў адным яе куточку не вучыліся, не гаварылі вучні на ўроках па-беларуску. І цяпер ужо 15 гадоў у Вільні ёсць школа з беларускай мовай навучання. Магчымасць вучыцца на роднай мове – гэта вялікае свята. Вільня – своеасаблівы горад, горад павагі і талерантнасці да людзей, якія не забываюцца на свае карані і не выракаюцца сваёй роднай мовы.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Літве і Фінляндыі Ўладзімір Дражын, відавочна, з нагоды свята, не скупіўся на экскурсы ў гісторыю Айчыны і абяцанкі ўмацаваць матэрыяльную базу школы.

У якасці доказу ён нагадаў, што беларуская дзяржава ўжо набыла для школы аўтобус, і перадаў дырэктарцы Галіне Сівалавай ад імя Менскага гарвыканкаму саракадвухцалёвы тэлевізар.

- Мне сёння бачыцца, што калі мы з вамі вельмі добра разумеем нашую вялікую гісторыю нашай вялікай дзяржавы, пачынаючы ад Полацкага княства і заканчваючы сённяшнімі днямі, гэта вельмі добра, таму што дзяржава, якая шануе свае карані, мае вялікую будучыню. Я лічу, што кожны этап развіцця беларускай дзяржавы, беларускасці за мяжой, і асабліва калі гэта тычыцца адукацыі, мае асаблівае значэнне для нашай агульнай гісторыі. Горад Мінск нашу школу, якая працуе ў Вільні, лічыць сваёй школай. Я сёння атрымоўваю лісты зь Мінску, дзе кажуць, што дзеці, якія паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі, атрымалі добрыя адзнакі і сталі студэнтамі, і я хацеў бы, каб гэта працягвалася і надалей.

Звяртаючыся да выпускнікоў школы, Уладзімір Дражын урачыста паабяцаў:

- Радзіма этнічная, Рэспубліка Беларусь, заўсёды будзе аб вас клапаціцца, заўсёды будзе дапамагаць, і гэта будзе ў кожным дні вашай працы і вашага жыцця.

Выпускнікі пацвердзілі гэтыя словы амбасадара Беларусі, сардэчна падзякаваўшы сваім настаўнікам, бацькам, і ўсім тым, хто дапамог ім пачаць цяжкую дарогу ў дарослае жыццё:

- Тут мы вучыліся здаваць экзамены з такіх выкладаў, як сяброўства, адказнасць, тут праходзіла станаўленне нашай асабовасці.

- У нас ёсць цудоўныя настаўнікі, у нас ёсьць проста фантастычныя вучні. Я жыву ў Менску, і, на жаль, мала чую беларускай мовы. Недзе за межамі Беларусі людзям значна больш важная беларуская мова, чым большасці з тых, хто жыве ў краіне.

- Я шчыра веру, што кожны з нас разумее значэньне сёньняшняга дня, бо менавіта ён – частка нашай гісторыі, а таму – частка кожнага  з нас. Мне вельмі прыемна знаць, што ў нас ёсьць сёньняшні дзень, што ў нас ёсьць будучыня, бо мы ведаем і памятаем сваю гісторыю.

Напрыканцы свята настаўніца музыкі Валянціна Кавальчук парадавала гасцей свята незвычайным падарункам. Пад яе акампанемент вучні і выпускнікі школы выканалі адмысловы варыянт песні “Пагоня” на словы Максіма Багдановіча.

Свята працягвалася ў адзіным беларускім віленскім касцёле Святога Барталамея.

Сяржук Гаўрыленка, Радыё Рацыя, Вільня.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение