Ня стала перакладчыцы беларускай літаратуры Валянціны Шчадрыной (Расія)

Жалобная вестка прыйшла з Масквы — там ня стала перакладчыцы беларускай літаратуры Валянціны Шчадрыной. З яе лёгкай рукі расійскія чытачы пазнаёміліся з творамі Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Анатоля Кудраўца, Уладзімера Арлова і многіх іншых беларускіх празаікаў.Яна нарадзілася на Гомельшчыне 28 траўня 1927 году. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэту нейкі час працавала ў Беларусі, а потым лёс закінуў яе ў Маскву. Там В. Шчадрына занялася перакладамі твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову, стала кансультантам Саюзу пісьменнікаў СССР па беларускай літаратуры. Узгадвае паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.“Для беларускіх літаратараў Валянціна Міканораўна была ў маскоўскім літаратурным асяродку нашым шчырым прадстаўніком, нашым чалавекам, бо заўсёды, калі мы прыяжджалі ў Маскву ці то на пісьменніцкія з'езды, ці то на пленумы, ці то на нейкія іншыя мерапрыемствы, першы, каго мы сустракалі на вакзале, — гэта была яна. Яна турбавалася, каб не было ў нас ніякіх пабытовых праблем. І яна вельмі ўважліва сачыла за тым, што рабілася ў беларускай літаратуры, што друкавалася ў нашых часопісах, выходзіла асобнымі кніжкамі. І я памятаю добрыя словы пра яе Уладзіміра Караткевіча. Таксама ён гаварыў пра яе ня толькі як пра перакладчыцу, ён гаварыў пра яе як пра чалавека, што вось, маўляў, і ў Маскве бываюць жа такія слаўныя, такія добрыя, такія шчырыя людзі, як Валя. Страта яе — гэта перш за ўсё страта для нашай літаратуры і культуры”.У ліку тых шматлікіх беларускіх літаратараў, чые творы пераклала на рускую мову Валянціна Шчадрына, і пісьменнік Уладзімер Арлоў.“З Валянцінай Міканораўнай Шчадрыной я пазнаёміўся, калі ў маскоўскім выдавецтве “Молодая гвардия” выходзіла мая кніга “Пока не погасла свеча”. Яна складалася з двух раздзелаў — умоўна кажучы, з гістарычнага і сучаснага. У адрозненне ад сучаснага раздзелу, які перакладаў проста халтуршчык, што схаваўся за прозвішчам Пяцібратаў, з перакладчыцай гістарычнага раздзелу мне пашанцавала. Валянціна Міканораўна бліскуча справілася са сваёй задачай. І ў тыя дні я, калі быў у Маскве, трапіў у яе гасцінную кватэру на Малой Грузінскай. Галоўнае ўражанне, якое засталося ад той сустрэчы, — уражанне пра тое, што яна, пражыўшы большую частку свайго жыцця ў Маскве, засталася носбіткай беларускага нацыянальнага характару”.Захапленьне выкананымі Валянцінай Шчадрыной перакладамі твораў Уладзімера Караткевіча прывяло паэта Леаніда Дранько-Майсюка ў яе сям’ю, з якой ён парадніўся, закахаўшыся ў дачку Вольгу.“Валянціна Міканораўна пражывала сваё жыццё не з беларускай літаратурай, а — у беларускай літаратуры. Яна любіла беларускае слова і ўсё рабіла для прапаганды ня толькі тых кніг нашых празаікаў, якія яна перакладала на рускую мову. Яна ўсё рабіла, каб тое новае, што з'яўлялася ў перакладах іншых маскоўскіх перакладчыкаў, даходзіла ў маскоўскія і ня толькі бібліятэкі, школы, і на кожным свяце літаратурным дбала, каб ніводнае літаратурнае наша імя не засталося ў ценю”.Дзе будзе пахаваны прах Валянціны Шчадрыной, яшчэ ня вырашана. У яе засталіся дзве дачкі, трое ўнукаў і дзве праўнучкі.Паводле "Радыё Свабода"