60 гадоў пад знакам Пагоні ў краіне кляновага ліста (Канада)

60 гадоў таму беларускія эмігранты, што прыехалі ў Канаду паcля Другой сусветнай вайны, вырашылі закласці Згуртаванне беларусаў Канады. Ягоныя заснавальнікі былі шчыра перакананыя, што беларусы ў Канадзе павінны мець сваю ўласную арганізацыю, праз якую яны маглі б дапамагаць адзін аднаму, захоўваць свае нацыянальныя і рэлігійныя традыцыі ды перадаваць іх дзецям і ўнукам.

30 лістапада беларусы Канады сабраліся ў Гарадской управе Таронта, каб адсвяткаваць юбілей ЗБК.

Беларускае грамадскае жыццё ў Канадзе распачалося менавіта са стварэння Згуртавання беларусаў Канады. Беларускую суполку арганізоўвалі ў Таронта маладыя эмігранты, якія пакінулі Беларусь пасля вайны. Ля вытокаў стаялі 14 маладых беларусаў на чале з Кастусём Акулам, які і стаў першым старшынём Згуртавання.

Распавядае Марыя Ганько.

М. Ганько:  Першае паседжанне Згуртавання адбылося 28 лістапада 1948 году. На першым паседжанні было 14 асобаў. Яны абралі першую Раду, а пазней кожны год адбываўся з'езд ЗБК. У 1953 годзе ў арганізацыі было больш за 100 чалавек. Гэта быў пачатак, а пасля было ўсяляк: былі і непрыенасці, некаторыя прыходзілі і сыходзілі. Калі старэйшыя пачалі адыходзіць “у лепшы сьвет”, пачаўся заняпад, бо не было маладых. У 90-ых гадах, калі быў наплыў маладога пакалення з Беларусі, то гэта ажыло.

Улетку 1954 году ЗБК купіла сабе дом у Таронта, дзе размясцілася царква святога Кірылы Тураўскага. Пазней, у 1959 годзе, ЗБК прадало будынак, а на атрыманыя грошы, супольна зь беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царковай набылі будынак, дзе  быў створаны Беларускі рэлігійна-грамадскі цэнтар.

У 1966 г. Згуртаванне набыло ферму ў 200 км. на поўдзень ад Таронта. Там меркавалася размясціць дом адпачынку для ўсіх беларусаў, каб збірацца ня толькі ў горадзе. З часам сядзіба была разбудаваная і сёння там дзейнічае база адпачынку "Слуцак", дзе адпачываюць ня толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, што жывуць у Канадзе.

Задачай арганізацыі было і ёсць перадусім захаванне і развіццё такіх нацыянальных каштоўнасцяў, як беларуская мова, нацыянальныя песні, танцы, гістарычнае памяці беларускага народу, вывучэнне гісторыі Беларусі.

А чым ЗБК жыве сёння? Адказвае старшыня згуртаваньня Зміцер Ілляшэвіч.

З. Ільляшэвіч: Той культурны пласт, які быў прынесены сюды паваенным пакаленнем, амаль адыйшоў. Адной з вялікіх задачаў мы бачым трыманне культурнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Канадзе менавіта сярод новай хвалі эміграцыі. Мы стараемся прыцягнуць іх у свой асяродак, каб прыходзілі ў царкву, каб далучаліся да імпрэзаў, якія мы ладзім. Мы разумеем, што ў людзей шмат праблем, што няма часу, але стараемся неяк дапамагаць. Стараемся трымаць і падымаць угару той профіль беларускай грамады і Беларусі, які мусіць быць у Канадзе. Канада – гэта шматкультуная краіна, мноства нацыянальнасцяў, таму беларусам нельга тут згубіцца, распусціцца ў іншых славянскіх суполках. Трэба гэты сцяг уздымаць, каб ён быў заўважны пасярод гэтай культурнай палітры. 

10 гадоў таму у Канаду прыехала Валянціна Шаўчэнка, якая з першых дзён далучылася да дзейнасці Згуртавання. Сёння спадарыня Валянціна з'яўляецца скарбнікам ЗБК. Паводле яе словаў, менавіта дзякуючы дапамозе беларускай арганізацыі ў Таронта яна досыць хутка знайшла сваё месца ў Канадзе. 30 лістапада спадарыня Валянціна разам з іншымі сябрамі ЗБК будзе святкаваць 60-годдзе арганізацыі ў Гарадской управе Таротна.

В. Шаўчэнка: Мы зьбіраемся там у нядзелю пасля службы. Праграма даволі цікавая: выступяць людзі, якія маюць, што сказаць. Будзе зачытаны віншавальны ліст ад прэм’ер-міністра Канады Стывэна Харпера. Адмыслова да гэтага свята быў выдадазены святочны нумар газеты “Беларускае слова”. На святкаванне прыедзе Івонка Сурвілла з Атавы, а таксама Пётра Мурзёнак са сваім бацькам. Напрыканцы адбудзецца святочны канцэрт.

Па розных падліках у Канадзе жыве некалькі дзесяткаў тысяч беларусаў.

Паводле "Польскага радыё для Беларусі"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение