У Беластоцкім тэатры Вянгеркі загучала беларуская мова (Польшча)

У Беластоку завяршыліся гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа з Віцебску. Тры дні з падмосткаў тэатра Вянгеркі гучала беларуская мова, што стала асаблівым дадатковым прывабным момантам гэтых гастрольных выступаў. А таму на спектаклі прыйшлі не толькі сапраўдныя тэатралы, але і шмат прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Ці беластоцкі глядач здолеў зразумець і ацаніць мастацтва віцяблян? Якія ўражанні ад выступаў маюць самі акторы?

У Беласток віцябляне прывезлі тры розных спектаклі: ад класічнай украінскай камедыі да пастаўленага на эксперыментальнай сцэне спектакля “Шагал…Шагал…”.

І перад пачаткам гастрольных выступаў былі пэўныя хваляванні: ці зразумее беластоцкі гледач? Гледач зразумеў і ўжо першы спектакль выклікаў выключна станоўчыя эмоцыі і водгукі, якімі дзеліцца Аліна Ваўранюк:

- Аб’ектыўна сказаць мне цяжка, паколькі падабалася мне перад усім тое, што можна было паглядзець спектакль на беларускай мове. Вельмі мне спадабаліся акторы. Напачатку трошкі баялася, што так запахла такім фактычна іншым тэатрам, чым наш. Так граюць, як гралася ў тэатры заўсёды. Але я добра адпачывала ў часе спектаклю і мне падабалася. Думаю, што варта было прыйсьці.

Сама адказным, па словах артыстаў, для іх стаў трэці дзень, калі публіка пабачыла пастаноўку пра Шагала. Чаму адказным? Кажа Генадзь Гайдук, выканаўца галоўнай ролі:

- Адказнасць вельмі вялікая. Справа ў тым, што дзе б вы не былі, усе ведаюць Шагала. Пытаюць: - Вы адкуль? – З Віцебску. – А што такое Віцебск? У Англіі ўвогуле сказалі, “а Віцебск гэта паміж Эдзінбургам і Лонданам недзе?” Але варта толькі адно прозвішча назваць – Шагал – і тады ўсё зразумела.

Гонар сусьветнага мастацтва, сын Віцебскай зямлі, майстар з душой дзіцяці.

Так пра Шагала кажуць сёння. А пра тое, якім было юнацтва мастака, яго першае каханне, трагедыя габрэйскай сям’і, распавялі коласаўцы ў эцюдах памяці і атрымалі эмацыйны водгук гледачоў і авацыі пасля спектакля.

Андрэй Сцепанюк, дырэктар Бельскага ліцэя з вывучэннем беларускай мовы, дзеліцца сваімі ўражаннямі:

- Па-першае, я пад вялікім уражаннем ад гэтага спектаклю. Гэта паразіла ў нейкі спосаб, з увагі на тое, што зайграла вельмі добра на нейкіх пачуццях чалавечых. За гэтыя дні я пабачыў дзьве розныя п’есы. У пятніцу я быў на камедыі, вельмі лёгкай, сапраўды добра сыгранай, але там не трэба было замоцна думаць, можна было прыехаць і адпачыць. І сёння спектакль, які закрануў глыбока сэрца і душу. Кожны з нас мае такія месцы, да якіх заўсёды хацелася б вярнуцца, а не заўсёды ўдаецца. Думаю, што гэта надае іншае адчуванне гэтага спектаклю. Я пабачыў два спектаклі, і сапраўды шкадую, што не пабачыў трэцяга, з увагі на тое, што майстэрства тэатра вялікае.

Тэатр – гэта між іншым узаемадзеянне, узаемапаразуменне актора і гледача. І добра, калі гледач сапраўды разумее і адчувае тое, што адбываецца на сцэне, лічыць заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова:

- Глядач спадабаўся вельмі, прымалі вельмі добра. Мы баяліся, што нас не зусім зразумеюць, так было крышачку на пачатку першага спектаклю. Але потым усё пайшло вельмі добра. Глядач, як кажуць, увайшоў у сюжэт, і ўсё зразумеў, і рэагаваў там, дзе рэагуе і наш глядач. І выклікалі нас у канцы, і пляскалі доўга, і кветкі былі, і мы вельмі задаволеныя.

Дзеліцца сваімі ўражаннямі ад гастроляў і дырэктар тэатра, заслужаны артыст Беларусі Рыгор Шацько:

- Абсалютна так, як мы і спадзяваліся, што гэта павінна  спадабацца гледачу. Мы гледача не падвялі. Але што скажа крытыка, што скажуць дасведчаныя людзі, тэатралы, гэта ўжо іншая справа. Мы яе пакуль не абмяркоўвалі з прафесіяналамі. Думаю,мы зрабілі правільна, што сюды прыехалі. Мне спадабаліся адносіны да тэатра, спадабаліся гледачы, таму што яны вельмі цікавыя. Спектакль “Псіхааналітыка для псіхааналітыка”  даволі сучасны, мы хваляваліся за тое, як ён будзе ўспрыняты. Але дабіцца да сэрца гледача мы паспрабавалі, і здаецца знайшлі нейкую сцяжынку сваю. Таму задавальненне, канешне, прысутнічае.

Канец апошняга спектакля, заканчэнне гастроляў. Авацыі, кветкі і эмацыйны водгук з боку гледачоў, а між іншымі і консула Беларусі ў Беластоку Міхаіла Аляксейчыка, які выступіў са словамі падзякі для ўсіх прысутных і ў першую чаргу, для артыстаў. І таксама спадзяванні на тое, што такога тыпу беларускае мастацтва будзе часцей прыязджаць у Польшчу, яно тут вастрабаванае. Першая дамова на супрацоўніцтва ўжо падпісаная.

Паводле "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение