Беларусы ў свеце адсвяткавалі народнае памінальнае свята Дзяды

У пачатку лістапада беларусы па ўсяму свеце адзначалі дзень памінання сваіх продкаў – Дзяды. 

Так 1 лістапада беларусы Стакгольму (Швецыя) упершыню выправіліся на Дзяды на могілкі прадмесця Густаўберг, дзе спачывае Васіль Лукашык (1911–1975) – выхаванец Віленскага ўніверсітэту, былы дзеяч Грамады, заснавальнік першай беларускай суполкі ў Скандынавіі (1948). Пасля ўпарадкавання помніка ды апавядання пра жыццё спадара Лукашыка адбыўся невялікі памінальны абед. Спадзяемся, што традыцыя святкавання Дзядоў ў Швецыі працягнецца і ў наступныя гады. “Беларускі моладзевы рух Амерыкі” каля будынку ААН у Нью-Ёрку (ЗША) правёў пікет прысвечаны Дзядам. У пікеце ўдзельнічала ў асноўным беларуская моладзь з розных штатаў Амерыкі. Ускосным чынам паўдзельнічалі ў пікеце шматлікія aмерыканцы. Cправа ў тым, што адзін з плакатаў быў надрукаваны па-ангельску з наступным тэкстам: “Пасігналь у падтрымку беларускай свабоды”. І мясцовыя уладальнікі аўто з задавальненнем гэта рабілі, а нейкі кіроўца вялікага аўтобуса спыніўся і крыкнуў на ўсю 1-ую Авеню: “Жыве Беларусь!”. Разам з моладдзю у пікеце ўдзельнічалі вядомыя беларусы – Старшыня КХП–БНФ Зянон Пазняк і сябра Сойму гэтай партыі, сябра Беларускага Саюзу мастакоў Яўген Шатохін, які прыляцеў днямі ў Нью-Ёрк з персанальнай выставай.Пасля пікету ўсе сабраліся ў саборы Св.Кірылы Тураўскага, дзе Зянон Пазняк меў прамову, прысвечаную Дзядам. Потым адбыўся прагляд фільма “Дарога на Курапаты” (1990 г.) які быў забаронены на Бацькаўшчыне. Але ў Нью-Ёрку гэта было не адзінае мерапрыемства, бо днём раней “Згуртаванне беларускай моладзі Амерыкі” арганізавала жалобныя імпрэзы і наведвала беларускія могілкі. Беларуская грамада Лондана (Вялікабрытанія) 2 лістапада адзначыла Дзяды ранішняй службай у царкве Св. Пятра і Паўла і паніхідай на могілках Св. Панкраса, якія адслужылі святары а. А.Надсан і Стасевіч. Пасля  Згуртаванне Беларусаў ў Вялікай Брытаніі арганізавала сустрэчу з Уладзімерам Арловым, удзельнікам першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”, жорстка разагнанай КДБ і міліцыяй ў Мінску 30 кастрычніка 1988 году, а таксама з навукоўцамі прафесарам Паўлінай Марыяй Сурвіллай (ЗША) і прафесарам Зінаідай Гімпелевічам (Канада). У Вільні на Лукішскім пляцы каля крыжа паўстанцам 1863 году адбылася талака, прысвечаная Дзядам, якую ладзілі беларускія студэнты са “СтудАльянсу”з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.Традыцыйнае адзначэнне Дзядоў прайшло ў Антверпане (Бельгія). Паніхіду за ўсіх памерлых беларусаў адслужыў айцец Ян Майсейчык (святар беларускай уніяцкай царквы ў грэка-каталіцкай беларускай парафіі Св. Пакутніка Язафата Полацкага і Хрыстова Уваскрашэння ў Антверпане, пры якой згуртаваны беларусы Бельгіі і Францыі).Лідэр Беларуска-еўрапейскага задзіночання Зміцер Піменаў паведаміў, што пасля паніхіды беларусы ў горадзе Лювене наведалі магілу Міколы Равенскага, якога “ўсе палітуцекачы лічаць сваім Дзедам”.“Мы памятаем пра Дзядоў і просім у іх сілы змагацца за волю і дабрабыт Беларусі”, – сказаў Зміцер Піменаў.

1 лістапада прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў у Чэхіі, у тым ліку і супрацоўнікі “Радыё Свабода”, прыйшлі на Альшанскія могілкі ў Празе. Першыя беларускія магілы з’явіліся тут ў 20-я гады ХХ ст., з пачаткам хвалі паслярэвалюцыйнай эміграцыі. Тут пахаваны першы прэзідэнт Рады БНР Пётр Крачэўскі, які памёр у Празе у 1928-м годзе. Ягоныя паўнамоцтвы потым пераняў Васіль Захарка, які памёр у 1943-м годзе. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, абодва гэтыя палітыкі пражылі апошнія гады жыцця ў крайняй беднасці. Яны прынцыпова не прынялі заклік савецкай улады скласці паўнамоцтвы ўраду БНР і вярнуцца на працу ў савецкую Беларусь. Помнікі на іх магілах былі адноўленыя ў канцы 90-х гадоў, на сродкі беларуска-амерыканскай фундацыі імя Крычэўскага. На Альшанскіх могілках пахаваны таксама легендарны беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Кветкі і сьвечкі упрыгожылі іхныя магілы. Студэнты, якія вучацца ў Беластоку наведалі могілкі ў Супраслі, дзе ўшанавалі памяць дзеячкі Беларускага Нацыянальнага Руху Веры Карчэўскай. Аляксей Трубкін у інтэрв’ю “Радыё Рацыі” паведаміў, што едучы ў Супрасль яны не зналі дакладнага месца пахавання беларускай дзеячкі: “Прыехаўшы ў Супрасль мы ведалі толькі як яе завуць і год яе пахавання. Мы зайшлі ў Супраскі манастыр, запыталі ў манахаў, дзе яна можа быць пахавана. Яны нас накіравалі ў канцылярыю, там нам сказалі месца дзе яна пахавана. Пасля знайшлі яе магілу і паставілі некалькі свечак”. Студэнцкая ініцыятыва Беларуская Нацыянальная Памяць (БНП) здзейсніла наведванне магіл дзеячоў беларускага руху і асоб беларукага паходжання, размешчаных на могілках у Варшаве і Цэнтральнай Польшчы.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі месца гібелі ў 1940 годзе ад рук нацыстаў беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча, дзе запалілі знічы і памаліліся каля памятнай шыльды (месца пахавання генерала, які ў 1920-я змагаўся за незалежнасць Беларусі, не існуе). Памятная шыльда, дзякуючы намаганням яго ўнука Мацея-Станіслава Булак-Балаховіча, некалькі гадоў таму была ўсталяваная на будынку праваслаўнай семінрарыі, якая знаходзіцца недалёка ад таго месца, дзе была апошняя канспіратыўная кватэра генерала. Былі ўшанаваныя магілы Якуба Ясінскага і Тадэвуша Корсака, якія змагаліся ў шэрагах паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі.Далей ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся на Брудноўскія могілкі, дзе пахаваная сяброўка Саюзу Беларускай Моладзі ў Любчы Алена Сенюх. Пра яе лёс распавёў яе брат Чэслаў Сенюх, славуты перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову. Таксама група беларусаў наведала знакамітыя Павонзкі, дзе нядаўна “Беларуская Нацыянальна Пямяць” знайшла магілу нявесты Кастуся Каліноўскага Марыі Дмахоўскай (Ямант), наведалі магілу славутага фотамастака Яна Булгака і пісьменніка Тадэвуша Далэнга-Мастовіча, аўтара твораў пра Беларусь. Завяршылася мерапрыемства на праваслаўных могілках Варшавы, што знаходзяцца ў мікрараёне Воля, дзе была ўшанаваная памяць праваслаўнага дзеяча а. Мітрафана Будзькі (прадзеда беларускага палітыка Паўла Севярынца) і знакамітага літаратурнага крытыка, грамадскага дзеяча, былога сябра СБМ Яна Жамойціна. 2 лістапада сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці адведалі магілы Антона Сокал-Кутылоўскага ў Шчэціне і генерала Язэпа Булак-Балаховіча ў Белавежы. Таксама  сябры БНП нядаўна адшукалі магілу Пятра Ластаўкі, пры дапамозе Юры Туронка і месцы спачыну Антона Асяндоўскага (г. Milanówek).1 лістапада беларусы Іркуцка (Расія) сабраліся ў Доме Акцёра на літаратурна-гістарычны Вечар Памяці. Праграма складалася з трох блокаў: “Рытуальны блок” дзе распавядалася пра сам абрад Дзяды і старажытныя формы яе правядзення; “Літаратурна гістарычны блок”, у якім прысутныя даведаліся аб некаторых дзеячах беларускай культуры і гісторыі, якія ў гэтым годзе святкуюць юбілейныя даты – Кастусь Каліноўскі, Раман Скірмунт, Язэп Драздовіч і інш.; “Бяседы” – застольны блок ў якім усе прысутныя пачаставаліся традыцыйнай беларускай ежай для гэтага свята – куццёй, блінамі і кісялём. Паводле Андрэя Катлярчука, “Іркуцкага таварыства беларускай культуры”, “Беларуска моладзевага руху Амерыкі”, “Радыё Свабода”, "Радыё Рацыя”, “Беларускай нацыянальнай памяці”.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение