Прага: Дадзім беларусам танны Шэнген

МЗС Чэхіі заявіла, што хоць выбары і не адпавядалі дэмакратычным стандартам, сувязі між Беларуссю і ЕС мусяць пашырацца.

Нядзельныя парламенцкія выбары ў Беларусі, нягледзячы на дробныя паляпшэнні, не адпавядалі цалкам еўрапейскім стандартам. Пра гэта гаворыцца ў пісьмовай заяве чэскага міністэрства замежных спраў, якую "Радыё Свабода" атрымала сёння.Міністэрства замежных спраў Чэхіі падкрэслівае, што ўзмацненне дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам залежыць ад наступных крокаў беларускага ўраду. Калі беларускі бок выкажа сваё зацікаўленне, то Чэская рэспубліка гатовая весці перамовы са сваімі партнёрамі па Еўрасаюзу пра магчымасці такога дыялогу. Той самы падыход дэкларуецца і адносна двухбаковых чэска-беларускіх сувязяў, дзе Чэская рэспубліка па-ранейшаму зацікаўленая ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва і магчымым наступным палітычным дыялогу.Чэхія ад новага году будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе. МЗС краіны заяўляе, што падтрымлівае пашырэнне сувязяў паміж Беларуссю і ЕС, перадусім у галіне чалавечых кантактаў. Зыходзячы з гэтага, Прага надалей падтрымлівае сумесную ініцыятыву краінаў Вышаградскай групы знізіць цану шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі.

Паводле "Радыё Свабоды"