Знайшлі калекцыю старадаўняй беларускай музыкі (Літва)

У архівах Вільні музыказнаўцы Святлана Немагай і Аляксей Фралоў выявілі дзясяткі музычных твораў аўтараў XVI—XIX стагоддзяў, якія паходзяць з Беларусі.

У інтэрв'ю БелаПАН сп. Фралоў адзначыў, што асаблівую цікавасць уяўляюць шматлікія сімфоніі і серанады эпохі Вольфганга Амадэя Моцарта.“Дагэтуль было прынята лічыць, што гэтыя жанры з'явіліся на Беларусі толькі ў XX стагоддзі. Імёны таленавітых аўтараў гэтай цудоўнай, высокапрафесійнай музыкі былі загубленыя ў вірах гісторыі на 150 гадоў і сёння вяртаюцца ў нашу музычную культуру. Дамінік Адамовіч, Ян Сакалоўскі, Ян Чамароўскі, кампазітары Зарашэўскі, Маркевіч, Плашына, Пятровіч, Руткоўскі, Чупрынскі, а таксама ананімныя аўтары — маэстра эпохі класіцызму і ранняга рамантызму, якія ўпрыгожылі музычны краявід Беларусі канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзя яркімі сімфоніямі: вытанчанымі і грацыёзнымі, забаўляльнымі і, разам з тым, сур’ёзнымі”, — сказаў Аляксей Фралоў.Па яго словах, многія са знойдзеных музычных рукапісаў паходзяць з незаслужана забытага аазісу беларускай культуры ў фальварку Забелы Верхнядзвінскага раёну Віцебскай вобласці, дзе ажно да 1840-х гадоў квітнела духоўная і свецкая культура, дзейнічала выдатная музычная капэла пад кіраўніцтвам кампазітара і дырыжора Міхала Кавалеўскага.“Унікальная знаходка сведчыць, што многія старадаўнія музычныя асяродкі Беларусі чакаюць свайго адкрыцця і даследавання”, — падкрэсліў Аляксей Фралоў.Вернутых твораў аказалася настолькі шмат, што налета палануецца правесці фестываль “Адраджэнне беларускай сімфоніі”, у якім прымуць удзел вядучыя музычныя калектывы краіны.І ўжо 25 верасня 2008 года адбудзецца своеасаблівы анонс гэтага фестывалю. У выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард” у Малой залі імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілармоніі ў праграме “Мелодыі Радзівілаўскіх паркаў” сярод твораў Мацея Радзівіла, Яна Абрахама Шульца, Яна Давіда Голанда і Міхала Клеафаса Агінскага прагучаць тры серэнады загадкавага маэстра Плашыны з Полаччыны, аўтара шасці сімфоній.“Слухачоў чакае незабыўная музыка, атмасфэра таямнічых паркавых алей і спатканняў у ціхіх альтанках, шоргат пышных крыналінаў чароўных дам, цёплае зіхаценне свечак у строгіх кандэлябрах”, — адзначыў Аляксей Фралоў.

Паводле "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение