Выйшла Кніга "Беларуская Беласточчына"

Сяргей Чыгрын – паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, журналіст. Жыве ў Слоніме. Днямі ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга сп.Чыгрына “Беларуская Беласточчына”, якая аб’яднала ягоныя гістарычна-краязнаўчыя і літаратурныя артыкулы, прысвечаныя беларускаму Падляшшу.

З гэтай нагоды з даследчыкам пагутарыў карэспандэнт "Радыё Рацыі".

-Беларуская Беласточчына” – як узнікла гэтая кніжка?

- Справа ў тым, што адсюль выйшла вельмі шмат знакамітых беларусаў, ды не толькі беларусаў, проста людзей, якія ўнеслі важкі ўклад у гісторыю Беларусі, Польшчы, Еўропы.

- Кніжка дойдзе да чытачоў у Беларусі?

- Кніжка трапіць у рукі чытачоў у Польшчы, на Беласточчыне, можна будзе набыць яе ў рэдакцыі “Нівы”. І вядома, яна з’явіцца ў кнігарнях Беларусі. Найперш у заходняй частцы Беларусі.

- Мне часта даводзіцца размаўляць з людзьмі з Беларусі. Узнікае ўражанне – пра беларусаў Беласточчыны ведаюць няшмат.

- Сапраўды, калі зрабіць апытанне, то не ўсе беларусы назавуць сваіх слынных землякоў. А тым больш мала ведаюць пра Беласточчыну. Думаю, прачытаўшы маю кнігу, даведаюцца шмат. Той, хто захоча даведацца.

- Глядзеўшы са Слоніма, якая яна, Беласточчына?

- Калі глядзець у мінулае, у 20-е стагоддзе, дык яна нічым не адрозніваецца ад Гарадзеншчыны, ад Берасцейшчыны. Тут таксама спявалі беларускія народныя песні, тут вельмі арыгінальныя жылі мастакі, вучоныя і ўносілі значны ўклад у гісторыю сваёй радзімы. Дарэчы, хачу сказаць такі сакрэт – плануецца у канцы гэтага года выйсці ў Беластоку мая чарговая кніжка. Яна будзе называцца “Родам з Беласточчыны”, можа назва будзе нейкая іншая. Кніжка не толькі пра беларускі рух на Беласточчыне, але людзей, якія мелі дачыненне да гісторыі Беларусі. Гэта будзе прыблізна 50 асоб.

- У пачатку 20-га стагоддзя Беласточчына, як вы сказалі, у нічым не адрознівалася ад Гарадзеншчыны. Дзяржаўная мяжа, раней польска-савецкая, цяпер польска-беларуская, яна нешта змяніла? У нас жа пачатак 21-га стагоддзя...

- Вядома, так. Але хачу сказаць, я ў Беласток прыязджаю як дадому. Тым больш, што я жыву ў Слоніме, а ад Беластока да Слоніма 130 кіламетраў. Мне на Беласточчыне цікавей. Можа тое, што мяне акружаюць знаёмыя беларускія журналісты, гісторыкі., літаратары, з якімі я магу пагутарыць на адну тэму, паразважаць, дапамагчы адзін аднаму. У Беластоку выходзіць тыднёвік “Ніва” на беларускай мове. Калі ўзяць нашу Гарадзеншчыну, выходзіць толькі адна незалежная “Газета Слонімкая”, дзе я працую. Усе астатнія закрытыя. І дзе друкавацца творчай інтэлігенцыі? І няма на сённяшні дзень дзе друкавацца літаратарам заходняй Беларусі. Я ўжо многа раз гаварыў, прыйшоў час стварыць нейкае выданне заходняй Беларусі.

- І такое выданне магло б існаваць у Беластоку?

- У Беластоку альбо ў Гародні, дзе б друкаваліся беларусы з Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны, Віленшчыны і Беласточчыны.

- Хачу яшчэ вярнуцца да вашай кніжкі. Тут шмат герояў, прывяду толькі паасобныя прозвішчы - Мікола Дзямідаў, Янка Геніюш, Аляксей Карпюк, Ганна Новік. Калі, рыхтуючы кніжку, вы пачалі вывучаць біяграфіі гэтых людзей, ці знайшлося нешта незвычайнае, невядомае?

- Я знайшоў сенсацыйную знаходку. Звесткі пра Адама Бычкоўскага. Таго самага, які быў кіраўніком гродзенскага гуртка звязку беларускай моладзі ў пачатку 20-га стагоддзя. Шмат пра яго пісалі і згадвалі пра яго п’есу “У сваты”. Ён сам з Сакольшчыны родам, абараняў беларусаў у Варшаве, ён быў юрыст, адвакат, нават сваю кантору меў. Так вось, многія, той самы Зянон Пазняк і іншыя, пісалі пра Адама Бычкоўскага, усе згадвалі п’есу “У сваты”, напісаную ў 1910 годзе, але ніхто гэтай п’есы не бачыў. І гэтую п’есу, выпадкова, у прыватным архіве ў Слоніме, на днях я знайшоў. І ўчора я яе прывёз у Беласток, зрабілі ксеракопіі. Яна напісана лацінкай, яго рукой, а ляжала ў Слоніме ў прыватным архіве. Жанчына мне прынесла пакарыстацца. Знайшла польскую, кажа, п’есу. А там лацінкай, напісана Адам Бычкоўскі. У бліжэйшы час апублікуем.

- І Адама Бычкоўскага знойдзем у вашай новай кніжцы “Родам з Беласточчыны”?

- Так, абавязкова. Дарэчы і здымкі знойдзены новыя Адама Бычкоўскага.

- А новую кніжку абяцаеце напрыканцы 2008...

- Так. Калі ўсё будзе добра, там прачытаем не толькі пра Бычкоўскага, але яшчэ каля 10-ці вядомых беларусаў Беласточчыны будзе ў новай кнізе.

Паводле "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение