Мікола Сенька (1924-2008)

Жалобная вестка прыйшла з Лондана: 19 ліпеня там памёр адзін з ініцыятараў стварэння Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, ягоны актыўны сябар Мікола Сенька. Яму ішоў 85-ы год.Гасцінны дом Міколы Сенькі на Penn Road у Лондане ведалі многія беларусы, якія бывалі ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Распавядае пісьменнік Уладзімер Арлоў:“Мікола Сенька быў для мяне тым прадстаўніком беларускай дыяспары, з якім, нягледзячы на рэдкія сустрэчы і на вялікую розніцу ў гадах і жыццёвым досведзе, у мяне адразу склаліся амаль сяброўскія стасункі. Гэтаму паспрыяў наш вядомы пісьменнік Кастусь Акула, які пазнаёміў мяне са сваім былым таварышам па зброі, разам з якім вучыўся ў школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны, потым перайшоў на бок францускіх партызанаў, ваяваў з нацыстамі на Апенінах.Сенька, дарэчы, быў добра знаёмы з героем беларускага паваеннага супраціву Янкам Філістовічам.Спадар Мікола быў сярод тых, хто наладжваў жыццё нашых эмігрантаў у Вялікай Брытаніі. Яго добра ведалі на беларускай выспе ў лонданскім раёне Фінчлі, там, дзе месціцца бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, а таксама беларуская ўніяцкая царква святых Пятра і Паўла”.Старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі Лёля Міхалюк гаворыць пра Міколу Сеньку як пра сябра, які за больш як шэсцьдзесят гадоў сваёй эміграцыі ніколі не забыўся на тое, што ён — беларус.“Мы разам працавалі. Ён уваходзіў ва ўправу нашай арганізацыі і быў чынным яе сябрам. Чалавек быў сапраўды беларусам ад самага пачатку і ахвярным беларусам, дзе б ён ні знаходзіўся, дзе б ні працаваў, ён быў усюды і заўсёды на сваім месцы”.За гады незалежнасці Беларусі Мікола Сенька некалькі разоў прыяжджаў на Бацькаўшчыну — адведваў родную Стаўпеччыну, удзельнічаў у першым і другім з'ездах беларусаў свету, якія праходзілі ў Мінску ў 90-х гадох. Уладзімер Арлоў прыгадвае:“Мікола быў чалавекам надзвычай чуллівым. Атрымліваючы навіны з Беларусі, ён нярэдка ня мог стрымаць слёзаў. На пачатку 90-х гадоў гэта былі слёзы радасці, пазней — слёзы горычы і трывогі. Але Мікола меў ня толькі эмацыйную, але і практычную сувязь з Радзімай. Ён заўсёды лічыў сваім абавязкам падтрымку беларускіх арганізацыяў і асяродкаў, быў сталым падпісчыкам газет “Наша Ніва” і “Наша слова”.Міколу Сеньку вельмі пашанцавала ў тым, што побач з ім напрыканцы жыцця была жонка Алена — надзейная сяброўка, аднадумца, такая ж ахвярная патрыётка, перакананая ў еўрапейскай будучыні бацькаўшчыны. На Аленіных руках ён і адышоў у нябесную Беларусь”.Развітанне з Міколам Сенькам і пахаванне адбудзецца ў Лондане пры канцы тыдня. Дакладная дата яшчэ не вядомая.Паводле "Радыё Свабода"