На “Басовішчы” перамаглі гарадзенскія музыкі

Лаўрэатам 19 фестывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2008” стаў гарадзенскі гурт TLUSTA LUSTA.Другі дзень фестываль пачаўся з выступу магілёўскага гурту “Заточка”. Магілёўцы выступалі ў пляжных строях, чаго дагэтуль не рабіў ніводзін гурт. Затым былі польскі “Gate”, мінскі “Rahis”, “Schody” з Міхалова, мінскі “Sок” ды “Rima” з Гарадка. Дарэчы, пасля выступу мінскага гурту шмат хто з гледачоў цікавіўся, дзе набыць іх кампакт-дыскі.Пасля 21 гадзіны журы фестывалю абвясціла лаўрэатаў конкурсу. Першым быў прызнаны гарадзенскі гурт TLUSTA LUSTA, які атрымаў асноўны прыз — бясплатны запіс альбому на Беластоцкім радыё. SPITAL/ F з Менску заняў другое месца, а трэцім стаў гурт ГЛЮКІ з Магілёва.Нагадаю, што ўсяго ў конкурсе бралі ўдзел 6 гуртоў. Яшчэ тры ўдзельнікі, згодна з інфармацыяй арганізатараў фэсту, так і не дабраліся да Гарадка з-за праблемаў з візамі.Але найбольш яркім і запамінальным выступам у гэты дзень стаў выхад надзвычай папулярнага тут гурту “Neuro Dubel”. Сабралася некалькі тысяч гледачоў, і ўсе пусціліся ў скокі.Наагул, атмасфера ва ўрочышчы Борак, што побач з Гарадком на Беласточчыне, у гэтыя два дні панавала цудоўная: паўсюль гучала беларуская мова, моладзь танчыла з бел-чырвона-белымі сцягамі, нават польскія гурты гукалі са сцэны “Жыве Беларусь!”Нагадаю, што праграма фестывалю цалкам транслявалася ў жывым эфіры тэлебачання БелСАТ і Радыё Рацыя. Паводле "Радыё свабода"