39-ты Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка” перанесены

39-ты міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка 2020” пройдзе ў гэтым годзе ў верасні. Пра гэта паведаміў стваральнік фестывалю Мікалай Бушко.

“Спадзяёмся, што да гэтага часу эпідэміялагічная сітуацыя ва ўсім свеце дазволіць перамяшчэнне людзей з розных краінаў”, кажа Мікалай Бушко:

– У праграме 39-га фестывалю свой удзел заявілі і пацвердзілі каля 30 хораў з 15 краін свету – з Еўропы, Азіі і Афрыкі. Таксама вырашылі ў кантакце з гэтымі хорамі перанесці наш фестываль на другі тэрмін – гэта з 16 па 20 верасня. Узгоднілі гэта з удзельнікамі. А гэтыя ўдзельнікі, акрамя такіх краін, якія бываюць у нас штогод, ахвоту выступіць на нашым фестывалі заявілі хоры з Гішпаніі, Манголіі і Мадагаскару.

Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі, які Мікалай Бушко ладзіць з 1982 года, заўсёды адбываўся ў траўні. Сёлета фестываль запланаваны з 16 па 20 верасня ў будынку Оперы і філармоніі ў Беластоку. Акрамя Беластоку канцэрты царкоўнай музыкі ў рамках фестывалю праходзяць ў многіх мясцовасцях Падляшша, а таксама ў розных гарадах Польшчы, між іншым у Кракаве.

Валя Лаеўская, „Беларускае Радыё Рацыя“