У ЗША пройдзе дэманстрацыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

10 лютага Беларускі моладзевы рух Амерыкі ладзіць дэманстрацыю ў абарону палітвязняў Беларусі.Актывіста “Маладога Фронту” Артура Фінькевіча суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў да 1,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму адбывання пакарання ў відзе абмежавання свабоды. Два гады таму Артур Фінькевіч быў арыштаваны і прысуджаны да абмежавання свабоды за графіці “Дастаў!” і “Мы хочам новага!”.Пад пагрозай таксама апынуліся “маладафронтаўцы” Андрусь Цянюта і Кася Салаўёва, актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэй Кім і чалец партыі “Грамада” Зьміцер Лісіенак.“Менавіта зараз, улічваючы бязвыхадны стан Беларусі на міжнароднай пляцоўцы, ёсць ясная магчымасць вызваліць і пазбавіць нашых сяброў ад новых крымінальных спраў, што пацвярджаецца нечаканымі вызваленнямі палітвязняў Змітра Дашкевіча, Міколы Аўтуховіча і Юрыя Лявонава”, – адзначаюць арганізатары акцыі пратэсту.Нагадаем, вызваленне ўсіх палітзняволеных і спыненне пераследу з палітычных прычынаў – галоўныя ўмовы Еўразвязу для паляпшэння стасункаў з афіцыйным Мінскам.Дэманстрацыя ў Нью-Йорку пачнецца ў 10.30 перад будынкам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: 760 United Nations Plaza, New York City, NY 10017, USA.Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)