“Я прадстаўнік нацыянальнай меншасці – я паляк?”

Мы зноў вяртаемся да грамадскай акцыі “Я прадстаўнік нацыянальнай меншасці – я паляк”. Акцыя, якая пачалася на пачатку студзеня, праводзіцца з мэтаю паказаць, што ў Польшчы жывуць прадстаўнікі нацыянальных і этнічных меншасцяў. Ініцыятарам кампаніі выступіла габрэйская супольнасць. А вось частка беларусаў Польшчы акцыю не падтрымала.Асноўнай часткай кампаніі з’яўляюцца бігборды, якія паявіліся на вуліцах польскіх гарадоў. На бігбордах знаходзяцца фотаздымкі прадстаўнікоў нацыянальных і этнічных меншасцяў Польшчы, якія інфармуюць мінакоў, што яны прадстаўляюць нацыянальныя меншасці, але адначасова з’яўляюцца палякамі. Ініцыятары акцыі намерваюцца давесці грамадству, што канцэпцыя двайной тоеснасці, якая на Захадзе з’яўляецца нармальнай рэччу, у Польшчы надалей застаецца нечым новым.А вось прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці з Падляшша не захацелі далучыцца да гэтай кампаніі, таксама, як не захацелі змясціць свае здымкі на тэлебачанні і на бігбордах. Не захацелі па розных прычынах. Адны вырашылі, што не з’яўляюцца публічнымі асобамі. Іншыя, хоць і маюць польскае грамадзянства, лічаць сябе беларусамі і не атаясамліваюцца з дэвізам акцыі “Я прадстаўнік нацыянальнай меншасці – я паляк”. Менавіта такіх прынцыпаў прытрымліваецца Беларускае аб’яднанне студэнтаў, прадстаўнікі якога таксама атрымалі запрашэнне прыняць удзел у згаданым праекце.Старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Радаслаў Дамброўскі распавёў: “Мы адмовіліся, таму што дэвіз акцыі супярэчыць нашым перакананням. Я асабіста не з’яўляюся прыхільнікам падвойнай тоеснасці. Мне падаецца, што можна быць альбо палякам, альбо беларусам. І я з’яўляюся беларусам. А лозунг гучыць: “Я паляк – я беларус”. Каб лозунг гучаў інакш, скажам: “Жыву ў Польшчы, я беларус”, то тады б я пагадзіўся далучыцца да акцыі. Я грамадзянін Польшчы, ад народзінаў звязаны з гэтай краінай, але калі пытаюць пра нацыянальнасць, я заўжды кажу: беларус. Я так адчуваю, так выхавалі мяне бацькі і так казалі мае дзяды. Я выхаваны менавіта ў такой культуры, у такой мове. Таму мне цяжка сказаць, што я паляк па нацыянальнасці”.А вось старшыня беларускага таварыства “Хатка” з Гданьска Алена Глагоўская мяркуе, што чалавек можа мець двайную нацыянальнасць і двайную тоеснасць: “Напрыклад, дзеці з мешаных сем’яў польска-беларускіх. Тады, фактычна, гэта падвойная нацыянальнасць. Усё залежыць ад таго, як выхоўваецца і што перадаецца.Я сутыкнулася з такім прыкладам, што ў поўных беларускіх сем’ях дзяцей выхоўвалі сапраўднымі палякамі. А калі гаварыць пра мешаныя сем’і, то, на мой погляд, нельга выбіраць адной нацыянальнасці. Гэта повад для таго, каб людзі адчувалі сваю прыналежнасць да дзвюх культураў, да дзвюх нацыяў. Бо як жа выбраць лепшую ці горшую?”Р. Дамброўскі дадае, што адмова ўдзелу ў кампаніі прадстаўнікоў БАС-у выклікала зацікаўленасць розных СМІ і гэтым самым узмацніла іх перакананне, што яны прынялі правільнае рашэнне: “Калі мы атрымалі прапанову ўдзельнічаць, то, зразумела, супольна абмяркоўвалі гэтую тэму. І супольна вырашылі, што не будзем прымаць удзел у гэтай кампаніі.Зараз, калі гэтай справай зацікавіліся СМІ, мы зноў вярнуліся да размовы на гэтую тэму. І цяпер яшчэ больш перакананыя ў тым, што мы добра зрабілі, адмаўляючыся ад удзелу ў праекце. Бо гэта таксама першы крок да асіміляцыі беларусаў у Польшчы, а мы гэтага не хочам. Мы хочам падтрымліваць сваю культуру, мову, тоеснасць і адметнасць. Не хочам быць этнічнай групай у складзе дзяржавы, а ўсё ж нацыяй”.Алена Глагоўская звяртае ўвагу на тое, што ў кожнай краіне цяжка быць прадстаўніком іншай нацыянальнасці: “Наогул, цяжка ў іншай дзяржаве існаваць, калі нехта з’яўляецца прадстаўніком іншай нацыі, чым пануючая нацыя. Па-першае, трэба выказваць лаяльнасць да дзяржавы. Па-другое, захоўваць сваю тоеснасць.Нармальны грамадзянін не пераймаецца такімі рэчамі, бо за яго шмат робіць дзяржава. А прадстаўнік нацыянальнай меншасці павінен сам клапаціцца пра тое, каб захоўваць сваю адметнасць. Бо дагэтуль ніхто іншы не клапаціўся пра яго нацыянальныя пачуцці. Можна гаварыць пра датацыі для арганізацыяў, але гэта грамадскі аспект, а не індывідуальны”.Кожная краіна мае свае вялікія малыя народы, прадстаўнікі якіх апынуліся на яе тэрыторыі па розных прычынах: гістарычных, эканамічных ці палітычных. Менавіта культуры і традыцыі розных народаў узбагачаюць культуру ўсёй краіны.А можа сапраўды было б лепей, каб ініцыятары кампаніі “Я прадстаўнік нацыянальнай меншасці – я паляк” паказалі, што ў Польшчы жывуць прадстаўнікі не нацыянальных меншасцяў, але вялікіх нацыяў. А гэта, між іншым, украінцы, беларусы, літоўцы, габрэі, караімы, армяне, татары і немцы.Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение