Візавыя праблемы “Лёсаў нашых народаў”

Выстава беларускіх мастакоў “Лёсы нашых народаў” адкрылася ў польскім Беластоку 20 студзеня. Экспазіцыю адкрылі маршал Падляшскага ваяводства Яраслаў Зыгмунт Дважаньскі і генеральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык. А вось мастакі-аўтары на адкрыццё не трапілі.“Лёсы нашых народаў” прадстаўляюць габелены Святланы Баранкоўскай, графічныя працы Руслана Лядзенкі і жывапіс Вячаслава Лядзенкі. Патрапіць на ўрачыстае адкрыццё выставы мастакі не змаглі з-за праблем з атрыманнем польскай візы. Тлумачыць сітуацыю генконсул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык: “Так, сапраўды, яны прыехалі толькі сёння. Былі праблемы з польскай візай. Але цяпер у іх ёсць нацыянальная польская віза, усё добра. Дзякуючы таму, што цяпер у Мінску працуюць цудоўныя, вельмі добрыя консулы ў генеральным консульстве”.Яраслаў Зыгмунд Дважаньскі, адкрываючы выставу ў Беластоку, не хаваў свайго здзіўлення тым, што мастакі не здолелі прыехаць на адкрыццё. Паводле ягонага меркавання, трэба як хутчэй дастасаваць працэдуры выдання віз да патрэбаў культуры і бізнесу.Клопаты з візамі ўжо ствараюць праблемы і навукоўцам, што спазняюцца на канферэнцыі, і спартоўцам, якія не паспяваюць на спаборніцтвы…Чарга ахвотных атрымаць візу, каб перасячы мяжу, цяпер ужо Шэнгенскай зоны і трапіць хоць бы ў Польшчу, складае ў Мінску ўжо 2 тысячы асобаў.Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)і “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)