Ігар Забара: “У мяне былі спробы зрабіць свой тэатр і ў Беларусі, але не атрымалася”

Пра беларускую культуру, магчымасці беларусаў за мяжой і чаму яны з’язжаюць распавёў акцёр і рэжысёр з Кіева Ігар Забара. Ён сам усяго як тры гады з’ехаў ва Украіну з Беларусі.І. Забара адзначыў адрозненні беларускай і ўкраінскай культуры: “Беларускую культуру я адрозніваю ад культуры украінскай. Бо карані ў мяне ўкраінскія, але ўсё маё свядомае і творчае жыццё я правёў у Беларусі. Таму ўсе мае дасягненні (калі так можна казаць) звязаныя з Беларуссю. Гэта найперш Купалаўскі тэатр і трупа Купалаўскага тэатру. Я лічу, што гэта самы моцны тэатр і самы моцны калектыў. Мне вельмі шкада, што яго пакінуў Мікалай Пінігін і паехаў у Санкт-Пецярбург...” Пры гэтым ён свядома не называе “Вольную сцэну”, хаця таксама граў і там: “Я згадваю “Вольную сцэну”, калі там быў Мазынскі, і мы працавалі з ім. Пасля таго, як ён сышоў (а, можа, і “яго сышлі” – хутчэй за ўсё, “яго сышлі”) гэты тэатр – ужо не “Вольная сцэна”, яго так нельга ўжо называць, бо ён перастаў быць вольным”.Прычынамі таго, што ён з’ехаў з Беларусі сп. Забара называе адсутнасці магчымасці самарэалізацыі: “У мяне былі спробы зрабіць свой тэатр і ў Беларусі, але не атрымалася. Тут ёсць шмат акалічнасцяў – і тое, што заціскалі, не давалі мне працаваць, і шмат усяго іншага было. І тут не толькі я. На сёння ва Украіне працуе шмат маіх таварышаў, якія з’ехалі з Беларусі. Гэта, напрыклад, Сяргей Кузін, які быў на “Альфа-радыё”. Цяпер ён тут вельмі паспяхова працуе на радыё. Ёсць і іншыя, даволі шмат”.Ён распавёў і пра стасункі з беларускімі чыноўнікамі: “Гэта смешна, насамрэч смешна. Я вам раскажу іншую гісторыю. Некалі мы прыйшлі да міністра культуры Сасноўскага і прасілі нешта для нашага тэатру, ён нам сказаў: “Вы для мяне – вашывыя блохі”. Я быў не адзін і ў мяне ёсць сведкі гэтага...”Ігар Забара нарадзіўся 9 ліпеня 1962 г. у Палтаве. З дзяцінства захапляўся тэатрам. Ва Ўкраіне скончыў 8 класаў. Потым з бацькамі пераехаў у Расію. Працаваў у тэатрах Ніжняга Ноўгараду, Цюмені, Яраслаўля. Вучыўся ў Яраслаўскім тэатральным інстытуце. Паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве, які паспяхова скончыў у 1985 г. У Мінску яго заўважыў Вітаўтас Грыгалюнас, і Забара працаваў з ім у сярэдзіне 90-х у Альтэрнатыўным тэатры. Пасля працаваў у праекце “Малы тэатр”, выступаючы на сцэне Купалаўскага тэатру.Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)