“Дарогу ў Віфлеем” паказалі ў Беластоку

Гарадзенскі лялечны тэатр паказаў дзіцячы спектакль “Дарога у Віфлеем” паводле п’есы Сяргея Кавалёва.Гэта казка пра тое, як асляня, пачуўшы ад зоркі пра нараджэнне Бога, вырашыла папрасіць у яго абароны ад злога гаспадара. Але атрымалася, што яно само ўратавала маленькага Хрыста, дзеву Марыю ды Язэпа ад жаўнераў цара Ірада. Акцёры толькі што вярнуліся з Беласточчыны, дзе паказалі гэты спектакль у беларускіх асяродках шэсць разоў.Дырэктар тэатру Аляксандр Ігнаценка распавёў, што калядны сезон цягнецца у лялечнага тэатру бясконца, “пакуль ёсць гледачы, пакуль ёсць добрыя спектаклі”. Хутка яны пакажуць спектакль на польскай мове “Марозка”, але не на Беласточчыне, а ў Гродна.Акцёр Васіль Прабадзяк граў у спектаклі анёла. Ён адзначае, што выступы ў Беласточчыне прайшлі “вельмі добра”. “Працавалі два спектаклі ў Беларускім грамадска-культурным цэнтры ў Беластоку, два спектаклі ў Гарадку і два спектаклі ў Гайнаўцы. І заўсёды цёплыя апладысменты, цёплы прыём, цёплы глядач і вялікія падзякі заўсёды”, – распавёў акцёр.Ён адзначыў, што спачатку было незразумела, як паказваць у Польшчы спектакль на беларускай мове: “Таксама для нас троху дзікавата было, але калі мы прыехалі і ўбачылі, як вельмі добра, чыста і прыгожа размаўляюць на беларускай мове там, усе нашы страхі зніклі. Многа падыходзіла людзей, падыходзілі да нас настаўнікі, прасілі прыязджаць яшчэ, прывозіць што-небудзь на беларускай мове”.Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)