Рэканструкцыя манастыра ў Супраслі працягнецца

Паўтара мільёна злотых з бюджэту Польшчы прызначаныя на ахову гістарычных помнікаў у праваслаўным комплексе ў Супраслі, што на Беласточчыне.Мужчынскі манастыр у Супраслі быў пабудаваны на пачатку XVІ ст. па ініцыятыве наваградскага ваяводы і маршала ВКЛ Аляксандра Хадкевіча. З часам манастыр стаў вельмі важным асяродкам не толькі духоўнага, але і культурніцкага жыцця.Цэлы манастырскі комплекс цягам гісторыі быў не раз адабраны ў Праваслаўнай царквы. Пазней быў вернуты назад. Падчас Другой Сусветнай вайны манастырскія будынкі былі амаль цалкам знішчаныя. У 90-я гады XX стагоддзя яны былі вернутыя Праваслаўнай царкве, якая пачала рамонтныя і рэстаўрацыйныя працы. Ідуць яны да сённяшняга дня.Менавіта на рамонт і ахову будынкаў выдзеленыя сродкі з бюджэту Польшчы. Галоўным ініцыятарам выдзялення сродкаў для манастыра ў Супраслі з’яўляецца дэпутат Саюзу левых сілаў (SLD) Яўген Чыквін.Ён зазначае, што сродкі на манастыр выдзеленыя не ўпершыню: “Супрасль – гэта вядомы, адзін з найважнейшых духоўных і культурніцкіх цэнтраў праваслаўя ў даўнейшай Рэчы Паспалітай ды сучаснай Польшчы. Для беларусаў гэта таксама важнае месца, бо тут была крыніца духоўнага адраджэння праваслаўнай веры. Ва ўсіх універсітэтах свету, дзе ёсць факультэт славістыкі, навучаюць манастыр у Супраслі. Для нас, праваслаўных, асабліва з Беласточчыне, гэта заданне – адрадзіць манастыр.У 2004-2006 гг. падчас прыняцця дзяржаўнага бюджэту я заўсёды ўносіў прапанову дапамогі манастыру ў Супраслі. Цягам гэтых трох гадоў Сейм падтрымліваў ініцыятыву. А ў 2007 г. гэтых грошай не прызналі. Была спыненая такая, можна сказаць, традыцыя рэканструкцыі будынкаў. Сёлета я зноўку выступіў з такой прапановай. Мяне падтрымалі, і спадзяюся, што рашэнне не будзе зменена”.Я. Чыквін дадае, што беларуская дзяржава таксама некалькі разоў фінансава дапамагла супральскаму манастыру: “Словы падзякі для ўраду Беларусі, які ўпершыню аказаў вялікую дапамогу на пачатку 90-х гг. Сёлета Беларусь таксама значна дапамагла з будаўнічымі матэрыяламі для рэканструкцыі царквы Яна Багаслова. Ад імя праваслаўных вернікаў на Беласточчыне і ад сябе асабіста хачу падзякаваць людзям, якія нам дапамаглі”.Бюджэт дзяржавы яшчэ не зацверджаны канчаткова. Але сп. Чыквін кажа, што палітычныя фракцыі ў польскім парламенце абяцалі падтрымаць прызначэнне сродкаў на манастыр у Супраслі.Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www. polskieradio.pl/zagranica/by)