Беларусь прымуць у Раду Еўропы толькі пасля дэмакратычных рэформ

“Мы чакаем, калі ў Беларусі будуць створаныя неабходныя ўмовы для таго, каб краіна магла стаць паўнавартасным сябрам Рады Еўропы”, – заявіў дарадца генеральнага дырэктарата РЕ па пытаннях дэмакратыі і палітыкі Майкл Інгледаў, адкрываючы 18 студзеня ў Вільні першую сесію Усходнееўрапейскай школы палітычных навук пры Радзе Еўропы.М. Інгледаў адзначыў, што Беларусь на сёння – адзіная краіна, якая не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы. “Нягледзячы на гэта, мы ўсё ж рэалізуем некаторыя сумесныя праграмы, – падкрэсліў ён. – Найперш гэта адукацыйныя, культурныя і моладзевыя праграмы. Мы таксама актыўна працуем з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Але самае галоўнае для нас – гэта ўсё-ткі палітычнае ўзаемадзеянне з Беларуссю”.Сп. Інгледаў падкрэсліў, што цяперашні старшыня Рады Еўропы – Славакія – адным з прыярытэтаў свайго старшынства назваў садзейнічанне набліжэнню Беларусі да Еўропы. “На наступным тыдні мы будзем абмяркоўваць са славацкімі ўладамі, што можна зрабіць для таго, каб Беларусь стала бліжэй да Рады Еўропы”, – сказаў М. Інгледаў.Ён таксама адзначыў, што ў рамках зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, якая пройдзе ў Страсбургу 21—25 студзеня, пытанне аб Беларусі будзе абмяркоўвацца на пасяджэннях розных камітэтаў і падкамітэтаў арганізацыі.У сваю чаргу каардынатар праграм школ палітычных даследаванняў генеральнага дырэктарата Рады Еўропы Франсуа Фрэдэрык адзначыў, што адкрыццё беларускай школы з’яўляецца “вынікам вельмі доўгага і карпатлівага падрыхтоўчага працэсу”. Паводле яго слоў, гэта ўжо 16-я школа палітычных навук. Першая была адчыненая ў Маскве ў 1992 г.“У кожнай краіне розная палітычная і сацыяльная сітуацыя, таму кожная школа мае свае адрозненні, – сказаў Ф. Фрэдэрык. – Асаблівасць беларускай школы ў тым, што Беларусь пакуль не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы, так што ў нейкім сэнсе гэтая школа і для нас з’яўляецца цалкам новым досведам”.Аднак, адзначыў ён, праграма навучання ва ўсіх школах палітычных навук накіраваная на пасоўванне каштоўнасцяў Рады Еўропы, галоўнымі з якіх з’яўляюцца дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства закона. “Гэтыя школы з’яўляюцца спосабам пасоўвання новай палітычнай культуры на аснове дыялогу і талерантнасці да розных меркаванняў і поглядаў, – сказаў Ф.Фрэдэрык. – У выпадку з Беларуссю галоўная мэта школы – дапамога ў ажыццяўленні дэмакратычных ператварэнняў у Беларусі”.Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)