У ЗША беларус Пятро Бярдоўскі стаў “самым скандальным мастаком году”

28-гадовы бостанскі беларус Пятро Бярдоўскі, больш вядомы ў амерыканскіх мастацкіх колах як Зэблер, названы шэрагам выданняў ЗША “самым скандальным мастаком году”.Колішні навучэнец гарадзенскай школы № 10 апынуўся ў ЗША ў 1996 г. па праграме міжнародных абменаў. Тут ён папрасіў палітычнага прытулку. Адукацыю атрымаў у каледжы мастацтваў у Масачусетсе.Паводле бостанскіх крытыкаў, мастацкі напрамак Бярдоўскага – адна з формаў відэа-арту, “настолькі новая, што яе нельга назваць адным словам”. Раней амерыканскія выданні шмат пісалі пра арыгінальныя перформансы Бярдоўскага ў Вашынгтоне, Чыкага, на Алясцы і ў Музеі мастацтва Бэрклі ў Каліфорніі.Апошнім часам Бярдоўскі трапіў у поле амерыканскіх СМІ зусім з іншай нагоды. Летась ён і ягоны калега – амерыканец Шон Стывенс – былі абвінавачаныя ў “стварэнні з дапамагай сваёй творчасці атмасферы страху сярод усяго бостанскага насельніцтва”. Абодва мастакі былі вызваленыя з залі суду пад заклад у 2,5 тысячы даляраў.У адрозненні ад свайго калегі Ш. Стывенса, які рэзка спыніў усе кантакты з прэсай, П. Бярдоўскі ніколькі не саромеецца. Ён ахвотна і з падрабязнасцямі расказвае пра леташні скандал. Усё пачалося з таго, што разам са Стывенсам яны па дамове з маркетынгавай кампаніяй “Turner Broadcasting” усталявалі ў Бостане светлавыя табло і пры дапамозе ліхтарыкаў стварылі на іх вядомыя вобразы аднаго папулярнага анімацыйнага серыялу для дарослых. Гэта былі: шклянка з кока-колай, мясны кавалачак, іншыя стравы фаст-фуду. Калі ў серыяле гэтыя героі не саромеліся гаварыць непрыстойныя жарты, то ў рэкламе яны дэманстравалі непрыстойныя жэсты.Неўзабаве правады і кабелі ля табло насцярожылі паліцыю. Адначасна ў ФБР трапіла інфармацыя пра магчымы тэракт. На месцы, дзе па вечарах з’яўляліся героі “мульцікаў”, прыбылі брыгады сапёраў. Бярдоўскага і Стывенса арыштавалі. Іх абвінавачвалі ў нагнятанні панікі сярод гарадскога насельніцтва. Аднак потым пракуратура прызнала, што выйграць гэтую справу наўрад ці магчыма.Сваім цяперашнім званнем “Самы скандальны чалавек году” П. Бярдоўскі вельмі ганарыцца. У размове з прэсай, “патлаты і эпатажны” Бярдоўскі, рэагуе на ўсё з прысутным яму “надзвычайным пачуццём гумару”. Друкаваным медыям ён прапануе набыць тыя фрэскі, якія ён з Ш. Стывенсам зрабіў на будынку шпіталю ў часе папраўчых грамадскіх прац. Гэта мастацтва ён называе мастацтвам апошняй генерацыі, “своеасаблівым пюрэ з уласнага мастацтва і твораў іншых”.У размове з “Associated Press”, якая адбылася літаральна днямі, Бярдоўскі, у прыватнасці, сказаў: “Я разглядаю увагу СМІ як падставу для майго поспеху ў якасці ў мастака. Для мяне важная кожная магчымасць з’явіцца на публіцы”.Нядаўняя экспазіцыя П. Бярдоўскага ў музеі ў Берклі выклікала надзвычайны інтарэс сярод знаўцаў і аматараў лічбавага мастацтва. Як кажа куратар выставы Рычард Рынегарт, “ каля 500 чалавек прыйшлі ў музей адмыслова на перформанс Бярдоўскага, і ўсе яны былі ўражаныя ягонай творчасцю.”Паводле Рынэгарта, ён арганізаваў выставу не з-за “дурной славы” мастака, а па рэкамендацыі сваіх калегаў. “Аднак, – дадае Рынэгарт, – палітычны скандал такога кшталту добра спрацоўвае ў Берклі”.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение