Персанальная выстава ў Парыжы Хаіма Суціна

У Парыжы працуе персанальная выстава французскага мастака беларускага паходжання, аднаго з лідэраў экспрэсіянізму Хаіма Суціна.У экспазіцыі каля 80 карцін. Невялікая частка з іх трапіла на выставу з сусветна вядомых мастацкіх музеяў. Большая частка невядомая шырокай публіцы, паколькі з’яўляецца ўласнасцю прыватных калекцыянераў Японіі, Швейцарыі, Нямеччыны, Францыі, ЗША. Як пішуць мастацкія аглядальнікі, верагоднасць таго, што у хуткім часе гэтыя творы зноў збяруць пад адным дахам – невялікая.Выстава Суціна адкрылася ў лістападзе. Аднак найбольшы наплыў наведнікаў назіраецца зараз. Парыжская мастацкая галерэя “Пінакатэка” знаходзіцца побач з вядомым гастраномам “Фашон”. Купляючы шампанскае ў гэтак званым храме гастраноміі, парыжане і шматлікія турысты, зазіраюць і ў гэты храм мастацтва.

Міфы пра паходжанне

Паводле Петэра Кропманса, аглядальніка швейцарскай “Neue Zuercher Zeitung”, шматлікія наведнікі экспазіцыі, якія штодня рухаюцца па трохузроўневым лабірынце выставы, знаёмяцца не толькі з нервовым, па-экспрэсіянісцку гіпертрафаваным светам Х. Суціна, але з незвычайнай біяграфіяй гэтага мастака. Яна прадстаўленая ў розных праспектах, буклетах ды на інфармацыйных стэндах экспазіцыі. Так многія аматары творчасці Суціна ўпершыню даведваюцца пра беларуска-габрэйскае паходжанне мастака. А не пра літоўска-габрэйскае ці расійска-габрэйскае, як пра гэта пісалася на Захадзе раней. Сапраўды, у Расіі Х. Суцін ніколі не жыў. Ён нарадзіўся 115 гадоў таму ў мястэчку Смілавічы пад Мінскам, у беднай сям’і краўца. Вучыцца на мастака пачаў у 14-гадовым узросце ў Мінску, потым у 17 год трапіў у Вільню. У мясцовым габрэйскім таварыстве заўважылі талент юнака і параілі яму ехаць вучыцца далей, у культурніцкую сталіцу свету – Парыж.У 1913 Хаім Суцін апынуўся на Манпарнасе. Дарэчы, у адной кампаніі са сваімі землякамі – Маркам Шагалам з Віцебску, Пінхусам Крэменем з Віленшчыны, Ісакам Кікоіным з Коўна. Ва ўспамінах сучаснікаў Суцін выглядаў вельмі дзіўным чалавекам. Да канца жыцця ён размаўляў па-французску з моцным местачковым акцэнтам. Вонкава быў падобным на кляшара, нярэдка апранаў старое паліто на голае цела. Суседзі Суціна пастаянна скардзіліся на яго ў паліцыю: у сваёй кватэры мастак літаральна складаваў гнілое мяса, бо яно было сталай тэмай ягоных нацюрмортаў. З-за вар’яцкага характару Суціна пакідалі натуршчыцы і сябры.Па сутнасці, адзіным ягоным сябрам быў Амадэа Мадзільяні. Яны пазнаёміліся ў 1915 г. і адразу пасябравалі.Прарэктар беларускай акадэміі мастацтваў Міхал Баразна належыць да тых, хто напачатку 90-х пачынаў прапагандаваць творчасць Суціна на радзіме мастака – у Беларусі: “Суцін – адзін з пачынальнікаў каларыстычнага экспрэсіянізму ў еўрапейскім маштабе і з’яўляецца адным з лідэраў гэтага працэсу. Гадоў 15 таму я ўдзельнічаў у стварэнні на БТ перадачы пра яго. У Беларусі сярод спецыялістаў, якія цікавяцца мастацтвам, жывапісам, ён вядомы з сярэдзіны 60-х, а сярод шырокага кола аматараў мастацтва – дзесьці гадоў 15, ня болей. Вядомасць прыйшла ў звязку з публікацыямі ды тэлевізійнымі праграмамі пра ягоны лёс, пра Смілавічы – месца, дзе ён нарадзіўся. Дарэчы, калі бываеш у гэтым мястэчку, то яго жыхары могуць расказаць кароткую біяграфію гэтага мастака”.

Беларусы убачаць карціны толькі па запрашэнні
Паводле М. Баразны, беларускія аматары творчасці Суціна, безумоўна, хацелі б убачыць арыгінальныя працы мастака. Але ж самая вялікая перашкода на гэтым шляху – працэдура атрымання віз. Як лічыць беларускі мастак, усё гэта было б куды менш складана, калі б беларускія турыстычныя агенцтвы паспрабавалі арганізаваць адмысловыя туры ў Парыж.У французскай амбасадзе ў Мінску паведамілі, што падобных прапановаў ад турфірмаў да іх не паступала. На пытанне, ці можна трапіць на выставу ў Парыж без нейкіх адпаведных запрашэнняў з французскага боку, супрацоўніца амбасады адказала: “Я думаю, што такой магчымасці няма. Шкада, аднак запрашэнне з’яўляецца галоўнай падставай дзеля таго, каб выдаць візу. Я разумею, што ёсць вялікая цікавасць, аднак для візавай службы патрэбная адпаведная папера”.Для асобаў, маладзейшых за 25 год, віза ў французскай амбасадзе выдаецца бясплатна, для іншых яна каштуе 60 еўра . Выстава ж Хаіма Суціна ў Парыжы працягнецца да канца студзеня.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение