Нараджэнне Хрыстова ў Польшчы

Частка праваслаўных і грэка-каталіцкіх вернікаў святкавалі 7 студзеня свята Божага Нараджэння. Як гэты дні прайшлі ў Польшчы?Некалькі тысяч праваслаўных і грэка-каталікоў з польскага Прыкарпацця, якое мяжуе з Украінаю, адсвятквалі Божае Нараджэнне. Арцыбіскуп Адам Дубэц падкрэсліў, што Раство з’яўляецца адным з найбольш радасных святаў у праваслаўнай царкве. Арцыбіскуп дадае, што ў гэтыя дні царква асаблівую ўвагу прысвячае сям’і, якая ў сучасным свеце мае шмат праблемаў.А. Дубэц адзначыў: “Сям’я павінна быць поўнаю сям’ёю. У сённяшнія часы альбо бацька, альбо маці выязджаюць за мяжу. Царква не падтрымлівае такіх выпадкаў, бо ў выніку часта сям’я развальваецца. Таму ў гэтыя святы Раства мы асабліва зазначаем, што сям’я – гэта аснова”.Грэка-каталіцкі арцыбіскуп Ян Мартыняк кажа, што святы, якія пачаліся ў Віфлееме амаль дзве тысячы гадоў таму, трываюць безупынна. Нарадзіўся Божы Сын, які ў царкве прысутнічае ў святых сакраментах і людзях. Арцыбіскуп падкрэслівае, што святы не могуць быць адарванымі ад жыцця чалавека, які патрабуе цішыні і роздуму. На жаль, гэтаму перашкаджае камерцыя.Я. Мартыняк адзначае: “Камерцыя цалкам закрыла людзям вобраз Божага Нараджэння. Я бачу, што царква з гэтым змагаецца, але гэта вельмі складана. Людзі прызвычаіліся да камерцыі, якая не паказвае сапраўднага сэнсу святаў. Вяртаецца тое, што калісьці было ў камуністычнай Расіі – нарадзілася зорка, нарадзіўся Дзед Мароз. Сёння мы бачым тое ж – камерцыя, якая не дае часу на роздум і мысленне”.З першага дню святаў, у шматлікіх падляшскіх мясцовасцях з’яўляюцца калядоўшчыкі. У народнай традыцыі захавалася мноства старых калядак, якія спяваліся ў святы, але не мелі хрысціянскіх матываў. Сёння аднак пераважаюць рэлігійныя спевы. Ксёндз Марэк Мацюка адзначыў: “Гэта феномен нашай славянскай культуры і традыцыі. Асабліва моцна калядкі існуюць у рыма-каталіцкім касцёле ў польскай традыцыі, але таксама і ў праваслаўнай царкве ў Польшчы. Спяванне калядак характэрна для паўднёвых славян – тэрыторыя Польшчы, Украіны, Беларусі. У сваю чаргу ў Расіі калядкі амаль не вядомыя”.Пра супольную культурніцкую спадчыну палякаў, беларусаў і ўкраінцаў можа сведчыць факт, што на Падляшшы часта тыя ж самыя калядкі спяваюцца на трох мовах. Першыя друкаваныя зборы царкоўных калядных спеваў з’явіліся ў XVІІ ст., а залатым перыядам іх развіцця лічыцца XІX ст.М. Мацюка распавёў: “Гэта залаты час, у якім жыло шмат выдатных кампазітараў. Безумоўна, гэта мела ўплыў і на калядкі. Я толькі нагадаю імёны некалькіх украінскіх кампазітараў, якія займаліся каляднымі спевамі – Кошыт, Леантовіч. Яны апрацавалі цэлы шэраг звычайных народных калядак, якія цяпер спяваюцца ў праваслаўных цэрквах”.Згодна з традыцыяй, калядкі спяваюцца да свята Хрышчэння Хрыста.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” http://www.polskieradio.pl/zagranica/by)