3 студзеня споўнілася 50 гадоў Данчыку

Спявак беларуска-ўкраінскага паходжання, народжаны ў Нью-Ёрку, неаднаразова прыязджаў з канцэртамі ў Беларусь. У гонар любімага спевака беларусы ў розных краінах называюць сваіх дзяцей Багданамі, мараць пачуць яго новыя песні і прыйсці на новыя яго канцэрты.Спецыяльны выпуск самай першай у новым годзе перадачы “Беларускае замежжа” з удзелам беларусаў з розных краінаў прысвечаны Данчыку – любімаму спеваку беларусаў розных узростаў з розных краінаў.

Першы альбом “Беларусачка” выйшаў у 1977 г.
Данчык нарадзіўся, вучыўся і пражыў большую частку жыцця ў Нью-Ёрку. Ягоны бацька Паўло – украінец, а маці Юлія – беларуска. З дзяцінства Данчык выдатна ведае і беларускую, і ўкраінскую мовы. Калі яму было 16 год, ён трапіў на канцэрт “Песняроў”, – ансамбль гастраляваў у Амерыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом, які стаўся першай беларускім дыскам у ЗША.“Беларусачка” – так называўся самы першы альбом Данчыка. “Беларусачка” была запісаная ў 1977 годзе ў ЗША і выдадзеная на кампакт-дыску праз 30 год ў Мінску.Пасля Данчык запісаў яшчэ пяць альбомаў.Апошні альбом, “Калядныя песні”, запісаны Данчыкам у 1997 г., пасля апошняга канцэрта ў Амерыцы, калі ён заявіў, што спыняе сваю музычную кар’еру. Асноўным заняткам Данчыка стала журналістыка.Цяпер “Беларуская музычная альтэрнатыва” распачала ў Беларусі перавыданне на кампакт-дысках усіх альбомаў Данчыка – нядаўна, 19 снежня 2007 г., у мінскай сядзібе БНФ прэзентаваліся адразу тры кампакт-дыскі Данчыка.Кіраўнік праекту Віталь Супрановіч і музыказнаўца Вітаўт Мартыненка дапоўнілі і ўдакладнілі выданне дыскаграфіі Данчыка, адшукалі і дадалі альбом украінскіх песень у ягоным выкананні. У адзін з дыскаў увайшоў і дакументальны фільм “Данчык”, зняты “Беларусьфільмам” падчас прыезду спевака ў Беларусь у 1989 г.
Ці выступіць Данчык з канцэртамі ў Беларусі зноўку?
Тады Данчык выступаў таксама і ў Вільні. У Вільні, дарэчы, і карані Данчыка: бабуля Данчыка, Яніна Каханоўская – пляменніца ўтваральнікаў БНР Антона і Івана Луцкевічаў, вядомых віленскіх беларускіх дзеячаў.Людвіка Кардзіс, актывістка і адна з лідэраў грамадскай арганізацыі “Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”, прыгадвае прыезд Данчыка і распавядае, што захаваліся унікальныя фотаздымкі таго часу і аўдыёзапісы з віленскіх канцэртаў Данчыка, запісаных светлай памяці Лявонам Антонавічам Луцкевічам, якога Данчык называў сваім віленскім дзядулем.Рэдактар беластоцкай “Нівы” Яўген Вапа распавёў пра канцэрты Данчыка ў Беласточчыне ды прыгадаў, якім святам для людзей быў яго прыезд.Слухачы, самыя розныя людзі з Беларусі гавораць пра Данчыка – яго ведаюць, слухаюць, любяць і чакаюць з новымі канцэртамі. Чакаюць Данчыка і ў Беласточчыне, і на Віленшчыне. У Вільні беларусы перакананыя, што Данчык ужо пачаў ізноў спяваць, і першы яго канцэрт мае быць цяпер менавіта ў Вільні, дзе змогуць сабрацца людзі з самых розных краінаў.А музычны крытык з Менску Зміцер Падбярэзкі паведаміў, што прадстаўнікі музычна-клубнай сферы Беларусі ўжо звярталіся да яго з сур’ёзнымі запытамі адносна магчымых канцэртаў Данчыка, і нават выдатныя беларускія гітарысты, якія маглі б падыграць спеваку, ужо вызначаныя. “Добра было б, каб Данчык прыехаў з канцэртам – гэта было б проста класна”, – кажа Зм. Падбярэзкі.На жаль, няма цяпер магчымасці паслухаць адказ самога Данчыка – але гэта, пэўна, азначае, што перадача “Беларускае замежжа” яшчэ вернецца да гэтай тэмы, а песьні Данчыка будуць і надалей гучаць на нашых хвалях.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)