24-гадовы беларус шосты раз запар стаў найлепшым праграмістам свету

Аспірант пецярбургскага Універсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі Генадзь Караткевіч шосты раз запар стаў найлепшым праграмістам свету па выніках конкурсу Google Code Jam. Пра гэта паведамляе прэс-служба ВНУ.

«Аспірант Універсітэта ІТМО Генадзь Караткевіч зноў не саступіў нікому тытул чэмпіёна міжнароднага турніру па праграмаванні Google Code Jam, які праходзіў у Сан-Францыска. Гэта яго шостая перамога запар на адным з найбуйнейшых камп'ютэрных спаборніцтваў. Такіх поспехаў не дабіваўся ніводны праграміст планеты: іншым удзельнікам удавалася перамагчы максімум двойчы», — гаворыцца ў паведамленні.

Google Code Jam праводзіцца кампаніяй Google з 2003 года і лічыцца адным з самых прэстыжных і масавых чэмпіянатаў свету па праграмаванні: штогод ён збірае звыш 50 тыс. удзельнікаў, у фінал выходзяць 25 чалавек.

Генадзь Караткевіч нарадзіўся ў Гомелі. Скончыў гімназію №56. Вучыцца ў Пецярбургу. Ён — двухразовы пераможца міжнароднага чэмпіянату свету па праграмаванні ICPC (2013 і 2015 гадоў), пяціразовы чэмпіён «Яндэкс.Алгарытма», пераможца і прызёр іншых найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў «Вялікага праграмісцкага шлема».

nn.by