18 студзеня – Адкрыецца каворкінг для беларускіх журналістаў у Беластоку

У Беластоку 18 студзеня плануецца адкрыццё каворкінгу для журналістаў з Беларусі. Улады горада перадалі памяшканне тым журналістам, якія мусілі выехаць з Беларусі. На адкрыццё каворкінгу таксама рыхтуецца выстава.

Кажа Руслан Кулевіч, журналіст:

– Афіцыйнае адкрыццё нашага каворкінгу 18 студзеня. У студзені мы плануем таксама зрабіць пра 76-ы пяхотны полк Людвіка Нарбута. Гэта ў Гародні да вайны быў такі полк. Да нас звярнуўся хлопец, які жыве ў Беластоку, ён збірае фотаздымкі гэтага архіву, я збіраю таксама фотаздымкі. І мы вось такую агульна беларуска-польскую выставу зробім і для палякаў, і для беларусаў, бо нас аб’ядноўвае вось гэты полк, тыя беларусы, якія служылі ў польскім палку да Другой сусветнай вайны.

Цяпер у каворкінгу месціцца сядзіба „Гродналайф” і рэгіянальнага партала Магілёва, кожны журналіст можа прыходзіць і супольна працаваць.  

Францішак Цярэшка, «Беларускае Радыё Рацыя»