«Плянавалі выдаць 50 кніг, выдалі 150». Інстытут беларускай гісторыі і культуры адзначае сваё пяцігодзьдзе

Інстытут беларускай гісторыі і культуры быў зарэгістраваны 28 сакавіка 2012 году ў Латвіі, таму што ў Беларусі «немагчымая рэгістрацыя грамадзкіх аб’яднаньняў нацыянальна-патрыятычнага характару». Міністэрства юстыцыі, кажуць заснавальнікі, пастаянна шукае і знаходзіць якую-небудзь фармальную падставу, каб адмовіць у рэгістрацыі, кажа навуковы сакратар інстытуту, прафэсар Анатоль Тарас: «Плянавалі выдаць 50 кніг, выдалі 150».

Дырэктар інстытуту, магістар эканомікі Віктар Яўмененка заўважыў, што адлік каляндарнага году лічыцца з даты заснаваньня — з красавіка. Асноўны кірунак працы інстытуту — асьветніцкі. Цяпер інстытут вядзе працу па некалькіх праектах: выдае кнігі ў сэрыі «Невядомая гісторыя» (выдадзена больш за 50 кніг); гістарычны альманах «Дзяды» (выйшла 17 выпускаў агульным аб’ёмам 4628 старонак); сэрыю брашур «100 выбітных дзеячаў беларускай культуры ХІХ—ХХ стагодзьдзяў» (выдадзена больш за 70 назваў).

Віктар Яўмененка

«Усе магло быць больш актыўна, але інстытут працуе ў межах сваёй стратэгіі і фінансавых магчымасьцяў і спыняцца не зьбіраецца», — падсумаваў спадар Яўмененка.

Анатоль Тарас

Навуковы сакратар інстытуту прафэсар Анатоль Тарас заўважыў, што хоць афіцыйную рэгістрацыю атрымалі 5 гадоў таму, першая кніга выйшла яшчэ ў 2006 годзе. За гэты час выдалі больш за 150 кніг, зь іх 88 — на беларускай мове:

«У сеціве ёсьць тры інфармацыйныя сайты. Інстытут таксама праводзіць навукова-практычныя канфэрэнцыі па праблемах гісторыі, культуры, мэнтальнасьці — за гэтыя гады праведзена ўжо 10 канфэрэнцый.

Інстытут таксама заснаваў штогадовую прэмію імя Вацлава Ластоўскага за лепшую гістарычную працу году. Увосень 2016 году ў Курапатах быў усталяваны 5-мэтровы крыж памяці Ластоўскага.

Нас мала, але ўсё тое, што плянуем — выконваем. Плянавалі 50 кніг, выдалі 150», — кажа Анатоль Тарас.

Уладзімер Арлоў

Кінарэжысэр Уладзімер Арлоў напісаў 10 кніг з сэрыі «100 выдатных дзеячаў» — пра Ўладзімера Караткевіча, Кандрата Крапіву, Генадзя Цітовіча, Яўгена Глебава, Барыса Райскага, Уладзімера Мулявіна, Сяргея Грахоўскага, Валера Рубінчыка ды іншых.

«Прычым, калі многія абяцаюць напісаць брашуру за тры месяцы, а потым на тры гады зьнікаюць, Арлоў прыносіць бездакорны рукапіс праз два тыдні», — кажа Анатоль Тарас.

Ігар Мельнікаў

Гісторык Ігар Мельнікаў, аўтар некалькіх кніг з сэрыі «100 выбітных дзеячаў», адзначыў каштоўнасьць і цікавасьць навуковых канфэрэнцый, якія ладзіліся Інстытутам беларускай гісторыі і літаратуры.

Мечыслаў Бурак

А эканаміст Мечыслаў Бурак падсумаваў: «Дзейнасьць Інстытуту эфэктыўная, вынікі плённыя, пэрспэктывы ёсьць».

“Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение