Беларуска, якая працуе доктарам у ЗША: «Калі ў цябе няма страхоўкі, табе не пашанцавала»

Вольга Бераснева жыве ў Амерыцы больш за дзесяць гадоў. Пасля другога курса лінгвістычнага ў яе з’явілася магчымасць эміграваць з Беларусі, і яна рызыкнула. Вяртацца не захацела, таму ўладкавалася ў фінансавы аддзел аўтамабільнай кампаніі і пайшла вучыцца па новай.

Вольга Бераснева.

«Мне пашанцавала ў тым сэнсе, што працадаўцы аплачвалі маё навучанне. Аднак для гэтага я мусіла вывучаць бізнэс, эканоміку ці фінансы», — распавядае Вольга.

Шэсць гадоў яна сумяшчала працу з навучаннем, хадзіла на заняткі альбо раніцай, альбо ўвечары. Амерыканская сістэма адукацыі вельмі гнуткая, цалкам рэальна скласці такі графік, каб цікавыя прадметы стаялі ў зручны студэнту час. Галоўнае, каб працадаўца таксама быў гнуткі ў плане графіку.

«Чым больш вопыту ў мяне было, тым больш высокую пасаду я займала, — кажа Вольга. — Урэшце я зразумела, што не люблю ўвесь час сядзець за сталом, глядзець у камп’ютар, бясконца лічыць, перакладваць паперкі. Я сышла з гэтай сферы і ўладкавалася ў лабараторыю. Пазнаёмілася з доктарам, які паказаў мне, як выглядаюць клеткі пад мікраскопам. Вось тады я і вырашыла, што пайду ў медыцыну».

Каб паступіць на медыцыну ў Амерыцы, трэба мець вышэйшую адукацыю

Вольга распавядае, што ў ЗША пасля школы немагчыма паступіць на медыцынскі факультэт, для гэтага трэба мець хоць якую вышэйшую адукацыю. Дарэчы, яна можа быць ніяк не звязаная з медыцынай.

Каб паступіць, цягам года Вольга падцягвала ва ўніверсітэце асноўныя профільныя прадметы — фізіку, хімію, біялогію. У Амерыцы ёсць такая магчымасць: наведваць лекцыі толькі пэўны час і па пэўных прадметах.

Далей Вольгу чакалі чатыры гады напружанага навучання. Тут ужо ні пра якое сумяшчэнне з працай гаворка не ішла, вучыцца трэба было і раніцай, і ўдзень, і ўвечары.

Фігуры з лёду, штат Вермант.

Першыя два гады ў амерыканскім медыцынскім універсітэце — гэта ў асноўным лекцыі і экзамены. Студэнты вывучаюць фармакалогію, біяхімію, фізіялогію, анатомію і гэтак далей. Дарэчы, не на ўсе лекцыі хадзіць абавязкова, бо многія з іх запісваюць на відэа, і іх можна праглядаць дома ў зручны час ці, напрыклад, у паскораным тэмпе. Але ў лабараторыі хадзіць абавязкова.

«З першых двух гадоў мне найбольш спадабалася анатомія. У нас была лабараторыя, у якой мы вывучалі чалавечае цела. Усіх студэнтаў, а ў маім класе іх было 175, падзялілі на групы па пяць чалавек і кожнай далі труп. Цягам года яго трэба было вывучаць. Мне падабаліся гэтыя заняткі, трэба было знаходзіць нервы, цягліцы, сасуды.

У той момант я зразумела, што хачу мець спецыяльнасць, дзе я б магла карыстацца рукамі, рабіць імі штосьці. Але ў той час я не думала пра хірургію», — прыгадвае маладая жанчына.

Трэці і чацвёрты курс студэнты амаль увесь час праводзяць у шпіталі. Па два-тры месяцы вывучаюць розныя медыцынскія спецыяльнасці: педыятрыю, гінекалогію і акушэрства, неўралогію і хірургію, а таксама спецыяльнасці, якія займаюцца захворваннямі ўнутраных органаў (кардыялогія, пульманалогія, гастраэнтэралогія і гэтак далей).

«Калі на трэцім курсе я пабывала ў аперацыйнай, зразумела, што больш нідзе не хачу працаваць. Да гэтага я думала, што ніколі не пайду ў хірургію, бо чула, наколькі гэта цяжка і як доўга трэба вучыцца», — кажа Вольга.

Стральба з лука ў Ісландыі. На фота справа — веласіпедны праезд у Нью-Ёрку.

Пасля чатырох гадоў навучання выпускнікі мусяць абраць спецыяльнасць у медыцыне, якую будуць атрымліваць у рэзідэнтуры (у Беларусі гэта прынята называць інтэрнатурай). Яны ездзяць па розных шпіталях і праходзяць сумоўі. Потым выпускнікі і прадстаўнікі шпіталяў складаюць спісы: першыя пішуць, дзе б хацелі праходзіць рэзідэнтуру, апошнія — якіх студэнтаў гатовыя прыняць. Далей пажаданні супастаўляюцца.

«Калі ты ўдзельнічаеш у гэтай сістэме, то гэта кантракт. Калі ты адкрыў канверт і табе не падабаецца, куды цябе накіроўваюць, ты ўжо не можаш адмовіцца», — адзначае Вольга.

Для будучых педыятраў рэзідэнтура цягнецца тры гады, для будучых хірургаў — пяць-сем гадоў. Пасля, калі ёсць жаданне звузіць спецыяльнасць, трэба вучыцца яшчэ ад года да трох.

Цяпер Вольга заканчвае трэці курс рэзідэнтуры ў бостанскім шпіталі. Яна распавядае, што ў Амерыцы Бостан лічыцца медыцынскай Меккай. Гэта акадэмічны горад, дзе шмат велізарных шпіталяў, дзе дактары займаюцца навукова-даследчай працай. Аднак пасля навучання Вольга не думае тут заставацца.

«Я б хацела пераехаць у больш спакойны горад. Проста працаваць, рабіць аперацыі, клапаціцца пра людзей», — кажа яна.

За гэты час Вольга паўдзельнічала ўжо прыкладна ў 550 аперацыях. Самая доўгая цягнулася 12 гадзін. Аднойчы давялося ратаваць хлопца, які атрымаў агнястрэльнае раненне і ў якога была пашкоджаная аорта — адна з самых вялікіх артэрый, што нясе кроў ад сэрца ва ўсе астатнія органы цела. 

«На першым годзе рэзідэнтуры, якую таксама называюць інтэрнатурай, вучышся даглядаць хворых да і пасля аперацыі. На другім — крытычна хворых, якія ляжаць у хірургічнай рэанімацыі. На трэцім — праводзіш шмат часу ў прыёмным пакоі, дзе аказваеш кансультатыўна-дыягнастычную і лячэбную дапамогу пацыентам з хірургічнымі захворваннямі (напрыклад, апендыцытам ці дыверцікулітам). Галоўная задача на гэтым этапе — навучыцца ставіць дыягназ. Цягам гэтага года таксама вучышся аказваць экстранную медыцынскую дапамогу пацыентам, якія атрымалі траўму, — тлумачыць маладая жанчына.

— На працягу гэтых трох гадоў мы таксама аперыруем. Чым больш вопыту, тым часцей аперыруеш, удзельнічаеш у больш складаных аперацыях. На чацвёртым і пятым годзе рэзідэнтуры аперыруеш амаль увесь час. Ты ўжо кіруеш камандай, адказваеш за ўсіх, у каго меншы вопыт. Раніцай робіш абход пацыентаў, прызначаеш лячэнне, дыягнастычныя тэсты, вырашаеш, каму патрэбна аперацыя або нейкая пэўная працэдура, а каго можна выпісваць з лякарні. Вядома, над усiмі нас ёсць старэйшыя дактары, з якімі мы абмяркоўваем сітуацыю пацыента і як яго трэба лячыць, і апошняе слова заўсёды за імі».

Колькі зарабляюць дактары ў Амерыцы

Пакуль студэнт атрымлівае адукацыю на медыцынскім факультэце, плаціць толькі ён. Калі ж ідзе ў рэзідэнтуру і дапамагае дактарам, удзельнічае ў аперацыях, то пэўны заробак ён атрымлівае. Канечне, нашмат меншы, чым у дасведчаных спецыялістаў, але даход усё ж мае.

«У Амерыцы дактары добра зарабляюць, у сярэднім каля $250 тысяч у год [або каля $20 тысяч у месяц — НН].

Але многае залежыць ад спецыяльнасці, ад геаграфіі. Нашмат больш атрымліваюць вузкія спецыялісты. Больш зарабляюць дактары, якія працуюць у цэнтральнай частцы ЗША. Таксама мае значэнне, у прыватнай кампаніі працуе доктар ці ў дзяржаўным шпіталі. У шпіталі звычайна спецыялісты атрымліваюць крыху менш», — тлумачыць Вольга.

У Мексіцы.

«Медыцына тут вельмі дарагая, вельмі!»

Доктарка распавядае, што большасць амерыканцаў маюць медыцынскую страхоўку. Многія атрымліваюць яе ад працадаўцы, тады яна даецца бясплатна або са зніжкай. Калі ж чалавек працуе сам на сябе, то мусіць набываць яе па поўным кошце за вялікія грошы. Многія людзі папросту не могуць сабе гэтага дазволіць.

Цана страхоўкі залежыць таксама і ад узросту таго, хто яе набывае. Для маладога і здаровага чалавека яна будзе каштаваць каля $350 у месяц. Для сталага чалавека, у якога ёсць пэўныя праблемы са здароўем, цана будзе вышэйшай. Што тычыцца пенсіянераў, то пасля 65 гадоў ім даюць дзяржаўную медыцынскую страхоўку.

«Ёсць закон у Амерыцы, паводле якога, калі пацыент трапляе ў бальніцу, мы не можам адмовіць яму ў дапамозе, хай сабе ў яго і няма страхоўкі. Калі прывозяць чалавека пасля аварыі і яму трэба аперацыя, мы зробім усё, каб выратаваць яго жыццё. Але калі ў яго раптам не было страхоўкі, ён атрымае гіганцкі рахунак, — тлумачыць Вольга. — Калі пацыент не аплачвае яго, то гэтая сума запісваецца на яго рахунак у крэдытным бюро, якое сочыць за тым, як людзі сплачваюць свае пазыкі. Вельмі важна, каб крэдытная гісторыя была чыстай, таму што ўсе, у тым ліку і працадаўцы, глядзяць на гэта і ўлічваюць пры прыняцці рашэнняў».

Вольга гаворыць, што людзі, якія сутыкаюцца з ракам, якім патрэбная, да прыкладу, хіміятэрапія, часам папросту разараюцца, прадаюць дамы, бо не хапае сродкаў аплаціць медыцынскія паслугі.

«У кожным вялікім горадзе ёсць шпіталь, які субсідуецца дзяржавай, тут дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў цяжкім сацыяльным становішчы. Дарэчы, я працую менавіта ў адным з такіх шпіталяў, — кажа Вольга. — Сюды часта звяртаюцца людзі з вельмі цяжкімі хваробамі. У іх няма грошай на страхоўку, таму яны не могуць дазволіць сабе хадзіць да дактароў, сачыць за сваім здароўем, набываць лекі».

Вольгу, як і іншых рэзідэнтаў, час ад часу пасылаюць набірацца вопыту ў іншыя шпіталі. Яна ўжо пабывала ў адной з найбуйнейшых дзіцячых лякарняў у свеце, якая знаходзіцца ў Бостане, а таксама ў бальніцы для ветэранаў.

Доктарка кажа, што некаторыя медыкаменты ў ЗША могуць каштаваць тысячы даляраў. Увесь час тут вынаходзяць новыя, лепшыя лекі, якія, натуральна, каштуюць даражэй.

«Перавага амерыканскай сістэмы ў тым, што мы можам лячыць цяжкія захворванні, мы маем патрэбныя медыкаменты, найноўшыя тэхналогіі, але ўсё гэта вельмі дорага. І чым больш сучасныя сродкі мы маем для лячэння, тым даражэйшай становіцца медыцына. Калі ў цябе няма страхоўкі, табе не пашанцавала. Медыцына тут вельмі дарагая, вельмі!», — акцэнтуе Вольга.

На думку доктаркі, галоўны плюс беларускай медыцыны ў тым, што, хоць яна і не найлепшая, але яна дасяжная. Калі раптам здарыцца апендыцыт, ніхто не дашле астранамічны рахунак.

Гісторыя Франака Вячоркі, якому за лячэнне паламанай нагі ў бруклінскім шпіталі выставілі рахунак $104 тысячы, Вольгу не здзіўляе. У ЗША насамрэч такія расцэнкі на медыцынскія паслугі.

Пра культуру адносін паміж пацыентамі і дактарамі ў Беларусі

Вользе не проста адназначна сказаць, чаму ў Беларусі культура стасункаў паміж дактарамі і пацыентамі часцяком вельмі нізкая.

«Можа, таму што агулам культура такая? Калі на пошце ці ў краме вам ніхто не ўсміхнецца, чаму дактары будуць паводзіць сябе па-іншаму? Ці, можа, некаторыя дактары проста не любяць сваю працу? Большасць паступілі на медыцынскі факультэт пасля школы. Мне складана паверыць, што малады чалавек у 17 гадоў можа свядома абраць сабе прафесію, тым больш, калі гаворка ідзе пра прафесію доктара. Наўрад ці ў гэтым узросце можна правільна ацаніць, якіх ахвяр вымагае гэтая прафесія і якую адказнасць давядзецца несці», — разважае доктарка.

Вольга зазначае, што калі яна паступіла на медыцынскі ў Амерыцы, сярэдні ўзрост першакурснікаў быў 25 гадоў. Яны ўжо дакладна ведалі, чаго хочуць ад жыцця, у іх была моцная ўнутраная матывацыя.

«Я не ўпэўненая, ці ёсць недахоп дактароў у Беларусі, але калі яны працуюць на знос і павінны прымаць шмат пацыентаў кожны дзень, то так можна ператварыцца ў робата, атрымаць прафесійнае выгаранне, — працягвае доктарка. — Ці, можа, беларускія дактары папросту не ведаюць нічога іншага, іх так навучылі. У нас на першым курсе, напрыклад, быў прадмет, дзе вучылі, як спачуваць пацыенту, як паведамляць дрэнныя навіны, як выбудоўваць прыязныя стасункі з людзьмі».

«Вельмі сумую па беларускай кухні»

Сёння Вольга ўжо не ўяўляе сваё жыццё ў іншай краіне.

«У Амерыку прыязджаюць людзі з усяго свету. Тут столькі нацыянальнасцяў, столькі культур, што я не ведаю, ці ёсць яшчэ дзе-небудзь у свеце нешта падобнае. Я люблю вандраваць, а ЗША — велізарная краіна з рознымі ландшафтамі. Тут ты можаш паплаваць у акіяне, палазіць па гарах, пакатацца на лыжах, — кажа Вольга — Калі ў мяне адпачынак, а ён здараецца чатыры разы на год па адным тыдні, мы ўвесь час кудысьці ляцім. Былі ў Ісландыі, на Гаваях, Карыбскім моры, Маямі, лятаем да бацькоў мужа — у Мексіку. Калі да мяне прылятае маці, я імкнуся паказаць ёй як мага больш усяго. Летась я сама правяла тыдзень у Беларусі».

Дарэчы, з мужам, мексіканцам Серджыё, яна пазнаёмілася падчас лыжнага адпачынку, гадоў 14 таму.

Вольга і Серджыё.

«Я паехала са знаёмымі, але яны каталіся нашмат лепш за мяне, таму пайшлі на крутыя горы. Я засталася на больш простых схілах. Памятаю, стаяла ў чарзе, каб падняцца на адмысловым ліфце на вяршыню, а там стаяў знак, што пажадана з кімсьці аб’яднацца, каб не ганяць ліфт упустую. Памятаю, павярнула галаву, а там нейкі хлопец. Запыталася: «Адзін? Паехалі разам». Пакуль мы ехалі, пазнаёміліся, сталі катацца разам. Абмяняліся поштай, і вось ужо тры гады як жанатыя», — прыгадвае маладая жанчына.

Сноўбордынг. На фота справа Вольга вучыцца кіраваць паруснай лодкай.

Сноркелінг.

«Вельмі сумую па родным, сябрам, па беларускай кухні, — прызнаецца Вольга. — Перад прылётам кажу маці, што хачу галубцоў, халоднага, баршчу, дранікаў. Калі прыязджаю ў Беларусь, з’яўляецца думка, што было б цудоўна жыць сярод сваякоў. Але я разумею, што прыязджаць і жыць — гэта розныя рэчы. Хаця, хто ведае, можа, калі я буду хірургам з досведам, прыеду працаваць у Беларусь», — кажа Вольга.

Настасся Роўда, “Наша Ніва”