Беларусы і «выклятыя жаўнеры»: паміж дзьвюма таталітарнымі ідэалёгіямі

Учора, 26 лютага, у Гайнаўцы на Падляшшы ў Польшчы прайшоў марш, арганізаваны актывістамі падляскага аддзелу нацыяналістычнай арганізацыі Нацыянальна-радыкальны лягер (Obóz Narodowo-Radykalny). Летась палітыкі з апазыцыйнай Грамадзянскай плятформы падалі просьбу ў Галоўную пракуратуру Польшчы забараніць гэтую групоўку за прапаганду «фашысцкай ідэалёгіі».

Як Максімюк

Каля сотні маладых людзей — бальшыню зь якіх складалі прыежджыя — прайшлі надвячоркам вуліцамі гэтага 20-тысячнага гарадка, выгукваючы лёзунгі накшталт: «Буры — наш герой!», «Вялікая хрысьціянская Польшча!», «Вечная памяць вам, выклятыя жаўнеры!», «Сярпом і молатам па чырвоных падонках!». Па ходніках ішлі апанэнты гэтага маршу, якія час ад час сьвісталі і крычалі; «Буры — ня наш герой!», «Фашысты, няма нашай згоды на нацыяналізм!» Марш ахоўвала паліцыя, ніякіх гвалтоўных інцыдэнтаў не адбылося.

Марш у Гайнаўцы

Гайнаўскі марш быў прымеркаваны да Дня нацыянальнай памяці пра «выклятых жаўнераў» (Narodowy Dzień Pamięci «Żołnierzy Wyklętych»), які, згодна з парлямэнцкай пастановай 2011 году, у Польшчы адзначаецца 1 сакавіка. Дзень, хоць і не выходны, лічыцца польскім нацыянальным сьвятам, прысьвечаным памяці змагароў антыкамуністычнага падпольля, якое ня склала зброі пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны і змагалася з камуністычнай уладай.

Праблема з гэтым сьвятам для беларусаў на Падляшшы палягае ў тым, што галоўны кандыдат польскіх нацыяналістаў на мясцовага героя — Рамуальд Райс, псэўданім «Буры» — бачыцца беларусамі як злачынец і бандыт. «Буры» адказны за спаленьне ў 1946 годзе некалькіх вёсак і забойства некалькіх (паводле некаторых падлікаў — васьмі) дзясяткаў чалавек мірнага беларускага насельніцтва на Падляшшы, уключна зь дзецьмі і жанчынамі.

Рамуальд Райс («Буры»), фота ваеннага часу

Сёньня ніхто з сур’ёзных польскіх гісторыкаў не аспрэчвае факту, што масавыя забойствы беларусаў у 1946 годзе нельга апраўдаць ніякімі вайсковымі ці палітычнымі прычынамі і што грунтаваліся яны перш за ўсё на рэлігійнай і нацыянальнай нецярпімасьці і нянавісьці католікаў-палякаў да праваслаўных-беларусаў. Польскія сьледчыя з Інстытуту нацыянальнай памяці, якія дасьледавалі справу «Бурага» ўжо ў нашым стагодзьдзі, у 2005 годзе прыйшлі да высновы, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 году на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду».

Я неаднаразова пісаў пра гэты трагічны пэрыяд беларускай гісторыі, у тым ліку і на сайце Свабоды. Паколькі аднак, як кажуць цынікі, «гісторыя мяняецца» і «гісторыя заўсёды пішацца заднім чыслом», лічу, што варта прыгадаць коратка яшчэ раз тое, што датычыць «геройства» Рамуальда Райса, каб зразумець, чым насамрэч зьяўляецца марш польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы, дзе беларусы, паводле афіцыйных зьвестак, складаюць чацьвёртую частку насельніцтва, а паводле неафіцыйных — ня менш за палову.

31 студзеня 1946 году «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія, на загад улады, паехалі ў пушчу на нарыхтоўку дроваў для школы. «Буры» загадаў адпусьціць усіх фурманаў-каталікоў, а праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сьведчаньняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.

1 лютага «Буры» спаліў вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах ягоныя жаўнеры забілі 15 чалавек, пераважна жанчын і дзяцей.

Залешаны, люты 1946. Забітыя маці зь дзецьмі

2 лютага аддзел «Бурага» спаліў вёску Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі (загінулі 9 чалавек). Я быў у Занях у 1990 годзе і гаварыў са сьведкамі той трагедыі. Дазволю сабе працытаваць адно сьведчаньне 50-гадовай жанчыны, якое я тады запісаў і апублікаваў у беластоцкай «Ніве». У 1946 годзе сьведцы было шэсьць гадоў, і яна цудам ацалела ў тым пагроме:

«Мама ўзялі польскую ікону, была ў нас адна, і выйшлі на двор. Мы ўсе за ёю. Брат, я памятаю, пасьпеў захапіць з сабою школьны тарністар. Мы хадзілі ў школу ў Занях, вучыў нас найстарэйшы наш брат, Янак, яго ў той час дома не было, бо старэйшыя хлопцы і мужыкі здаўна ўжо ў хатах не начавалі. Хто дзе, у клуні, на вышках у хляве або на грушы, абвязаўшыся вяроўкаю, каб ня ўпасьці, калі засьне. Стаімо мы перад нашым домам, а яны ідуць вуліцай і заходзяць у наш панадворак. Адзін зь іх узяў і прыставіў мне пісталет да галавы. „Поляцы чы бялорусы?“ — пытаецца. „Пане, мы поляцы, не забівайце нас“, — кажуць мама. — „Як пан не вежы, то нех запыта у сонсядкі. Она католічка“. Цераз вуліцу жылі католікі, нашы суседзі. Мама пабачылі, што суседка ...цкая стаіць перад домам, і падумалі, што за нас заступіцца. Бо мы зь імі жылі як адна сям’я, гэта я тут праўду, як на споведзі, кажу. Яны былі бедныя, а нашы мама былі шчырыя, спагадлівыя, і памагалі ім чым маглі. Адзін пайшоў пытацца, ці палякі мы. І тая ...цкая сказала, ведаеце, з такой пагардай ці са злосьцю: „Так, так, полякі“. Ён вярнуўся і стрэліў зь пісталета маме ў галаву. Я бачыла, як страшна пырснула кроў маме з галавы. Мама ўпалі каля хаты. Брат Ёзік кінуўся ўцякаць за хату, за ім стралялі, але не пацэлілі. Ён прасядзеў усю ноч у акопах за вёскай, вярнуўся на другі дзень, ужо на папялішча. А нас зь сястрою і з тымі сяброўкамі запхнулі ў хату. Адзін зь іх прынёс ад суседзяў акалот саломы, яны ім уваход у пограб закрывалі, бо дзьвярэй не было, завалок яго на гару і запаліў. І потым пайшлі паліць далей».

Бельск. Помнік беларускім фурманам, забітым у 1946 годзе

Як ні дзіўна, у 1995 годзе суд у Варшаве рэабілітаваў «Бурага», на просьбу ягоных нашчадкаў. Суд вырашыў, што забіваючы і палячы мірнае праваслаўнае жыхарства Рамуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна».

Гісторык Алег Латышонак, якога я калісьці пытаў пра гэтую відавочную супярэчнасьць паміж судовым рашэньнем 1995 году і высновай Інстытуту нацыянальнай памяці 2005 году адносна «Бурага», сказаў:

«Тут памылку зрабіў Вайсковы суд, бо ён выдаў прысуд, які супярэчыць польскай канстытуцыі. Канстытуцыя сьцьвярджае, што найвышэйшай каштоўнасьцю ёсьць чалавечае жыцьцё, і тут няма ніякага апраўданьня [для рэйду „Бурага“]. Тады [калі Вайсковы суд агучыў свой прысуд] быў іншы час — усё адбывалася на такім уздыме, маўляў, цяпер мы выпраўляем памылкі камуністычнай улады. Тады гэты суд рэабілітаваў пагалоўна ўсіх. Гэта датычыла ня толькі „Бурага“, але і іншых падпольшчыкаў, якія таксама мелі шматлікія крымінальныя справы, зьвязаныя ўжо не зь беларусамі, а з палякамі».

Вядома, актывістаў з Нацыянальна-радыкальнага лягеру ніякімі аргумэнтамі — ні сьведчаньнямі відавочцаў, ні сьледзтвам Інстытуту нацыянальнай памяці — не пераканаеш. Калі нешта іх і можа пераканаць, дык гэта рэакцыя польскага грамадзтва, якое ў цэлым да праблемы «выклятых жаўнераў» ставіцца неадназначна. Чуваць галасы, што «Бурага» (якога камуністы злавілі і павесілі ў 1949) нельга залічваць у пантэон пацярпелых змагароў з камунізмам, перш за ўсё з увагі на злачынства генацыду супраць падляскіх беларусаў. Але пытаньне ў тым, як доўга і як настойліва палякі будуць падаваць такія галасы. Бо самі беларусы ў Польшчы, баюся, ня ў змозе абараніць праўду аб забойствах сваіх землякоў у 1946 годзе.

У часы камуністычнай Польшчы ўсе бязьвінна забітыя і спаленыя «Бурым» беларусы былі гуртам залічаныя ў ахвяры «змаганьня за ўсталяваньне народнай улады» ў краіне. То бок, жыхары Залешанаў і Заняў загінулі нібыта за тое, што хацелі камунізму ў Польшчы. Такая была ідэалягічная ўстаноўка камуністаў, і разбурыць яе ўдалося толькі ў пачатку 1990-х гадоў журналістам тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку (дзе тады працаваў і я), якія пагаварылі са сьведкамі крывавых падзей 1946 году і запісалі іхныя сьведчаньні ўпершыню так, як яны прагучалі. Прайшло паўстагодзьдзя, і гэтая камуністычная ўстаноўка вяртаецца зноў, гэтым разам у ідэалёгіі польскіх нацыяналістаў з прыпахам фашысцкіх ідэй. Гісторыя, як кажуць, паўтараецца двойчы — першы раз як трагедыя, другі раз як фарс. Мне, зразумела, хацелася б глядзець на марш нацыяналістаў у Гайнаўцы як на фарс. Але чамусьці па сьпіне ходзіць мароз.

Ян Максімюк, “Радыё Свабода”