Амерыканскія беларусы звярнуліся да зяця Трампа з просьбай падтрымаць "незалежную будучыню Беларусі"

Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) заклікала новую адміністрацыю ЗША працягваць аказваць падтрымку незалежнай суверэннай Беларусі, кіруючыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі ў адпаведнасці з дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Пра гэта гаворыцца ў звароце БАЗА да Джарэда Кушнера, зяця і старэйшага дарадцы прэзідэнта Дональда Трампа. Як падкрэсліваецца ў звароце, сям'я Кушнера мае сувязі з Беларуссю. Беларуска-амерыканскае задзіночанне прапануе арганізаваць сустрэчу, каб праінфармаваць яго і аб сваёй дзейнасці, і аб Беларусі.

Джаред Кушнер и Дональд Трамп

«БАЗА, заснаваная ў 1949 годзе, інфармуе ўрад ЗША пра апошнія падзеі ў Беларусі і прапануе рэкамендацыі па пытаннях палітыкі, – гаворыцца ў звароце. – З моманту прыходу Уладзіміра Пуціна да ўлады ў Расеі незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, бо Крэмль актыўна пашырае сваю сферу ўплыву, падрываючы права суседніх народаў на правядзенне сваёй уласнай палітыкі. Яскравым прыкладам гэтага з'яўляецца анэксія Крыма Расеяй, якая дэманструе, што Крэмль абвяргае міжнароднае права і кідае выклік інтарэсам ЗША ва ўсходняй Еўропе. Многія беларускія амерыканцы асцерагаюцца, што анэксія Беларусі можа адбыцца ў найбліжэйшай будучыні».

Аўтары звароту лічаць, што «захаванне стратэгічных інтарэсаў Злучаных Штатаў у Беларусі мае першараднае значэнне, а незалежная будучыня Беларусі павінна атрымаць належную ўвагу на самым высокім узроўні». «Эксперты БАЗА пры першай жа магчымасці могуць вас праінфармаваць пра падзеі ў Беларусі і рэгіёне, а таксама пракансультаваць па пытаннях двухбаковых адносін паміж Беларуссю і ЗША», – гаворыцца ў звароце.

Як раней паведамлялі амерыканскія СМІ, сваякі Джарэда Кушнера – ураджэнцы з Навагрудка. Падчас Халакоста яны беглі з Наваградскага гета і хаваліся ў беларускіх лясах, дзе ўдзельнічалі ў партызанскім руху. Бацька Джарэда Кушнера некалькі разоў наведваў Навагрудак, куды прывозіў унукаў, каб распавесці ім гісторыю сям'і.

tut.by паводле БелаПАН