“Мова нанова” ў Канадзе: Вялікае Княства Літоўскае

У Канадзе адбыліся чарговыя заняткі “Мова Нанова ў Таронта”, гэтым разам на тэму “Вялікае Княства Літоўскае”. Суботнім вечарам у Беларускiм Цэнтры Таронта сабраліся блізу шасцідзесяці чалавек.

На сьценах залі Цэнтру былі вывешаныя выявы Пагоні і старажытных гербаў беларускіх гарадоў. Ha стале, пакрытым бел-чырвона-белым сьцягам і аздобленым двума скрыжаванымі мечамі эпохі сярэднявечча, выставіліі шэраг кніг па гісторыі ВКЛ Міколы Ермаловіча і Ўладзімера Арлова, Статут ВКЛ 1588 г., гістарычныя энцыкляпэдыі на тэму заняткаў ды іншыя.

Кіраўніца праекту Ірына Тоўсьцік распачала вечарыну з прамовы пра злабадзённасьць азначанай тэмы, запатрабаванасьць яе ў цяперашні час, калі нашая гісторыя праз гaды панаваньня расейскай і савецкай гістарычных навук сталася настолькі сфальшаванай, а гістарычная памяць беларускага народу да такой ступені зьнявечанай, сьцёртай, што нацыя наблізілася да мяжы, за якою страта нацыянальнае ідэнтычнасьці зь непазьбежнаю зь цягам часу стратаю дзяржаўнасьці. Затым спадарыня Ірына прадставіла прысутным госьця – гісторыка Галіну Сяргееву, якая распавяла пра кнігу Алега Трусава “Гісторыя сярэднявечнай Эўропы V–XV стагоддзяў”, якая адна адным з першых у папулярнай айчыннай гістарыяграфіі выкладае асноўныя падзеі і зьявы гісторыі сярэднявечнай Эўропы зь беларускіх пазыцый. Затым спадарыня Галіна распавяла пра асноўныя этапы разьвіцьця нашае дзяржавы ў перыяд сярэднявечча і прычыны ягонага заняпаду напрыканцы XVIII стагоддзя. Галіна Сяргеева скончыла свой расповед тым, што мы павінны адраджаць гістарычную памяць народа, уздымаць яго нацыянальную сьвядомасьць, бо нацыя, што ня ведае свае гісторыі, ня мае будучыні.

Апрануты ў магнацкія строі першае паловыXVI стагоддзя, Алесь Кот, бразнуўшы адзін аб другі ліцьвінскім і крыжацкім мечамі, распачаў свой выступ са словаў, што гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя войнаў, а гістарычнаю заслугаю нашых дзядоў эпохі Сярэднявечча, сталася тое, што яны збудавалі моцную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае – і ў шматлікіх войнах з іншаземнымі захопнікамі адстойвалі ейную незалежнасьць. Наступствы дзяржаўна-грамадзкага разьвіцьця ВКЛ за перыяд ягонага паўтысячагадовага існаваньня сталіся настолькі фундаментальнымі і вызначальнымі ў фармаваньні мэнталітэту ліцьвінскага (беларускага) народу, што задушыць ягоную прагу да незалежнасьці і свабоды Расейская імпэрыя не змагла нават за 200 год акупацыі нашага краю. Распавёўшы пра найбольш значныя ваенныя перамогі Вялікага Княства Літоўскага над сваімі ворагамі (над крыжакамі пад Грунвальдам, маскоўцамі пад Воршай, залатаардынцамі на Сініх Водах), Алесь Кот спыніўся на бліскучай перамозе над войскам аднае з самых магутных на той час дзяржаваў Эўропы – Каралеўства Швэдзкага – пад Кірхгольмам (сучасны латвійскі Саласпілс) у жніўні 1605 г. Закрануўшы прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла ВКЛ, спадар Алесь распавёў пра так званае “Ліберум вета” – праве, якое мелі соймавыя дэпутаты ў Рэчы Паспалітай пачынаючы з другой паловы XVI і да канца XVIII стагоддзя. Выражалася яно выкрыкам дэпутата “не дазваляем”, што вяло да спыненьня песеджаньня сойму і адмены ўсіх прынятых на ім пастановаў, часам нават лёсавызначальных для дзяржавы. На гэтую тэму быў прадэманстраваны відэаролік з канала “Белсат” з расповедам доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча.

Алесь Кот скончыў свой выступ тэзісам пра геапалітычную ролю нашае старажытнае дзяржавы – ВКЛ стала бар'ерам на шляху Азійскіх Ордаў, у тым ліку й Масковіі (былы улус Джучы Залатое Арды), што імкнуліся ў Заходнюю Эўропу.

Алена Лявончанка паведаміла цікавыя факты з гісторыі стварэньня Статуту ВКЛ 1588 года, а таксама распавяла пра акалічнасьці набыцьця арыгіналу Статута магілёўскім краязнаўчым музеем.

Наведвальнікі заняткаў ''Мова Нанова ў Таронта'' па чарзе чыталі ўслых асобныя артыкулы Статуту на старабеларускай мове і перакладалі іх на сучасную мову. Таксама госці маглі выпрабаваць свае мастацкія здольнасці і ўласнаручна перапісаць тытульны аркуш Статуту, каб атрымаць памятны сувенір ад ''Мовы Нанова''.

Канадская дызайнерка заснавальніца кампаніі “Спірыт оф Беларус“ (“Дух Беларусі”) Ірына Варабей распавяла пра сваё першае знаёмства з шэдэўрам беларускага пісьменства часоў сярэднявечча – “Песьняй пра Зубра” Міколы Гусоўскага. Свае ўражаньні яна, у свой час, выклала ў нарысe “Краіна вольных волатаў”. Зачытваючы пэўныя радкі з паэмы, Ірына Варабей пачаргова агучвала адпаведныя сэнтэнцыі са свайго нарысу. Атрымаўся прыгожы расповед пра нашага дыплямата, які на ўсю Эўропу праславіў краіну ліцьвінаў.

Віталь Кошалеў цікава патлумачыў некаторыя падзеі з гісторыі ВКЛ. Ён сам, апрануты ў багатыя княскія строі, і яго жонка Паліна, апранутая ў скандынаўскія строі часоў сярэднявечча, несумненна прыцягвалі ўвагу прысутных.

Пасьля тэарэтычных заняткаў Ірына Тоўсьцік запрасіла гасьцей на “Баль у Радзівілаў”. Ролю гаспадароў выконвалі апранутыя па-магнацку Алесь і Сьвета Кот.

Як і павінна быць ў такіх выпадках, пачалося ўсё з павольнага нязмушанага шпацыраваньне па залі з шампанскім, каштаваньня прысмакаў, размоваў, знаёмстваў. Шмат хто падыходзіў да стала з кнігамі. Мужчыны зь цікаўнасьцю разглядалі мячы – некаторыя прызнаваліся, што ўпершыню трымалі зброяю сярэднявечча ў руках. Таксама госьці фатаграфаваліся са “спадарствам Радзівілаў” і княскай парай Кошалевых.

Нарэшце, прыгожыя, з натхнёнымі тварамі, спадарыні ў вячэрніх строях у суправаджэньні шляхотных кавалераў былі запрошаныя кіраўніцай гурта “Яваровы Людзі” Віялетай Кавалёвай на развучваньне палянэзу –старажытнага танцу, які быў папулярны і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Каралеўстве Польскім. За палянэзам надыйшла чарга паваны – павольнага ўрачыстага сярэднявечнага танцу. А калі прысутныя. стаўшы ў кола, узяліся за рукі і пачалі танчыць, прыстук сотні абцасаў аб падлогу з прыпляскваньнем у далоні стварыў у прасторы такую аўру духоўнай еднасці, што ажно дух заняло. Напэўна, у тым ліку й дзеля гэтага варта завітваць на такія вечарыны, як ''Мова Нанова ў Таронта''. Каб ня толькі атрымаць пэўную інфармацыю па гісторыі, культуры, мове Беларусі, але й тут, на чужыне, адчуць дух Беларушчыны, грамадзкую еднасьць, адчуць сябе неад'емнаю часткаю Беларускае Нацыі.