Расейскі ПЭН заяўляе, што Алексіевіч не была яго чальцом. І сам сябе абвяргае

Выканаўчы камітэт расейскага Пэн-цэнтру апублікаваў заяву, у якой сьцьвярджаецца, што Сьвятлана Алексіевіч ніколі не была чальцом гэтай арганізацыі.

«Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч ніколі не была чальцом расейскага ПЭНу, таму яе заява пра выхад гучыць дзіўна» — гаворыцца ў звароце пад назвай «Наш адказ Амэрыканскаму ПЭНу».

Заяву Расейскага ПЭН-цэнтру абвяргае сайт арганізацыі, на якім апублікаваная заява. У разьдзеле Архіў падзей на старой вэрсіі сайту ёсьць публікацыя з 2008 году. У ёй гаворыцца, што Сьвятлана Алексіевіч рэкамэндуе прыняць у шэрагі арганізацыі пісьменьніцу Надзею Ажгіхіну.

Паводле статуту Пэн-цэнтру, права на рэкамэндацыю маюць чальцы Расейскага ПЭН-цэнтра са стажам ня менш за два гады.

Чарговае пацьвярджэньне таго, што Сьвяталана Алексіевіч была чальцом расейскага Пэн-цэнтру апублікаваў Сяргей Пархоменка. Менавіта ў знак салідарнасьці зь ім нобэлеўская ляўрэатка пакінула шэрагі Пэн-цэнтру. Пархоменка апублікаваў на Фэйсбуку скан з архіўнай старонкі, дзе ў сьпісе сяброў значыцца Сьвятлана Алексіевіч.

Сяброўства Алексіевіч ў Пэн-цэнтры пацьвердзіў на мінулым тыдні ў тэлефоннай размове са Свабодай прадстаўнік арганізацыі.

— Добры дзень. Вас непакоіць Радыё Свабода з Прагі. Званю наконт былога чальца вашай арганізацыі Сьвятланы Алексіевіч.

— Чаму былога? Яна наш чалаец.

— А даўно?

— Гадоў 15 мінімум. Але гэта мой калега можа ўдакладніць. Яго цяпер няма. Пазваніце праз гадзінку.

— Некалькі гадзін таму Алексіевіч заявіла, што выходзіць ў Пэн-цэнтру праз выдаленьне зь яго Пархоменкі.

— Пажыцьцёвае выдаленьне. (сьмяецца)

— А як яна магла быць сябрам арганізацыі, калі яна грамадзянка Беларусі?

— Паводле Хартыі нашай арганізацыі. Можна быць сябрам некалькіх Пэн-цэнтраў адначасова. Той, каго прымаюць у нацыянальны ПЭН, аўтаматычна робяцца чальцамі міжнароднага. Гэта не перашкаджае быць чальцамі беларускага, украінскага і іншых ПЭНаў, — сказаў Свабодзе прадстаўнік арганізацыі з Масквы.

Фармальнай падставай для апошняга канфлікту ў Расейскім ПЭН-цэнтры стала выключэньне зь яго шэрагаў пісьменьніка Сяргея Пархоменкі. Пры канцы мінулага году ён разам зь іншымі сябрамі арганізацыі зьвярнуўся да Ўладзімера Пуціна з просьбай памілаваць украінскага рэжысэра Алега Сянцова. Сянцоў адбывае 20-гадовы тэрмін паводле абвінавачаньня ў экстрэмізьме.

Пасьля выключэньня Пархоменкі ПЭН-цэнтар пакінулі Леў Рубінштэйн, Барыс Акунін, Аляксандар Ілічэўскі і Сьвятлана Алексіевіч.

Дзьмітры Гурневіч, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение