Беларусы паднаціснулі: «Крывічы» з Іркуцку перамаглі ў інтэрнэт-галасаваньні за найлепшы нацыянальна-культурны цэнтар

Рэдкі ўдалы прыклад беларускай салідарнасьці: моладзевы клюб «Крывічы» па выніках рэйтынгавага галасаваньня на партале адміністрацыі Іркуцку заняў першае месца сярод чатырох дзясяткаў абʼяднаньняў нацыянальных аўтаноміяў.

Сьвята «Багач» у беларускай вёсцы Прыбайкальля

Перадусім тое стала магчыма дзякуючы высілкам вядомага рупліўца беларушчыны, актыўнага ўдзельніка «Крывічоў» Алега Рудакова, які дзеля перамогі ўзьняў ці ня ўсю інтэрнэт-прастору Беларусі. Зрэшты, цалкам заслужана: нідзе ў сьвеце, уключна з самой мэтраполіяй, беларускае нацыянальнае жыцьцё не віруе гэтак, як у Прыбайкальлі.

Памяркоўныя беларусы апярэдзілі гарачых каўказцаў

Нягледзячы на тэхнічную мудрагелістасьць онлайн-галасаваньня, беларусы набралі 41% ад усіх галасоў, пакінуўшы далёка ззаду суполкі буратаў, татараў, башкіраў, чувашоў, азэрбайджанцаў, армянаў, казахаў, узбэкаў, палякаў, літоўцаў ды іншыя. Каб атрымаць патрэбны вынік, Рудакоў некалькі тыдняў мэтадычна праводзіў піяр-кампанію сярод беларусаў ва ўсім сьвеце.

«Шаноўныя сябры, дзякуй вам! — з палёгкай напісаў Алег Рудакоў а 9-й гадзіне 12 сьнежня, разам з заканчэньнем галасаваньня. — Мы абавязкова паведамім, які прыз уручыць нашаму клюбу падчас урачыстай імпрэзы 16 сьнежня мэр горада Іркуцку. А пакуль выказваю ўдзячнасьць усім, хто знайшоў час і магчымасьць, каб прадэманстраваць сваё яднаньне з намі!»

Алег Рудакоў у нацыянальным строі

У конкурсе брала ўдзел яшчэ адна арганізацыя беларусаў — Іркуцкае таварыства беларускай культуры (ІТБК) імя Яна Чэрскага. 20 гадоў таму ля вытокаў яе нараджэньня стаяў усё той жа Алег Рудакоў. Аднак нейкі час таму ідэйныя супярэчнасьці з маладым актывам прымусілі вызваліць «лыжню» і сканцэнтравацца на дзейнасьці пад дахам «Крывічоў». Там кіраўніцай і каардынатаркай Воля Галанава — яе, як і іншых суродзічаў, вярнуў да каранёў галоўны сыбірскі беларус:

«У супольнасьць мы абʼядналіся яшчэ ў 1996 годзе, — робіць невялікі экскурс у гісторыю Алег Рудакоў. — Спачатку ўзьнікла адна рэгіянальная грамадзкая арганізацыя — Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. А неўзабаве, літаральна праз год, пачаў дзейнічаць моладзевы клюб „Крывічы“. Праўда, клюб мы афіцыйна зарэгістравалі толькі ў 2009-м, але першыя крокі зробленыя амаль 20 гадоў таму. Туды прыходзілі перадусім маладыя людзі, народжаныя ў Сыбіры ў трэцім, нават у чацьвёртым пакаленьні. У асноўнай масе гэта нашчадкі беларускіх перасяленцаў па сталыпінскай рэформе, а таксама зь семʼяў, эвакуаваных падчас Першай усясьветнай вайны, раскулачаных, рэпрэсаваных, савецкіх вайскоўцаў, добраахвотнікаў камсамольскіх будоўляў».

З кіраўніцай «Крывічоў» Воляй Галанавай

Адрозна ад высланых ці ад вымушаных перасяленцаў, Алег Рудакоў у Сыбіры апынуўся без аніякага прымусу. У 1985-м, пасьля заканчэньня вясковай школы на Полаччыне, паступіў у Цюменскую вышэйшую вайскова-камандную вучэльню, быў разьмеркаваны ў Іркуцк. На пэрыяд службы прыпаў развал Савецкага Саюзу, далей было безуладзьдзе ў арміі і скарачэньне асабовага афіцэрскага складу. Але на той час ужо завёў сямʼю, пачаў займацца вывучэньнем прысутнасьці беларусаў у Прыбайкальлі і застаўся — можа і на шкоду сабе, але на карысьць для беларускай справы:

«Калі пачалася праца дзеля абʼяднаньня беларусаў і былі зладжаныя першыя імпрэзы, сьвяткаваньні ў нацыянальным стылі, нас хутка заўважылі, зацікавіліся. Паколькі гэта адбывалася ў інтэрактыўным рэжыме, новы фармат спадабаўся. Нам зайздросьцілі іншыя нацыянальна-культурныя абʼяднаньні, дзівіліся: маўляў, чаму ў нас так шмат моладзі, а да іх ніхто не ідзе? Пры тым, што ў тых жа літоўцаў, палякаў існуюць цэлыя праграмы дзяржаўнай падтрымкі, ёсьць магчымасьць выпраўляць моладзь на свае гістарычныя радзімы. Але ўсё роўна чамусьці не спрацоўвала, не заваблівала. Галоўны адказ, безумоўна, у тым, што мы робім народныя, абрадавыя сьвяты з узаемнай сувязьзю. То бок калі людзі ня проста прыходзяць і назіраюць за дзеяй як гледачы, а бяруць у ёй актыўны ўдзел».

У «нулявыя» выявіўся падвышаны попыт на беларускасьць

Вярнуўшыся ў цывільнае жыцьцё, Алег Рудакоў атрымаў эканамічную адукацыю ў Іркуцкім дзяржаўным тэхнічным унівэрсытэце, а пасьля скончыў гістарычны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Паралельна займаўся беларушчынай, фактычна беларуская справа стала галоўнай у жыцьці. Тое, што мэтадам спробаў і памылак адаптаваў у ІТБК, цяпер пашырае і ўдасканальвае разам з «Крывічамі»:

Беларуская калядная каза на сыбірскім марозе

«У нас адразу ўзьніклі тэматычныя сэкцыі: па вывучэньні беларускай мовы, па вывучэньні абрадавых песень, па вывучэньні народных танцаў і г.д. Зьявіліся рамесьнікі — маладыя дзяўчаты, хлопцы, якія займаюцца ткацтвам, вышыўкай, саломапляценьнем, вырабляюць фібулы. Крок за крокам узьнік попыт на беларускую тэму, а ўнутры супольнасьці беларусаў Прыбайкальля вымалявалася мода на вывучэньне беларускай мовы. Для кагосьці, асабліва па беларускіх вёсках Сыбіры, яна ўвесь час заставалася роднай. Але для бальшыні тых, хто нарадзіўся тут у трэцім-чацьвёртым пакаленьнях, была ў навіну. Шмат хто дзякуючы нам пачуў яе ўпершыню. Такім чынам мы запачаткавалі моду на беларускасьць».

Калегі Рудакова не сумняюцца, што перамога ў конкурсе, які ініцыявала адміністрацыя Іркуцку, цалкам заканамерная — ніводная этнічная суполка ў рэгіёне не выяўляе такой актыўнасьці, як беларусы. У вёсках, некалі закладзеных беларусамі-перасяленцамі, з размахам ладзяцца традыцыйныя сьвяты — Каляды, Купальле, Дзяды, «Гуканьне вясны», «Багач», «Камаедзіца» ды іншыя.

Беларуская вечарына са сьвяточным застольлем у Іркуцку

Шмат гадоў працуе «Беларуская хата», дзе можна набыць сувэніры і традыцыйныя вырабы і замовіць вышыванку аўтарства Волі Галанавай. Ня так даўно ў горадзе запрацавала кавярня «Беларуская глеба». Шэф-кухары — адмыслова выпісаныя зь Беларусі знаўцы аўтэнтычнай кухні, а гаспадар установы, бізнэсовец Сяргей Глебец сёлета стаў сябрам «Крывічоў»:

«Раз-пораз ладзім „этнічны лікбез“, — кажа Алег Рудакоў. — Скажам, у абласной бібліятэцы Малчанава-Сыбірскага праводзілі адмысловую вечарыну, прысьвечаную беларусам. Яна складалася з трох асноўных блёкаў. Першым быў лекторый, падчас якога мы распавядалі, хто такія беларусы, чым яны адрозьніваюцца ад расейцаў, украінцаў; адкуль узяліся, як трапілі ў Сыбір, якія былі асноўныя плыні перасяленьня беларусаў. У другой частцы з нашым аўтэнтычным ансамблем „Крывічы“ прасьпявалі некалькі народных песень. Нарэшце, пры канцы ўсіх ахвотных навучылі беларускім танцам — скакалі падэспань, кракавяк ды іншыя. Усе, хто прыйшоў на сустрэчу (а сабралася больш за паўсотні чалавек), у адзін голас казалі, што вельмі спадабалася».

«Гэканьне» беларусаў выклікае падазрэньне

Як удакладняе Алег Рудакоў, на пачатку 1990-х тых, хто ў расейскай Сыбіры размаўляў між сабой па-беларуску, амаль не было. За выключэньнем хіба бабулек па вёсках, выхаваных бацькамі-перасяленцамі. Але ў нулявых карціна зьмянілася: паўстала моцная супольнасьць маладых людзей, якія цікавіліся сваім паходжаньнем, хацелі ведаць мову продкаў. Гэта знаходзіла разуменьне і цікавасьць у жыхароў, якія разам з нашчадкамі беларусаў ахвотна наведвалі літаратурныя і гістарычныя вечарыны.

Нумар «Крывічоў» на фэстывалі нацыянальных культур

Але апошнім часам адчулася ня вельмі добрая тэндэнцыя — насьцярожанае стаўленьне да ўсіх нярускамоўных. Асабліва гэта абвастрылася пасьля пачатку збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны:

«Быў выпадак, выбраліся на адну імпрэзу. З намі паехаў малады чалавек, дарэчы, зь беларускімі каранямі. Як толькі мы пачалі размаўляць па-беларуску, ён перапыніў: „А что это вы все по-белоруски, не можете, что ли, по-русски?“. То бок яўная нэгатыўная рэакцыя. Дый простае назіраньне: калі раней мы выпраўляліся на нейкае сьвята па вуліцы ў нацыянальных строях, размаўлялі між сабой па-беларуску, на нас глядзелі цалкам добразычліва. А цяпер ужо досыць напружана: хто такія, пра што там па-свойму „гэкаюць“? Стаўленьне адчувальна зьмянілася за апошні час, калі ў СМІ пайшло нэгатыўнае асьвятленьне падзеяў ва Ўкраіне, калі фармуецца варожы вобраз украінцаў. І гэтая нэгатыўная кампанія, безумоўна, уплывае на розум людзей, на розум простых жыхароў, для якіх розьніцы паміж усімі, хто „ня рускі“, часьцяком няма».

З актывістамі нацыянальных суполак Прыбайкальля

Паводле афіцыйных зьвестак адміністрацыі Іркуцку, які адпачатку фармаваўся як горад перасяленцаў, тут пражываюць прадстаўнікі 120 нацыянальнасьцяў. Адны этнічныя групы ўкарэненыя тут здаўна — бураты, башкіры, эвенкі, чувашы, карэйцы, беларусы, украінцы, палякі, габрэі. Іншыя прадстаўляюць новыя дыяспары — армяне, таджыкі, кіргізы, чачэнцы, туркмэны і г.д. На гэты момант зарэгістравана 39 нацыянальна-культурных абʼяднаньняў, якія працуюць з рознай ступеньню актыўнасьці.

Конкурс на лепшую этнічную супольнасьць ладзіцца ад 2011 году дзеля падтрымкі і заахвочваньня ініцыятыў, арыентаваных на захаваньне нацыянальных моваў, традыцый і культуры. Бюджэт імпрэзы — 300 тысяч расейскіх рублёў, у эквіваленце 5 тысяч даляраў.

Ігар Карней, “Радыё Свабода”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение